Ці паверыць суд у тэлепартацыю? Студэнт здаваў іспыт, а міліцыянты бачылі яго на мітынгу


Рамана Пратасевіча, беларускага блогера ды актывіста, судзяць за абарону Курапатаў. Суд пераносяць ужо другі раз. Сёння сведкі – выкладчыкі не зʼявіліся па позвах. Менавіта яны могуць пацвердзіць, што Раман падчас мітынгу быў на экзамене і выратаваць студэнта ад чарговага несправядлівага прысуду.

Раман Пратасевіч адсядзеў ужо 10 содняў за ўдзел у акцыі 26 сакавіка, і адразу ж атрымаў новую позву. Нібыта ён 25 лютага а 10 гадзіне ўдзельнічаў у мітынгу за абарону Курапатаў. Аднак акурат у гэты час Раман здаваў экзамен на факультэце журналістыкі ў БДУ, дзе ён лічыцца на завочным навучанні. Аб тым, што ў тую раніцу ён ніяк не мог апынуцца ў Курапатах, хлопец прынёс у суд афіцыйнае пацверджанне ад дэкана на бланкавай паперы з пячаткай і подпісам.

«Суддзя яе зачытаў, праверыў, дадаў да матэрыялаў справы. Папрасіў паказаць залікоўку. Усміхаўся, праўда, калі запытваўся ў міліцыянта-сведкі аб тым, што ён можа на гэта сказаць. І ўсе ў судзе заўсміхаліся, а міліцыянт збянтэжыўся, пачаў нешта казаць, заікаючыся», распавёў belsat.eu Раман Пратасевіч.

Спачатку ж сведка быў упэўнены, што Раман знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі па адрасе Мірашнічэнкі, 49 і актыўна прымаў удзел у незаконным мітынгу на фоне бел-чырвона-белых сцягоў. Больш таго, выкрыкваў лозунгі з патрабаваннем спыніць будаўніцтва ў Курапатах, а калі да яго падыходзілі з папярэджаннем, не рэагаваў.

Чарговае судовае паседжанне па гэтай справе павінна было адбыцца сёння, 14 сакавіка, ужо з удзелам сведкаў-выкладчыкаў. Іх афіцыйна выклікалі ў суд, каб пацвердзіць, што іх студэнт насапраўды сядзеў перад імі ў той дзень і час. Але яны не зʼявіліся. Паседжанне доўжылася менш за хвіліну і было перанесенае на панядзелак, 17 красавіка.

«Выкладчыкі павінны былі прыйсці на гэтае паседжанне. Сакратар суда паведаміла, што аднаму з выкладчыкаў позва дакладна прыйшла. Другога папярэджвалі па тэлефоне. Суд адразу перанеслі, бо яўка гэтых сведкаў абавязковая», кажа Раман.

За дзень да гэтага Раман пайшоў ва ўніверсітэт, каб спраўдзіць, ці выклікалі выкладчыкаў у суд, і ці прыйдуць яны. Яму сказалі, што ніякіх позваў да іх не прыходзіла і нікуды яны не пойдуць, нават калі будуць вольныя. Адна з выкладчыц адмовілася нават размаўляць з Раманам сам-насам без сведак.

Пра свой візіт у дэканат Раман падрабязна распавёў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Мы паперу давалі? Давалі. Позваў ніякіх не было, таму журфак ва ўсякае л**** ублытвацца не будзе прынцыпова. І ніхто з выкладчыкаў на суд не пойдзе, бо ніякіх позваў няма. Гэта прынцыповая пазіцыя. Да пабачэння!», – такой была размова Рамана з дэканам.

Ад прапановы апублікаваць прозвішчы выкладчыкаў, што павінны зʼявіцца ў судзе, ды хаваюцца, Раман Пратасевіч адмовіўся.

«Яны добрыя людзі, да іх у мяне ніякіх прэтэнзіяў няма, і з нейкага боку іх таксама можна зразумець».

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў