Валер Руселік: Да адвечнае спрэчкі: святкаваць ці не святкаваць?
Уладзімір Някляеў: Наагул, гэта міжнароднае свята – па сутнасці, дзень барацьбы жанчын за свае правы. Але Саветам не патрэбная была такая трактоўка свята, яны прыдумалі тое, што на сёння ёсць.
У свой час я удзельнічаў у гульнях КВН, і якраз на 8 сакавіка мы напісалі з Віктарам Ледвіным сцэнку:
Грукат у дзверы. «Хто там?». «Гэта я, Іван. Я прынёс табе туліпан.» Яна адчыняе, а ён падае мордай у падлогу.
Гэты дзень дае магчымасць сказаць тым, каго мы кахаем, некалькі словаў, якія мы чамусьці ў іншыя дні не кажам.
Ці пішуцца сёння кніжкі пра жанчын?
Уся сусветная літаратура звязаная з каханнем і жанчынамі. Напрыклад, «Дон Кіхот»: можна выкручваць, што заўгодна з таго, што аўтар хацеў сказаць, можна забыцца на лінію з Дульсінеяй, але яна – асноўная, галоўны герой робіць усё дзеля яе.
З кахання ўсё пачынаецца і ім усё сканчаецца.
У час, калі выходзіла мая першая кніжка «Адкрыццё», першы верш у зборніку – так званы «паравозік» – павінен быў быць прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Леніну ці партыі.
А ў мяне было:
«Ты воблакам плыла – рукою не дастаць,
Свяцілася ледзь-ледзь над рэчкай і над морам
Ад слоў маіх плыла, што я сказаў учора,
Да слоў маіх плыла, што заўтра меў сказаць.
Ты воблакам плыла між небам і зямлёй…»
Жанчыны, любыя і каханыя, будзьце літасцівыя да нас, іванаў з цюльпанамі.
Глядзіце ўсю размову ў відэа.