Ці прыжывуцца новыя правілы ў старой школьнай сістэме?

Навучанне ў школах аднавілася. Частка школьнікаў вярнулася ў родныя пенаты. І настаўнікаў, і дзяцей у школе чакала новая арганізацыя навучальнага працэсу, новыя правілы зносінаў. Ці атрымаецца іх выконваць?

Тых, хто пабываў у скуры настаўніка, здзівіць складана. Я выкладаў у школе 10 гадоў. Першым і апошнім маім здзіўленнем было пачутае на парозе школы папярэджанне: «Забудзься пра ўсё, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце!» Што іерархічны механізм «Міністэрства адукацыі – ВНУ – школы» працуе рыпуча і тужліва, я зразумеў амаль адразу. Праўда, падазраваў, што ў пэўных сітуацыях гэтыя адукацыйныя інстытуцыі жывуць асобным жыццём.

Гомельская сярэдняя школа №15. Фота belsat.eu

Найбольш яскравы прыклад у маім досведзе – увядзенне 10-бальнай сістэмы адзнак у школах у 2002-ім годзе. Не будзем падводзіць вынікі рэформы, а спынімся на тым, як гэтую 10-балку распрацоўвалі. Само сабою, у настаўнікаў ніхто не запытаўся, ці ёсць патрэба ў іншай сістэме адзнак. Меркаванне настаўнікаў – справа другасная, як і тое, як яны сабе ў новых умовах будуць даваць рады. Міністэрскія высакалобыя дзядзечкі і цёцечкі не асабліва «замарочваліся» структурнасцю ў распрацоўцы рэформы! Невялічкая інструкцыя, якую разаслалі па школах, утрымлівала абсалютна туманныя тэзісы, хутчэй за ўсё, не зразумелыя нават аўтарам гэтага дакументу. Цынічнасць сітуацыі была ў тым, што дапрацаваць рэформу і несці адказнасць за яе эфектыўнасць загадалі самім настаўнікам.

Hавiны
У вакацыі настаўнікі будуць «выседжваць гадзіны» замест таго, каб пайсці на каранцін
2020.03.27 10:33

Асабліва цяжка было «фізкультурнікам»: калі ставіць вучню «10»? «Дзясятка» ставілася толькі за «творчы падыход». Напрыклад, здача нарматыву – скок праз «каня». У настаўніцкім асяроддзі хадзіў жарт: каб атрымаць вышэйшую адзнаку, школьнік, пад час палёту над гімнастычным снарадам, павінен паспець прачытаць верш, а пасля прызямлення, даказаць тэарэму Піфагора!

Гомельская сярэдняя школа №15, здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота belsat.eu

Выкручвацца самастойна настаўнікі будуць і ў новай сітуацыі. Бо на іхныя вузкія, у асноўным, жаночыя плечы, усклалі новыя праблемы. Каранцін не ўведзены, але бацькі маюць права і не пускаць сваіх дзетак у школу. Мінадукацыі не мае канкрэтнай «метадычкі», як арганізаваць навучанне гэтых вучняў. Чыноўнікі кажуць: маўляў, навучайце дыстанцыйна. А як? Як атрымаецца! Наконт «дыстанцыйкі» прадстаўнікі Мінадукацыі правялі нават онлайн-канферэнцыю, па выніку якой у арганізатараў навучальнага працэсу паўстала яшчэ больш пытанняў. Менскі інстытут развіцця адукацыі стварыў адмысловую праграму, але ці яна запрацуе сістэмна? Ці ўсе настаўнікі тэхнічна гатовыя да новых рэаліяў?

Пра грашовыя даплаты, якія абяцаюць настаўнікам за «лішнія гадзіны», я прамаўчу. Самае галоўнае пытанне: як гэтыя гадзіны выкраіць у без таго занятых соднях настаўніка?

  • Адпрацаваць паўдня ў школе,
  • дома правяраць хатнія і кантрольныя,
  • рыхтавацца да новых урокаў,
  • выканаць бацькоўскія, хатнія і сужэнскія абавязкі.

Калі займацца «дыстанцыйнікамі»?!

Яшчэ адзін новы галаўны боль – новыя правілы арганізацыі вучэбнага працэсу ў школах ад Мінадукацыі.

Коратка прабягуся па некаторых правілах…

Фота «Белсат»

Навучанне школьнікаў з аднаго класу ў адным кабінеце

Гучыць разумна. Арганізацыю пакладуць, напэўна, на плечы класных кіраўнікоў, бо гэтак было заўсёды. Але тут існуе шмат гэтых самых «але». Па-першае, не кожны класны кіраўнік мае свой уласны кабінет. У прыклад – той жа настаўнік фізічнай культуры. Ягоны клас не можа навучацца ў спартовай залі. Па-другое, можна паставіць крыж на лабараторных па фізіцы і хіміі. Але і гэта не самае важнае. Самае важнае – трэцяе, што кабінетаў можа папросту не хапіць! Але дапусцім, што з кабінетамі разабраліся. Чыноўнікі прапаноўваюць садзіць вучняў за партаю па аднаму! Хто наведваў сярэднестатыстычную беларускую школу, памятае, што ў школьным кабінеце стаіць па 15-18 партаў. Што рабіць, калі вучняў, напрыклад, 27 ці 31?

Абавязковае выкарыстоўванне масак

Я прамаўчу пра тое, што гэтых масак дагэтуль не знойдзеш у аптэках. Калі і знойдзеш, то марлевыя, зусім неэфектыўныя. Дапусцім, што праблема з маскамі вырашыцца, што іх закупяць і завязуць, ці кожнаму бабуля пашые. Але як гэтых хлопцаў і дзяўчынак прымусіць увесь час іх не здымаць?

Кожны мае мець антысептык

Не адкрыю галактыку, калі скажу, што не ўсе бацькі маюць грошы на антысептыкі. Абавязкова будуць і такія, што лепей сабе набудзе пляшку віна, чым паклапоціцца пра здароў’я дзіцяці. Такое дзіця не пусцяць у школу ці як? Дапусцім, што на антысептыкі выдаткуюць грошы. Іх закупяць і паставяць у кожным кабінеце. Але ці бюракратычная сістэма здолее гэта правярнуць за такі кароткі тэрмін? А яшчэ ж трэба навучыць дзяцей, што спрабаваць антысептыкі «на зуб» не трэба. Што нельга пырскаць імі ў вочы аднакласнікаў. Гэта гучыць для кагосьці гіпертрафіравана, але толькі не для настаўнікаў…

Пазбяганне цялесных кантактаў

Ці гэта наагул магчыма? Складаецца ўражанне, што параду пісалі не беларускія чыноўнікі, а прадстаўнікі іншапланетнай цывілізацыі разумных слімакоў! Бо толькі іншапланетнікі не бачылі школьнага гармідару пад час пераменак!

Не хачу займацца суцэльным крытыканствам. Цалкам зразумела, што эпідэмія каронавіруса – гэта складаны выклік і не толькі для Беларусі. Зразумела яшчэ і тое, што Міністэрства адукацыі – закладнік агульнай дзяржаўнай палітыкі, якая выклікае разгубленасць у саміх чыноўнікаў. Адказнасць у такіх умовах прасцей перакласці на плечы непасрэдных выканаўцаў. Гэтак – уніз па лесвіцы, а там разбяруцца. Не разбяруцца – публічна дамо па шапцы! Праблема ж у нас новая, а сістэма старая, жалезабетонная.

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў