Ці варта бегчы ў абменнікі? Адказваюць эканамісты

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Курс долара ў Беларусі пабіў рэкорд, падскочыўшы да 2,35 рублёў. Еўра таксама вырас – амаль на 16 капеек і цяпер складае 2,67 беларускіх рублёў. Гэта адбываецца на фоне рэзкага падзення цэн на нафту і як вынік – абвалу расейскага рублю. Belsat.eu разам з экспертамі тлумачыць, якія наступствы чакаюць беларускі рынак і ці варта беларусам ужо сёння актыўна набываць долары.

Напрыканцы мінулага тыдня краіны ОРЕС не здолелі дамовіцца з Расеяй аб скарачэнні здабычы нафты ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу і разарвалі дамову, якая рэгулявала сусветныя кошты на энергарэсурс апошнія тры гады. Саудаўская Аравія ўвяла максімальную зніжку на імпарт сваёй нафты ў ЕЗ і ЗША. Кошты на яе абваліліся на 30% упершыню з 1991 году. Фактычна гэта азначала пачатак цэнавай вайны з Расеяй.

У «Раснафце» завілі, што здзелка не была ў інтарэсах Расеі, паколькі аб’ёмы здабычы, якія скарачаліся, нібыта замяшчаліся гульцамі па-за дамовай.

9 сакавіка, чэргі каля абменнікаў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Следам за коштам на нафту абвалілася і расейская валюта, а пасля – беларускі рубель, які моцна да яе прывязаны. Ці захаваецца ў перспектыве падобная дынаміка? Чаго чакаць ад сусветных рынкаў у бліжэйшы час?

«Кошты на нафту дасягнулі дна»

Старэйшы аналітык групы кампаніяў Forex Club Валер Палхоўскі кажа, што развіццё сітуацыі ў Беларусі будзе залежыць ад стану расейскага рублю і падзення долару ў Расеі.

«Гэтая наўпроставая карэляцыя абсалютна зразумелая. Расейскі рубель, у сваю чаргу, будзе залежыць ад коштаў на нафту. Яны, на мой погляд, свайго дна ўжо амаль дасягнулі. Мне зразумелы дэмарш Саудаўскай Аравіі, але трэба разумець, што іхная пазіцыя ў гэтым канфлікце значна слабейшая за расейскую», – тлумачыць ён.

Справа ў тым, што саудаўская нафта каштуе каля 80 долараў за барэль і калі яны пачнуць імкліва зніжаць кошт – моцна пацярпяць золатавалютныя рэзервы краіны.

Ступень падвышанай храновасці: у паветры пахне крызісам 2011 году

«Гэтак ужо было ў 2015 годзе, калі яны праз нізкія кошты на нафту патрацілі 30% сваіх золатавалютных рэзерваў. А расейскі бюджэт тым часам балансуецца за кошт адносна нязначнай дэвальвацыі рублю, якая ўжо адбылася. І нават калі цяпер гэта будзе 30 долараў за барэль – сярэднегадавы кошт усё адно атрымаецца не менш за 36. Таму на шантаж кшталту «калі вы не скараціце здабычу – мы зальем свет таннай нафтай» Расея пагаджацца не будзе. І з саудаўскага боку прыйдзе супакаенне, бо ім таксама невыгодна за пару гадоў з’есці свае рэзервы», – мяркуе эксперт.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што да курсу валют, на думку Палхоўскага, расейскі Цэнтральны банк не будзе цяпер праводзіць маштабную дэвальвацыю, а, наадварот, паспрабуе «улагодзіць вострыя вуглы».

«Наўрад ці хтосьці будзе прадаваць нафту менш, чым па 30 долараў. Гэта значыць, кошты дасягнулі дна і паніжэння чакаць ужо не варта. Таму і тэрмінова мяняць свае ўклады на долары беларусам сэнсу няма. Ісці ў абменнікі трэба было загадзя, а цяпер, калі нафта па 30, я нейкага доўгатэрміновага падзення не чакаю», – дадае Валер Палхоўскі.

«Галоўнае – што будзе з нафтай». Ці будзе абясцэньвацца беларускі рубель услед за расейскім?

«З беларускім рублём не адбываецца нічога»

Фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб пацвярджае, што вострай неабходнасці «бегчы ў абменнікі» сёння няма.

«З беларускім рублём як такім па стане на панядзелак не адбываецца нічога. На беларускім рынку проста адбіваюцца вонкавыя працэсы», – мяркуе ён.

Будучая дынаміка, паводле Іосуба, будзе цалкам залежыць ад коштаў на нафту.

«Раніцай кошт на марку Brent упаў да 32 долараў за барэль, але неўзабаве пачаў расці. Цяпер яна таргуецца каля 36 долараў за барэль. Нават у адсутнасці новых дамоваў ОРЕС нафта можа аднавіцца прыкладна да 40 долараў і, адпаведна, расейскі рубель пачне аднаўляцца да долара. На беларускім валютным рынку гэта будзе азначаць плаўны рост расейскага рублю з мінімумаў панядзелка і плаўнае паніжэнне долара з максімумаў панядзелка», – адзначае аналітык.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На ягоную думку, «бегчы ў абменнікі» беларусам асабліва няма з чым. Калі людзі захоўваюць дома пэўную суму ў беларускіх рублях на штодзённае жыццё, прадукты і аплату камуналкі – то што б ні адбывалася, мяняць іх бессэнсоўна.

«Людзі ж, якія маюць значныя зберажэнні ў беларускіх рублях, хутчэй за ўсё, трымаюць іх у выглядзе банкаўскіх дэпазітаў пад 12% гадавых. Але ў новых умовах я б параіў палову сродкаў пакінуць на гэтых дэпазітах, а другую палову падзяліць на долары і еўра. Ваганні на валютным рынку будуць не моцна біць па такім дыверсіфікаваным партфелі», – кажа Вадзім Іосуб.

***

Тым часам прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паабяцаў, што Нацбанк не будзе штучна стрымліваць курс беларускага рублю ва ўмова аслаблення расейскага. Арыентацыя на рынкавую кан’юнктуру дапаможа дзяржаве пазбегнуць марнавання золатавалютных рэзерваў, прагназуе Румас.

КА belsat.eu

Hавiны