Ці магчыма апрануць школьніка за 142 рублі? Квэст на школьным базары


У дзяржаўных гандлёвых цэнтрах па ўсёй Беларусі адчынілся школьныя базары. Большай часткай на іх прадаюцца тавары беларускіх вытворцаў для школьнікаў любога ўзросту. Belsat.eu з дапамогай Вольгі, маці вучня трэцяга класу адной з менскіх школаў, склаў спіс пакупак да 1 верасня і накіраваўся ў ГУМ, каб палічыць кошты, якія выдаткуюць бацькі на падрыхтоўку дзяцей да школы.

У працоўны дзень у ГУМе незвычайна шмат людзей. На другім паверсе людзі кіруюцца па стрэлках, што вядуць да так званага школьнага базару. Гэта звычайныя аддзелы ГУМу з дзіцячым адзеннем і канцылярскімі таварамі. У чэргах стаяць дзясяткі пакупнікоў, прадаўцы нервуюцца, але большасцю намагаюцца трымацца ветліва. У бацькоў – баявы, амаль ваяўнічы, настрой. Многія – са спісамі на паперках або ў мабільніках.

За пакупку больш чым на сто рублёў абяцаюць падарунак – спінер.

Задача – апрануць трэцякласніка

Па спісе, што склала мама Вольга, нам патрэбна набыць 9-цігадоваму хлопчыку касцюм або класічныя штаны і пінжак, дзве кашулі, туфлі, дзве майкі на фізкультуру, спартовую форму, кеды і рамень.

У аддзеле касцюмаў для хлопчыкаў – сорак два адценні шэрага, з плямамі цёмна-блакітнага. Усе касцюмы аднолькавыя, на наш памер няма нават паласатай мадэлі, не кажучы пра разнастайнасць матэрыялу або крою.

Кошты на касцюмы – ад 70 з лішнім рублёў за самы шэры і самы танны. Калі збіраць пінжак са штанамі асобна, кошт атрымаецца прыкладна той самы. Пінжак – пачынаючы ад 50 рублёў, штаны – каля 30.

Ідзем да кашуляў. Тут колераў больш, ёсць яркія і светлыя, прыемныя і спакойныя. Шчыра хочацца верыць, што беларускія вытворцы змаглі вырабіць прыгожую кашулю і, сапраўды, – гэта фабрыка ELIZ, Дзяржынск. За кашулю – 25,25 рублёў, нам патрэбна дзве.

«Так! Хопіць ныць!» – дзіцячыя насы чапляюцца за гузікі. «Цярпі, мужык павінен быць мужыком, да школы трэба нармальна апрануцца».

Побач мама з падобным да нашага спісам. Падгледжана – там тры кашулі, дзве каляровыя і адна белая. Наш трэцякласнік, выходзіць, больш сціплы. Але, магчыма, ён з мінулагодняй белай кашулі яшчэ не вырас.

Далей па спісе пас – 15 рублёў.

Гальштук беларускага паходжання і расфарбоўкі як у савецкіх дыпламатаў – 5 рублёў. Больш сучасныя, яркія або дзіцячыя з героямі мультфільмаў – 8,90 рублёў, кітайскай вытворчасці.

«Я не ведаю, што мне браць. Тут рукавы доўгія, а тут – штаны кароткія»

Каля аддзелу спартовых касцюмаў менш людзей, чым каля іншых. Як патлумачыла нам Вольга, рэдка хто набывае ў дзяржаўных магазінах спартовае адзенне і абутак, іх можна купіць лепшай якасці і танна ў спартовых крамах або на рынку. Тым часам, тут ёсць цэлы спартовы касцюм з байкай і штанамі ўсяго за 25 рублёў – ад фабрыкі Світанак. Большасць коштаў – прыкладна каля 50 рублёў. Спартовыя майкі, звычайныя белыя або з малюнкам знайшліся за 8-10 рублёў за адну.

У аддзеле абутку адбывалася нешта містычнае. Нікому нічога не падабалася, але чэргі былі ўсё роўна доўгія. Абутак на палічках звалены ў кучы, пераблытаны па памерах.

Самымі таннымі туфлямі апынулася стварэнне «Marco» за 50 рублёў. Побач бацькі, трымаючы ў руках пару абутку, абураліся дызайнам ціха, каб не пачулі дзеці.

«Мама, гэтыя страшныя. Я не буду гэта мераць. Глядзі вось якія», – хлопчык паказвае на туфлі фабрыкі «Shagovita» – 90 рублёў.

Затое можна танна набыць кеды на фізкультуру ад Лідскай абутковай фабрыкі, хоць у палосачку, хоць у дыназаўры – менш, чым за 30 рублёў.

Згодна са спісам, вопратка ёсць.

Прыкладна за 275 рублёў – гэта калі апрануць хлопца ў самы шэры касцюм, гальштук як у савецкага дыпламата і «страшныя» туфлі. Прыкладна за 400 – калі выбраць лепшы касцюм, гальштук з мульцікамі, і туфлі, што дзяцёнак выбраў сам.

«Гэта мінімальны набор. Звычайна патрэбны яшчэ і зменны абутак, камізэлька як дадатак да пінжака, ці світэр пад кашулю. Я звычайна яшчэ купляю 10 параў новых шкарпэтак да пачатку навучальнага году» – кажа Вольга.

Дзённікі, альбомы ды фарбы

Стандартны набор з пісьмовых прыналежнасцяў і канцылярскіх тавараў для малодшага школьніка атрымалася сабраць прыкладна за 75 рублёў. Сюды ўвайшлі сшыткі, алоўкі, асадкі і пэндзлі, вокладкі, альбом для малявання, фарбы, пенал, каляровая папера ды іншыя дробязі. Можна паспрабаваць і зэканоміць некалькі рублёў, калі купляць усё самае таннае. На беларускай мове дзённікаў для малодшых класаў не знайшлося.

Першаклашкам цяжэй за ўсіх

Іншая мама, Надзея, рыхтуе да 1 верасня двух дзяўчынак – у першы і ў дзявяты клас. Яна распавяла belsat.eu, што старэйшых школьнікаў збіраць у школу лягчэй, чым малодшых. Асабліва дорага абыходзяцца зборы ў першы клас. Усе школьныя рэчы патрэбна купляць нанова. У тым ліку, заплечнік.

«У першаклашак вельмі шмат падручнікаў, і яны павінны кожны дзень цягаць іх туды і назад. Таму важна не памыліцца і набыць добры заплечнік. Інакш можна проста сапсаваць назаўжды дзіцю хрыбетнік».

У ГУМе кошты на заплечнікі пачынаюцца ад 50 рублёў за самыя маленькія і бескаркасныя. Ранцы з цвёрдай спінкай і рамянямі са зручным фіксатарам – удвая, а тое і ўтрая даражэй.

Са слоў Надзеі вынікае таксама, што дзяўчынак збіраць у школу даражэй, чымся хлопчыкаў. Па-першае, акрамя школьных штаноў ім патрэбная і школьная спадніца. Па-другое, дзяўчаты хочуць звычайна больш разнастайнасці – калготы розных колераў, напрыклад. Замест кашуляў – блузкі, гольфікі.

Як зэканоміць?

Вольга, маці трэцякласніка, набыла школьную форму для сына не на школьным базары ў жніўні, а нашмат раней на зніжках – стылёвы пінжачок з чырвоным арнаментам на падкладцы і ўзорам на кішэнях  – вытворчасці Навагрудскай фабрыкі.

«Я задаволеная іх якасцю, на маім сыне яны заўсёды добра сядзяць»

Надзея, якая працуе ў дзіцячым садку, раіць не прывучаць дзяцей да таго, што да новага навучальнага году ў іх будзе ўсё новае.

«Я ведаю шмат бацькоў, што купляюць, напрыклад, новыя фарбы да 1 верасня толькі таму, што старыя брудныя. Я прывучаю дзяцей да таго, што калі фарбы ёсць, то яны застаюцца, пакуль не скончацца. Я не набываю пластылін кожны год, або алоўкі толькі каб быў новы свежы набор».

У беларускіх інтэрнэт-крамах прапануюць купіць ужо гатовыя «наборы першакласніка», каб не марнаваць час у чэргах. Кошты такіх канцылярскіх набораў пачынаюцца ад 70 рублёў – прыкладна тое ж, што атрымалася сабраць у ГУМе.

На сайце БЕЛТА 9 жніўня была апублікаваная навіна, дзе паведамлялася, што сабраць «поўную экіпіроўку (разам з адзеннем, абуткам, пісьмовымі прыналежнасцямі і канцылярскімі таварамі)» на школьных базарах будзе магчыма пачынаючы ад сумы ў 142 рублі для малодшых школьнікаў і 199 беларускіх рублёў – для старэйшых.

«Гэта ніколі ў жыцці нерэальна», – кажа Вольга.

Belsat.eu сабраў мінімальны самы танны набор трэцякласніка на школьным базары ў ГУМе за 350 рублёў, не ўлічваючы заплечнік і 10 параў новых шкарпэтак.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu 

Стужка навінаў