Цапкала не выключае, што можа паўтарыць лёс Ціханоўскага і Бабарыкі


Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Валерый Цапкала не выключае, што з ім можа здарыцца тое ж, што адбылося з Сяргеем Ціханоўскім і Віктарам Бабарыка. Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю РБК.

«Тэарэтычна я не магу выключыць такога, але ў дадзены момант мы проста рухаемся ў палітычным працэсе, робім тое, што дазволена рабіць у адпаведнасці з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам нашай краіны. Мы не парушаем ніякіх законаў – мы пакуль рухаемся, з майго пункту гледжання, максімальна чыста ў гэтым выбарчым працэсе», – адзначыў ён.

Цяперашнюю грамадскую актыўнасць Цапкала назваў «вельмі нехарактэрнай для беларускага палітычнага жыцця». Паводле яго, прычынай стала стомленасць ад доўгага праўлення аднаго чалавека і жаданне пераменаў.

«Такога ў беларускай гісторыі не было ніколі. Апошнія 10 гадоў краіна наогул не развівалася. На фоне таго, як развіваецца ўвесь свет, у тым ліку і побач з намі, скажам, Польшча, Літва, якія ў эканоміцы выраслі на 50-60% за 10 гадоў, ці ЗША, дзе з $ 14 трлн да $ 21 трлн вырас ВУП. Дык вось, у нашай краіне ВУП быў $ 60 млрд у 2009 годзе, а ў гэтым годзе, я думаю, будзе $ 57 млрд, або $ 58 млрд. […] Адбываецца дэградацыя ўсяго. Людзі, вядома, адчуваюць гэта перш за ўсё на сваёй кішэні», – патлумачыў Цапкала.

Што датычыць сумленнасці выбараў, то ён спадзяецца на тое, што «грамадзянская супольнасць зможа забяспечыць максімальна празрысты працэс падліку галасоў».

На пытанне, што за кампрамат на яго абяцаў распавесці Лукашэнка, Цапкала кажа:

«Не ведаю. Гэта ў яго спытаеце, што ён мае на ўвазе. Я думаю, што ён дасць тлумачэнне, якія матэрыялы ён меў на ўвазе».

КА belsat.eu

Стужка навінаў