Ці вернецца Кастусь Каліноўскі ў Беларусь?

Усё напісана: Кастусь – наш Герой. Але загразлы ў штодзённай руціне дзяржаўны апарат пакуль інертны.

Не адгрымелі ўрачыстасці з нагоды дня народзінаў Кастуся Каліноўскага. 2 лютага прадстаўнікі ўладаў не выступілі на ўрачыстасцях, арганізаваных па ўсёй Беларусі. Школьнікі Гарадзенскай вобласці цэлымі класамі не ўскладалі кветкі да помніка Кастусю ў горадзе Свіслач, а ў Менску не зрабілі тое ж пры памятнай шыльдзе Героя на вуліцы Каліноўскага. Улады Горадні паскоранымі тэмпамі не дарабляюць помнік Кастусю Каліноўскаму, рэалізуючы рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму, прынятае ажно ў кастрычніку 1989 году. Ну, не паспелі.

Аб’ектыў
Згадваем Каліноўскага: як сын шляхціча паказаў сялянам, чаму варта жыць у свабодзе
2019.02.02 21:29

На жаль, усяго мной напісанага не адбылося. Пакуль не адбылося. І праблема не толькі ў інертнасці і нежаданні ўладаў, але і ў нас саміх. Ніхто не забараняе прадстаўнікам партый і рухаў ускласці кветкі і запаліць знічы каля памятнай шыльды Кастуся Каліноўскага ў Менску. Ці было б добра, каб гэта зрабілі жыхары вуліцы, якая носіць імя нашага Нацыянальнага Героя. Нават не трэба нікуды ехаць: выйшаў з дому – і ты на месцы. Упэўнены, што не будзе за гэта пераследу. Проста падыйсці і пакінуць кветкі ці зніч, аддаць даніну павагі.

Памятная шыльда Кастуся Каліноўскага ў Менску.
Фота: АртСядзіба

Нехта можа прыгадаць, што ў мястэчку Свіслач за ўдзел у Фэсце памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. былі рэпрэсіі. Так, на жаль штрафавалі, але толькі таму, што мы дазваляем гэтаму адбывацца. Гэта мы не прысутнічаем на Фэсце, які адбываецца кожны год напрыканцы кастрычніка. Калі б там былі тысячы, то не было б ніякіх штрафаў. Але ж прыязджае толькі некалькі дзясяткаў гарадзенцаў…

Фота
За ўскладанне кветак да помніка Каліноўскаму – штраф 4,5 млн рублёў
2015.11.19 19:51

У нас арганізоўваецца не так шмат важных мерапрыемстваў. Варта нам усім там быць – тады гэта дасць вынік. Усё зменіцца эвалюцыйным шляхам. Ніхто не забараняе нам размаўляць па-беларуску і выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Давайце праяўляць ініцыятыву і не баяцца.

4 лютага – дзень народзінаў Андрэя Тадэвуша Банавентура Касцюшкі. Памятаеце, як паўсталі яму помнікі ў Швейцарыі і Беларусі? Некалькі чалавек узяліся за справу – і ёсць вынік. Хлопцы знайшлі аргументы нават для ўлады, якая ўключылася працэс і дапамагала.

Hавiны
Ля Косава ўрачыста адкрылі помнік Тадэвушу Касцюшку. Фотарэпартаж
2018.05.12 14:47

Тадэвуш Касцюшка з трыумфам вярнуўся ў Беларусь, і зараз, на мой погляд, чарга за Кастусём Каліноўскім.

У Вільні на гары Гедыміна зараз адбываюцца раскопкі. Ужо знойдзеныя парэшткі 20 паўстанцаў. Верагодна, там ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага.

Літоўскімі спецыялістамі праводзіцца ідэнтыфікацыя знойдзеных асоб і летам 2019 года плануецца перапахаванне. Вышэйшыя асобы Літвы і Польшчы аддадуць даніну пашаны паўстанцам. Беларуская дзяржава пакуль відавочнай зацікаўленасці не праяўляе. Хачу звярнуцца ўсіх мудрых і патрыятычных прадстаўнікоў улады. Кастусь Каліноўскі – такі ж сын нашага народу, як і Тадэвуш Касцюшка.

Аб’ектыў
Парэшткі Кастуся Каліноўскага знайшлі? Ідэнтыфікацыя зойме паўгода
2017.02.15 21:28

Справу вяртання Кастуся Каліноўскага ў Беларусь можна вырашыць супольнымі намаганнямі грамадскасці і ўлады. Пакуль мы не ведаем планаў кіраўнікоў Беларусі. Але можам дапамагчы ім прыняць правільнае рашэнне.

Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч Макей, звяртаюся да Вас асабіста. Вы, як міністр замежных спраў Беларусі, можаце зрабіць каласальны крок па ўзмацненню незалежнасці Беларусі.

Кожны, прачытаўшы гэты тэкст, можа зрабіць свой унёсак у справу. Нават на вокладцы газеты «Рэспубліка» заўсёды былі словы Кастуся Каліноўскага: «Не народ для ўрада, а ўрад да народа». Да справы, сябры!

Анатоль Міхнавец, Беларуская Нацыянальная Памяць

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў