Ці прасіў мітрапаліт Кандрусевіч прах Каліноўскага ў Літвы?

Ці звяртаўся каталіцкі арцыбіскуп, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да літоўскіх уладаў з просьбаю перадаць Рэспубліцы Беларусь частку парэшткаў Кастуся Каліноўскага і пры чым тут экс-міністр замежных справаў Беларусі Пятро Краўчанка?

Цэлы тыдзень не сціхаюць баталіі вакол тэмы перапахавання Кастуся Каліноўскага. Звычайнаму чалавеку не хапіла б часу разабрацца ў шматлікіх заявах, выказваннях ды зваротах, сярод якіх няма, бадай, галоўнага: голасу афіцыйнага Менску. А менавіта ад пазіцыі ўладаў Беларусі залежыць, вернуцца парэшткі героя бліжэйшым часам у Беларусь ці знойдуць свой спачын у Вільні. Не развязала справы і размова кіраўнікоў беларускай і літоўскай дыпламатыі ў Нью-Ёрку. Лінас Лінкявічус запрасіў Уладзіміра Макея на ўрачыстасці перапахавання ў Вільню. Што дакладна адказаў Уладзімір Макей, невядома.

Аляксандр Лукашэнка – адзіны чалавек, які сёння ў стане змяніць хаду справы з перапахаваннем парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Няма нават ценю сумневу, што без звароту афіцыйнага Менску беларускі нацыянальны герой знойдзе свой спачын у капліцы паўстанцаў на віленскіх могілках Росы, як гэта і было запланавана раней.

Каментуе Аўдронюс Ажубаліс, чалец Сейму Літвы, партыя «Хрысціянскія дэмакраты», міністр замежных справаў Літвы (2010–2012):

«Мы не атрымалі афіцыйнага запыту з Менску, так што няма і пра што дыскутаваць. Бо які б ні быў рэжым, ён адказны за нейкі парадак ды можа даць нейкія гарантыі таго, што было б з парэшткамі, калі Літва прыняла б рашэнне аб перадачы».

Афіцыйную пазіцыю Літоўскай Рэспублікі агучыў для «Белсату» віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс:

«Мы ніякіх перамоваў не пачыналі аб гэтым пытанні, афіцыйныя ўлады Беларусі таксама не звярталіся да нас. Мы атрымалі зварот інтэлектуалаў суседняй краіны, а таксама, наколькі я разумею, адбывалася дыскусія паміж Касцёлам Літвы і Беларусі».

Што тычыцца ролі Беларускага касцёлу ў справе вяртання парэшткаў Каліноўскага ў нашую краіну, то ёсць істотныя разыходжанні меркаванняў. Літоўскі віцэ-канцлер цвердзіць, што Беларускі каталіцкі касцёл вёў размовы з прадстаўнікамі Літоўскага касцёлу. Іншы дэпутат літоўскага Сейму, Мантас Адаменас, на пытанне, хто пачаў дыялог аб вяртанні Каліноўскага ў Беларусь, увогуле робіць сенсацыйную заяву:

«Наколькі я ведаю, першы зварот быў ад Менскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча: перадаць частку цела ці частку парэшткаў. Абмеркаванне пачалося, мне так здаецца, тады, калі звярнуўся арцыбіскуп Менскі. Гэта было некалькі месяцаў таму. Пасля гэтага ўсім патрэбны нейкі час, каб саспець.

Афіцыйны прадстаўнік Беларускага каталіцкага касцёлу кажа, што гэта нейкая памылка. Каментуе прэс-сакратар, ксёндз Юрый Санько:

«Мітрапаліт такога звароту не накіроўваў, я магу вас стопрацэнтна ў гэтым запэўніць. Увесь час ёсць сувязь з арцыбіскупам Грушасам (арцыбіскуп Літоўскага каталіцкага касцёлу. – заўв. «ПраСвету»), які таксама кажа, што гэта не справа Касцёлу, гэта справа дзяржавы. Мітрапаліт, я на 100 адсоткаў у гэтым упэўнены, з такой справай не звяртаўся. Да метрапаліта прыходзіла нашая інтэлігенцыя, яны размаўлялі. І можа, нашая інтэлігенцыя ў размовах спаслалася на метрапаліта, што метрапаліт не супраць, калі будзе такое пытанне? Мы ў любым выпадку падтрымаем, якое б ні было рашэнне. Былі ў метрапаліта прадстаўнікі, нават некалькі разоў, былы міністр (замежных справаў Беларусі) Краўчанка. Ён таксама ўздымаў гэтае пытанне. Яны размаўлялі з ім, але я на 100 адсоткаў упэўнены, што мітрапаліт не стасаваў ніякага ліста і не пісаў».

І калі ў гісторыі з Беларускім касцёлам ёсць хоць нейкая канкрэтная пазіцыя: мітрапаліт падтрымае любы вынік справы, то з уладамі Беларусі ніякае яснасці няма. Няма ні адназначнага «не», ні хоць нейкага намёку на «так». Амаль не заўважныя галасы прагучалі толькі з боку двух дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Марзалюк у каментары «Нашай Ніве» назваў Вільню горадам беларускае мары ды дадаў, што Каліноўскі мусіць застацца там. А вось ягоны калега – Валерый Варанецкі, дэпутат і былы намеснік міністра замежных справаў – у сваім «Фэйсбуку» заве Беларусь Матуляй, якая заўсёды гатовая прыняць сваіх любых дзяцей.

Каментуе Уладзімір Арлоў, пісьменнік, гісторык:

«Мы назіраем вельмі актыўную дыскусію, у якую на розным узроўні ўцягнутыя тысячы, калі не дзясяткі тысячаў людзей. Гэтая дыскусія вельмі важная, бо яна прыцягвае ўсё новых і новых людзей да развагаў аб маштабе асобы Каліноўскага».

Уладзімір Арлоў – адзін з тых, хто звярнуўся да літоўскіх уладаў з просьбаю перадаць парэшткі Каліноўскага Беларусі. Зараз такі ж зварот ён і ягоныя аднадумцы збіраюцца накіраваць уладам Беларусі. Але мала хто верыць, што гэта можа хоць неяк паўплываць на афіцыйнае маўчанне.

Філолаг і педагог Лявон Баршчэўскі лічыць, што «без улады тут не абыдзецца. Немагчыма перавезці парэшткі ды арганізаваць перапахаванне без удзелу ўрадавай камісіі. Сённяшні ўрад, як мне здаецца, гэтым займацца не будзе».

Для Аляксандра Лукашэнкі ва ўмовах напружаных адносінаў з Крамлём ды прыхаванага гандлю аб паглыбленні інтэграцыйных працэсаў з Расеяй урачыстае перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі магло б стацца моцным ходам канём. Гэты чын адначасова паспрыяў бы пацяпленню адносінаў з Літвой, сапсаваным пабудовай Беларускай АЭС, і дапамог бы падняць імідж сярод часткі беларусаў перад выбарамі, а для суседзяў – засведчыў бы большую незалежнасць палітыкі Менску ад Масквы. Але мінусы такога кроку пакуль як мінімум ураўнаважваюць усё вышэй пералічанае.

Ігар Кулей

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27. 09.19

Іншыя тэмы выдання:

 

Hавiны