Ці ўчыніць Лукашэнка Пуціну скандал з біццём інтэграцыйнага посуду?

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Беларускі ўрад спрабуе ўявіць дзіркі ў бюджэце-2020 праз тое, што Масква працягвае перавод Менску на жорсткую фінансава-эканамічную дыету. Аляксандр Лукашэнка пакуль маўчыць, адседжваючыся ў Эміратах, але не выключана, што паміж саюзнікамі наспявае вялікі скандал.

Пры абмеркаванні ў беларускім парламенце праекта бюджэту на будучы год вылезла вонкі тая непрыемнае акалічнасць, што Масква мае намер скончыць справу з гэтак званай перетаможкай 6 млн тонаў сваёй нафты. Каб не грузіць падрабязнасцямі – гэта быў такі пернік беларусам за даражэйшы газ.

Цяпер пернік адбіраюць, і гэта мінус 423,6 млн долараў.

Другая дзірка – яшчэ 239,3 млн долараў – узнікне праз падатковы манеўр ў расейскай нафтавай галіне, наступствы якога для беларускай эканомікі (губляецца навар ад нафтаперапрацоўкі) Масква адмаўляецца кампенсаваць. Для Беларусі гэта адчувальныя страты.

Прыходзіцца уціскацца перад выбарамі

Дадайце сюды невядомасць з коштам на расейскі газ з 2020 года (Менск хоча цэннік Смаленскай вобласці, але як бы «Газпром» не ўзняў яго яшчэ вышэй), адмова Масквы выдаваць ужо абяцаныя крэдыты – і вось вам красамоўная карціна таго, як Лукашэнка прымушаюць да «паглыбленай інтэграцыі».

У выніку беларускі бюджэт у наступным годзе ўпершыню за доўгі час апынецца дэфіцытным. Запланавана і прыкметнае (на 17,3%) змяншэнне золатавалютных рэзерваў, паколькі прыйдзецца разлічвацца па знешніх даўгах.

Гэта зацягванне фінансавага пасу для нязменнага беларускага прэзідэнта зусім не дарэчы, паколькі ў 2020-м ён ідзе на выбары, перад якімі, наадварот, не грэх улагодзіць электарат. Крэмль ўмее біць у балючае месца.

Як моркаўка перад носам восліка

Нагадаю, што ў верасні прэм’еры Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў парафіравалі праграму паглыблення інтэграцыі. У Менску відавочна спадзяваліся, што пасля гэтага Масква раскрые засекі. Але чорта з два. Крэмль скеміў, наколькі выкрутлівы беларускі партнёр і, мяркуючы па ўсім, на гэты раз вырашыў даціскаць метадычна.

І беларускае начальства стала закіпаць. 1 кастрычніка міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв’ю РБК эзопавай мовай даў зразумець: прыгожы план, каб прэзідэнты падпісалі праграму паглыблення інтэграцыі і зацвердзілі прыкладзены да яе набор дарожных карт да 20-годдзя Саюзнай дзяржавы, гэта значыць 8 снежня, можа паляцець у тартарары, «калі мы не вырашым сённяшнія праблемы». Канкрэтна: падатковы манеўр, пастаўкі сельгаспрадукцыі, цэны на нафту і газ.

Лукашэнка пакуль трымае паўзу, але, ведаючы яго характар, цалкам можна дапусціць, што ў снежні грымне вялікі барабум з біццём інтэграцыйнага посуду.

Бо Масква зараз выкарыстоўвае здзеклівы прыём тыпу морквы перад носам восліка, прымушаючы Менск бегчы па вузкім калідоры, у канцы якога свеціць мяккі аншлюс.

Калі ў рэчышчы выканання дарожных карт Беларусь пяройдзе дэ-факта на нормы расейскага заканадаўства (смешна думаць, што маскоўскія чыноўнікі стануць ламаць, напрыклад, родны падатковы кодэкс ва ўгоду беларусам), а затым і на расейскі рубель, то паглынанне яе эканомікі, а ўслед і з’ядзенне суверэнітэту стануць для Крамля справай тэхнікі.

«Незыгарь» троліць?

Тэлеграм-канал «Незыгарь»

5 лістапада укінуў нібыта-інфу, што быццам Лукашэнка тэлефанаваў з Эміратаў Уладзіміру Пуціну, скардзіўся на непадатлівасць яго ўрада і даваў зразумець, што толькі пасля атрымання жмені пернікаў ад Масквы магчыма ўрачыстае падпісанне пагадненняў па «паглыбленай інтэграцыі».

Не выключана, што гэта чарговая дэза і тролінг загнанага ў цяжкую сітуацыю саюзніка. Але ў прынцыпе інтэнцыі беларускага кіраўніцтва схоплены адэкватна.

Лукашэнка вымушаны упірацца, патрабаваць свайго і рыхтавацца да скандалу, калі Масква ў бліжэйшыя тыдні не пойдзе на саступкі, перш за ўсё па нафце і газу.

Можна дапусціць, што Пуцін дасць адмашку на нейкае змякчэнне перамоўных пазіцый, але вяртання да тлустых для Менску гадоў нафтавага афшора ды іншых выгод паводле формулы «Расея – шчодрая душа» ужо напэўна не будзе.

Куды ні кінь, усюды клін

Перад Лукашэнкам ж у выпадку адмовы падпісваць «паглыбленую інтэграцыю» на ўмовах Масквы рубам паўстае пытанне аб даўно наспелых структурных рэформах. У прынцыпе МВФ гатовы даць грошы, але для гэтага прыйдзецца ламаць звыклы, зручны для аўтарытарнага кіраўніка лад эканомікі, ступаць на слізкі лёд пераўтварэнняў, якія пагражаюць пахіснуць любоўна выбудаваную сістэму.

Меркаванні
Чаму Лукашэнка не Пётр I
2019.10.30 17:19

І другі момант: калі наравісты беларускі лідэр адважыцца зараз кінуць пальчатку Крамлю, то вельмі верагодны жорсткі адказ у кантэксце будучых прэзідэнцкіх выбараў. Прычым адказ як эканамічны (наогул саджаем на галодны паёк), так і палітычны (а ці не хочаце кандыдата ад «рускага свету», падтрыманага і матэрыяльна, і ўсёй моцай расейскай прапагандысцкай машыны?).

Між тым папулярнасьць Лукашэнкі, мяркуючы па ўскосных прыкметах (незалежная сацыялогія разгромлена), моцна здзьмулася, а вось Пуціну многія беларусы сімпатызуюць. Так што ў Крамля ёсць поле для гульні.

Увогуле, можна меркаваць, што ў гэтыя дні нават райскія рэаліі Эміратаў не вельмі цешаць беларускага правадыра: куды ні кінь, усюды клін.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў