Цемра, напоеная святлом, або Раство ў царкве XII стагоддзя


Галоўнай праваслаўнай святыняй у Горадні лічыцца Святапакроўскі сабор, а вось адной з самых старажытных – Каложская царква, збудаваная яшчэ ў часы Старажытнай Русі. Туды і адправіліся журналісты «Белсату» ў ноч на Раство.

Каложская царква XII стагоддзя ўначы.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Каложская або Барысаглебская царква знаходзіцца непадалёк ад цэнтру Горадні, але вось пад’ехаць да яе не так проста. Адзіны шлях вядзе праз Каложскі парк, скаваны снегам ды лёдам. Можна лічыць, што тыя вернікі, якія адправіліся сюды на службу, прызначаную на 12-ю ўначы, сапраўды ў нечым пераступілі праз сябе ды мелі цвёрдую матывацыю.

Вернікі падчас набажэнства.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Ідзіце наперад ды хрысціцеся!»

На падворку царквы вернікаў сустракае «жывая батлейка»: калядны намёт, які сімвалізуе месца нараджэння Хрыста, але… з жывымі авечкамі ды козамі. Сем’і, якія прыходзяць з дзецьмі, у абавязковым парадку падыходзяць да жывёлаў, якіх можна пагладзіць і нават пагадаваць.

Батлейка з жывымі козамі ды авечкамі на падворку царквы.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Каб авечкам ды козачкам было не так халодна (намёт з імі месціцца на вятрыску, а з боку Нёмна ідзе вільгаць), у батлейку наклалі багата сена, у якое авечкам даводзіцца хавацца.

Настаяцель царквы а. Аляксандр Балонікаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Службу ў Каложы вядзе пробашч парафіі а. Аляксандр Балонікаў. Адначасна збоку іншы святар спавядае людзей. Цікава, што парафіяне ў самай старажытнай царкве няблага ведаюць адзін аднаго, бо ўвесь час вітаюцца між сабою ды са служкамі храму. Шмат дзяцей.

Вернікі падчас набажэнства.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Ідзіце наперад ды хрысціцеся!» – з такімі словамі бацька адпраўляе двух маленькіх дачушак праз шчыльны натоўп. Вернікаў, нягледзячы на мароз, багата: няма дзе праціснуцца.

Цемра, напоеная святлом.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Па-царкоўнаславянску, па-расейску, па-беларуску

Царкоўныя спевы ідуць па-царкоўнаславянску, некаторыя песні – па-расейску, а вось чытанне Евангелля ад Мацвея – па-беларуску.

Настаяцель царквы а. Аляксандр Балонікаў.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Праваслаўная царква ў Горадні наагул вылучаецца колькасцю беларускамоўных святароў ды нацыянальных культурніцкіх ініцыятываў. Напрыклад, у парафіяльным цэнтры пры Каложскай царкве, зусім побач, не першы год дзейнічае бібліятэка імя Ларысы Геніюш.

Напрыканцы службы а. Аляксандр вітае ўсіх з Раством, а вернікі па дарозе дадому, нібы агеньчыкі сярод цемры, расцякліся па сцежках змрочнага заледзянелага Каложскага парку.

Цемра, напоеная святлом.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў