Ці Лукашэнка знайшоў альтэрнатыўную нафту?


Пра інтэграцыю – забыліся? Яшчэ месяц таму Беларусь ледзь не чакала канчатковае інтэграцыі з Расеяй, але цяпер нафтавая спрэчка ўнутры Саюзнае дзяржавы дасягнула апагею. Абодва бакі штодня губляюць мільёны. Беларусь заяўляе пра пошукі альтэрнатыўных крыніцаў нафты і звярнулася да ўсіх суседзяў. Расейцы, падаецца, упэўненыя: танней, чымся ў нас, не знойдзеце. Як Беларусь шукае хаўруснікаў у чарговай вайне за энерганосьбіты з Расеяй – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Непадпісаныя дарожныя мапы – няма доўгатэрміновай дамоўленасці аб пастаўках газу і, што куды горай, расейская нафта амаль не паступае на беларускія НПЗ. І вось на гэтым тыдні Менск звярнуўся да ўсіх суседзяў, а таксама да Казахстану з Азербайджанам у пошуках альтэрнатывы расейскаму чорнаму золату. Чаму ўлады схамянуліся толькі цяпер?

Каментуе палітолаг Вольга Харламава:

«Яны спадзяваліся, што Расея не пойдзе на тое, каб губляць грошы, бо кожны дзень няпродажу нафты ў Беларусь – гэта не толькі нашыя згубы, гэта і Расея, прычым Расея губляе больш, чым мы».

Натуральна, Беларусь толькі зарабляе на перапродажы нафтапрадуктаў, а Расея прадае самую нафту. А ў Беларусь ідзе кожны дзясяты барэль расейскае нафты, і страты Крамля дасягаюць у сярэднім каля $ 30 млн на дзень, падлічыла адмысловец. Але ў Расеі запас трываласці куды мацнейшы, таму з Масквы гучаць усё тыя ж аргументы.

Гаворыць Аляксей Калачоў, аналітык групы кампаніяў «Finam», Масква:

«Ну паглядзіце – Прыбалтыка, яна настойвае на сваім суверэнітэце ды купляе нафту і газ паводле рынкавых еўрапейскіх коштаў. Мець поўны суверэнітэт і купляць паводле ўнутраных коштаў – не атрымаецца. То бок штосьці адное».

Маўляў, у Менску хочуць традыцыйна – утрымацца на двух крэслах. І, каб падкрэсліць сур’ёзнасць сваіх пазіцыяў, Беларусь абвесціла пра штомесячныя рамонтавыя працы на трубаправодзе «Дружба», па якім расейская нафта плыве, між іншага, у Нямеччыну і Польшчу. На час рамонту – прапускная здольнасць зменшыцца напалову.

ВІДЭА
Нафтавы эмірат Лукашэнкі закончыўся
2020.01.11 13:39

Каментуе Міхаіл Круціхін, партнёр кансалтынгавай кампаніі «Rusenergy», Масква:

«Калі былі першыя прапановы перакрыць транзіт праз беларускую тэрыторыю, то мы затэлефанавалі адразу ў нямецкую амбасаду – як яны да гэтага ставяцца. Нам сказалі, што надзвычай адмоўна, бо стан такі, што неабходна захаваць транзіт праз «Дружбу». То бок сітуацыя можа ўскладніцца і для расейскіх кампаніяў, і для атрымальнікаў у Нямеччыне ды Польшчы».

Летась Беларусь купляла нафту за 83 % сусветнага кошту. Сёлета ён вырасце з прычыны чарговага памяншэння расейскіх мытаў на нафтапрадукты, на перапродажы якіх зарабляе Менск. Нафтавая праблема сёння ляжыць нават не ў інтэграцыйных дакументах, тлумачыць адмысловец.

Эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак удакладняе:

«Спрэчка ідзе аб прэміі для расейскіх кампаніяў памерам блізу $ 10 за тону. Расейскія кампаніі пастаўляюць нам нафту з прэміяй прыблізна $ 10 за тону. Гэтая прэмія была ўсталяваная яшчэ ў 2011 годзе».

Залатыя часы для расейскай нафтавай галіны. Тады кошт барэлю быў ледзь не ўдвая большы за сённяшні – $ 64. А Менск столькі зарабляў на бязмытавых пастаўках, што мог дазволіць дакінуць расейскім кампаніям такую прэмію. Сёння нават у Маскве прызнаюць, што гэты момант можна б выправіць… але не абавязкова цяпер.

Працягвае Аляксей Калачоў:

«Цяпер розніца ўсё ж такі паміж унутранымі пастаўкамі – ну, тымі, што адбываюцца бязмытна, і мытнаю нафтай – яна перавышае і даволі істотна, то бок пытанне не стаіць гэтак востра. Але з іншага боку можна зразумець Аляксандра Рыгоравіча ў тым плане, што, ну, праз два гады праблема стане вострая, таму чаму б не развязаць яе цяпер?»

Стане яшчэ больш вострая, бо з прычыны гэтак званага расейскага падатковага манеўру мыты на чорнае золата па 5 % на год уваходзяць у кошт нафты і змяншаюць прыбыткі перапродажу нафтапрадуктаў на Захад. А прэмія для расейскіх кампаніяў – не змяняецца. У такіх умовах еўрапейцы сталі Лукашэнку ці не бліжэйшыя за старога хаўрусніка.

Кіраўнік Беларусі заявіў:

«Паважаны спадар прэмʼер-міністр, мне насамрэч прыемна бачыць вас з вашымі калегамі ў Менску, вельмі спадзяюся, што для вас гэта не чужы горад, гэтаксама, як і для мяне сталіца нашай сяброўскай Латвіі».

Прэмʼер Латвіі Крыш’яніс Карыньш заявіў, што латвійскія парты гатовыя паставіць нафту ў Беларусь – гаворка пра чыгуначны шлях.

Таццяна Манёнак:

«Альтэрнатыва – гэта заўсёды добра, але, калі гэта будуць пастаўкі праз чыгунку, – невялікія аб’ёмы. Гэта несур’ёзная пакуль што альтэрнатыва, больш сур’ёзная альтэрнатыва – гэта пастаўкі праз трубу, гэта больш танныя пастаўкі».

Чыгункаю ў Беларусь можна паставіць не больш за тры мільёны тонаў нафты на год – кажуць адмыслоўцы. Патрэбы ж беларускіх НПЗ складаюць да 24 млн тонаў. Праблема ў кошце. У залежнасці ад таго, адкуль у Латвію прыйдзе гэтая нафта, кошты транспартавання павялічаць цану адной тоны нафты нават на € 40. Ёсць яшчэ і літоўскі варыянт.

Гаворыць Эгідзіюс Лазаўскас, гендырэктар літоўскай чыгуначнай кампаніі «LG Cargo»:

«Мы рэгулярна размаўляем пра магчымыя пастаўкі з беларускім бокам, я ў хуткім часе збіраюся ў Менск, пагаворым з калегамі з беларускае чыгункі. То бок мы ў сталым кантакце. Агулам нашая палітыка такая – чым большы памер паставак, тым лепшы кошт».

З магчымымі пастаўкамі праз Літву тая ж праблема – кошт і памер. Ад трубаправоду «Дружба» дзве галіны вядуць уласна ў гэтыя краіны. Іх можна было б выкарыстаць, і тое, што пра іх гаворкі не ідзе, можа казаць пра негатовасць Беларусі цалкам адмовіцца ад расейскай сыравіны.

Таццяна Манёнак:

«Гэтыя трубы пустуюць з 2003 года ў кірунку Латвіі, з 2006 года – у кірунку Літвы. Калі б гэта было сурʼёзна, то бакі б абмяркоўвалі пастаўкі праз трубу».

Размовы пра чыгуначны шлях вядуцца, магчыма, таму, каб выгуляць час у перамовах з Масквою, пакуль тая губляе болей, чымся Менск. Ёсць варыянт паставак і праз Украіну, прычым асаблівасці мясцовай інфраструктуры найлепей пасуюць для кароткатэрміновага развязання праблемы.

Генадзь Рабцаў, кіраўнік адмысловых праектаў навукова-тэхнічнага цэнтру «Псіхея», Украіна:

«Разавыя пастаўкі, безумоўна, прасцей зарганізаваць, гэта будзе, да прыкладу, куплены дзесьці ў міжземнаморскіх партах танкер, пастаўлены каля Адэсы, і потым чыгункаю цыстэрнамі нафта пойдзе ў Беларусь».

Знайсці нафту – не праблема, падкрэсліваюць эксперты. Аднак няма варыянту, пры якім яна будзе таннейшая за расейскую, пры ўсіх праблемах з падатковым манеўрам і прэміях расейскім кампаніям. Таму хутчэй за ўсё давядзецца ізноў дамаўляцца з Крамлём. Але ці не прыгадаюць там пра інтэграцыю?

Вольга Харламава:

«Інтэграцыя, безумоўна, спыненая не будзе, але будзе аднесеная на пэўны тэрмін. Месяцы два-тры найбліжэйшыя да інтэграцыі вяртацца не будуць. У Расеі ёсць іншыя праблемы, іншыя пытанні, ім не да нас. Хутчэй за ўсё бліжэй да лета пытанне інтэграцыі зноў падымуць, прычым падымем не мы, падыме Расея».

Каляндар галоўных палітычных падзеяў года пацвярджае такі прагноз. Крэмль спачатку – да траўня – зменіць Канстытуцыю і тады ўжо зможа свабодна займацца вонкавапалітычнымі праблемамі. Задача ж Менску – як мага хутчэй, да пачатку перадвыбарчае кампаніі да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на жнівень, дамовіцца пра энерганосьбіты і на як мага даўжэйшы тэрмін.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.01.2020

Стужка навінаў