Ці можна цалаваць іконы падчас успышкі каронавіруса? Адказваюць медыкі і святары

Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Падчас успышкі каронавіруса Беларуская праваслаўная царква раіць прытрымлівацца парадаў лекараў.

Беларуская праваслаўная царква не рыхтавала адмысловых парадаў у сувязі з успышкай каронавіруса, паведамілі «Белсату» ў Сінадальным інфармацыйным аддзеле БПЦ.

«У нас няма адмысловых рэкамендацыяў. Яны такія ж як і заўсёды – прытрымлівацца рэкамендацыяў лекараў», – кажа протаіерэй Сяргей Лепін.

Паводле лекараў, пры прыкладанні вуснамі да аднаго і таго ж месца існуе імавернасць перадачы як карона- гэтак і іншых вірусаў.

«Усё святое мусіць імгненна абезаражвацца. А калі сур’ёзна, то каронавірус – не нейкі асаблівы, перадаецца гэтаксама як грып, напрыклад. Збор вернікаў у царкве, касцёле ці малельным доме – 120 чалавек у замкнёным памяшканні – само па сабе спрыяе распаўсюджванню [вірусаў. – Belsat.eu ]. Тое ж самае тычыцца лекцыяў і іншых масавых мерапрыемстваў», – тлумачыць «Белсату» лекар Зміцер Салошкін.

Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Паўстрыманне ад наведвання месцаў масавага збору людзей – адна з галоўных рэкамендацыяў Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі ў прафілактыцы каронавірусу.

Наступная парада – не дакранацца да вачэй, рота або носа рукамі, калі тыя не вымытыя або не апрацаваныя антысептыкам.

«Для ўсіх людзей – вернікаў ці невернікаў – рэкамендацыі адныя і тыя ж», – удакладнілі «Белсату» у Менскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Галоўная праваслаўная святыня сталіцы адмысловых захадаў у сувязі з каронавірусам не рабіла, кажа «Белсату» протаіерэй Менскага Свята-Духавага Кафедральнага сабору Сергій Гардун.

«Як раз цяпер першы тыдзень Вялікага посту – можаце прыйсці і пабачыць святыню, поўную людзей. Усе стаяць, моляцца, прыкладаюцца да іконаў – і ўсё нармальна. Іконы заўжды праціраюцца, але пра распараджэнні праціраць іх часцей – не ведаю. Якім менавіта сродкам іх праціраюць – таксама не магу сказаць, не цікавіўся», – кажа айцец Сергій.

Адэкалон з вадой

Мы паспрабавалі звязацца з аддзелам тэхнічнага і гаспадарчага забеспячэння Менскай епархіі, каб даведацца, якія менавіта сродкі закупаюцца для працірання іконаў, але паразмаўляць з імі не ўдалося: панядзелак у Менскім епархіяльным упраўленні – выходны.

Жанчына цалуе крыж у праваслаўнай святыні падчас свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы каля вёскі Аколіца ў Менскай вобласці. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Святар менскага Свята-Міхайлаўскага прыходу айцец Аляксандр Шрамко, адлучаны ад вядзення службы два гады таму, распавёў, што іконы ў царквах «дэзынфекуюцца вельмі проста».

«Іконы [у святынях. – Belsat.eu] дэзынфекуюцца звычайным адэкалонам, разведзеным вадой, – кажа айцец Аляксандр. – Наколькі часта праціраюць іконы, залежыць ад месца – як дзе заведзена. У дзень, калі няма службы, іконы праціраюць нячаста – ніхто не будзе гэтага рабіць за кожным чалавекам. Калі ж богаслужэнне і [вернікі. – Belsat.eu] падыходзяць да памазання, то праціраюць часцей».

Паводле святара, падчас мінулых эпідэміяў Царква таксама не рабіла адмысловых рэкамендацыяў па наведванні святыняў.

«Мне падаецца значнасць эпідэміі завышаная, – кажа ён. – Ну, рызыка – і што? Калісьці хрысціяне рызыкавалі сваім жыццём. А тут нейкі каронавірус».

Жаўнер унутраных войскаў цалуе праваслаўны крыж падчас каляднай імшы на вайсковай базе. 7 студзеня 2010 года. Фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

У інтэрнэце з’явіліся відэа, на якіх бачна, як некаторыя рэлігійныя жыхары Ірану цалуюць і нават аблізваюць шыіцкія святыні, спрабуючы прадэманстраваць, што не баяцца каронавірусу. Іран – на другім месцы па колькасці смерцяў ад вірусу COVID-19.

У 2017 годзе студэнтка Брытанскай вышэйшай школы дызайну Дар’я Фёдарава правяла бактэрыяльны аналіз дзесяці іконаў з шасці маскоўскіх цэркваў. У выніку тэсту дзяўчына ідэнтыфікавала на іх такія ўмоўна-патагенныя мікраарганізмы, як стафілакокі, стрэптакокі, сінегнойныя і кішэчныя палачкі.

Паводле стану на 2 сакавіка, каронавірус выявілі ў 65 краінах. Агульная колькасць хворых дасягае амаль 90 тысяч чалавек. Больш за 3000 чалавек ужо памерлі.

На гэты момант у беларускіх больніцах знаходзяцца тры пацыенты з падазрэннем на каронавірус.

ДД belsat.eu

Hавiны