Цапкала «Белсату»: Я – гэта я, а не клон нейкі

8 траўня Валер Цапкала заявіў пра намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Нарадзінец Горадні і экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў выступае супраць «прымітыўнай» вертыкалі ўлады, крытыкуе «бітвы за ўраджай» і называе тое, што адбываецца ў Беларусі дарогаю ў бок «захаду» сонца. Хто ж ён такі?

«Я – гэта я, а не клон нейкі, і так, іду ў прэзідэнты», – сказаў у размове з «Белсатам» Валер Цапкала і паабяцаў, што падрабязнасці будуць толькі пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.

Скончыў адну з самых прэстыжных у СССР ВНУ

Валер Цапкала нарадзіўся ў Горадні ў 1965 годзе ў сям’і інжынераў. Скончыў гарадзенскую школу №14 з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы. Вучыўся ў БНТУ (1982-1984 гг.), а пасля службы ў войску паступіў у прэстыжны Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў МЗС СССР. Кандыдат юрыдычных навук у галіне міжнароднага права.

Аўтар кніг пра эканоміку і ўваскрашэнне чалавека

Валер Цапкала напісаў тры кнігі: «Дарогаю дракона» (пра эканамічнае развіццё постіндустрыяльных краінаў паўднёва-ўсходняй Азіі), «Код Бессмяротнасці» (пра таямніцу смерці і ўваскрашэння чалавека) і «Парк высокіх тэхналогіяў, 10 гадоў развіцця».

На livelib.ru кніга «Код Бессмяротнасці» знаходзіцца ў раздзеле «эзатэрыка і акультызм»

Дыпламатычная карʼера

У 1991 годзе пачаў дыпламатычную карʼеру ў амбасадзе СССР у Фінляндыі. Пасля распаду СССР вярнуўся ў Менск і ў 1992 годзе заняў дыпламатычную пасаду ў МЗС. У 1993-1994 гг. працаваў дарадцам кіраўніка Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь (на той момант ім быў Станіслаў Шушкевіч).

Чалавек Лукашэнкі

У 1994 годзе Валер Цапкала далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі. Пасля ягонай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Цапкала атрымаў пасаду намесніка кіраўніка МЗС.

Юрый Захаранка і Аляксандр Лукашэнка. 1994 год. Захаранка таксама быў у камандзе Лукашэнкі. У траўні 1999 года ён знік. Фота: vytoki.net

У 1997 годзе Цапкала стаў амбасадарам Беларусі ў ЗША. Ягоная дыпламатычная карʼера скончылася ў 2002 годзе. Адбылося гэта неўзабаве пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

Валер Цапкала уручае даверчыя граматы прэзідэнту ЗША Білу Клінтану. 1 студзеня 1997 года. Фота: Brigh7

Пасля вяртання са Злучаных Штатаў Валер Цапкала працаваў дарадцам Аляксандра Лукашэнкі ў пытаннях навукі.

Парк высокіх тэхналогіяў

У 2005 годзе Аляксандр Лукашэнка прызначыў Цапкалу дырэктарам адміністрацыі Парка высокіх тэхналогіяў (ПВТ), а ў 2017 годзе ён жа вызваліў Цапкалу ад гэтай пасады. Для шэрагу прадстаўнікоў IT-супольнасці адстаўка Цапкалы была нечаканасцю.

Ягонае звальненне адбылося на наступны дзень пасля публікацыі ў брытанскім выданні «Financial Times» артыкула, у якім будынак ПВТ параўналі з офісам «Google». Праўда, аўтарка артыкула апісала атмасферу ў адміністрацыйным будынку ПВТ фразаю «clinical feel» (бальнічная аўра).

ПВТ. Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Вострыя словы Цапкалы напярэдадні звальнення

«Беларусь Сегодня» (2016 год)

«Бізнес без стратаў не бывае. А дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства не мае права на памылку. Калі ў яго тры новыя праекты паспяховыя, а чацвёрты не пайшоў, то кіраўнік можа быць сур’ёзна пакараны «за пралікі ў эканамічнай дзейнасці». Таму ў нас большасць дырэктараў і не рызыкуюць, не ідуць на інавацыю. У свеце такога няма. Там кіраўнік ацэньваецца па сукупных выніках гаспадарчай дзейнасці. Няўдача не зʼяўляецца каральнай. Таму, да глыбокага шкадавання, нашыя прадпрыемствы будуць і далей прайграваць у канкурэнтнай барацьбе».

Выступ на імпрэзе AlterEdu (2017 год), цытата TUT.BY

«У Ізраілі абавязковая служба ў войску па тры гады, прычым там служаць не толькі юнакі, але і дзяўчаты. Але вось у чым асаблівасць: людзей са здольнасцямі ў ІТ бяруць у спецпадраздзяленні. Таму што ў Ізраілі сапраўды лічыцца, што айцішнік можа прынесці значна больш карысці ў войску, чымся, напрыклад, жаўнер, здольны галавой разламаць цэглу… Я магу сказаць, што мы ўжо некалькі разоў выходзілі з ініцыятывамі і вядзем размову з Міністэрствам абароны і сілавымі структурамі, пра тое, што калі ў войска забіраюць маладога чалавека, каб яго служба чымсьці нагадвала нешта, што цяпер ёсць у ізраільскім войску. Каб чалавека выкарысталі ў адпаведнасці з ягоным інтэлектуальным патэнцыялам».

Цапкала да 2019 года пісаў у ЖЖ

У Валера Цапкалы ёсць свой сайт-блог, але ён амаль пусты. Дызайн у tsepkalo.com зусім не «парк высокіх тэхналогіяў», а большасць публікацыяў на ім – Lorem ipsum (тэксты-рыбы на лацінскай мове, якія маюць тэхнічны характар).

Скрыншот з tsepkalo.com

Са студзеня 2020 года Цапкала апублікаваў на сваім сайце з дзясятак артыкулаў. Галоўным чынам гэта філасофска-містычныя развагі пра тэхналогіі, рэлігію і некалькі тэкстаў на актуальныя тэмы. Да 2020 года рэгулярна пісаў у «LiveJournal» (блог-платформа папулярная ў першай палове 2000-х).

Стварыў біяграфічную бібліятэку

У Facebookʼу Цапкалы пасада кіраўніка ПВТ пазначаная ў якасці апошняга месца працы. З таго часу экс-кіраўнік ПВТ паспеў стварыць стартап «Prabook» – біяграфічную бібліятэку, а ў 2019 годзе запатэнтаваў метад пошуку людзей па ўскосных прыкметах.

Заявіў, што ў беларускіх умовах Стыва Джобса маглі б арыштаваць

У 2016 годзе экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў у інтэрв’ю газеце «Беларусь сегодня» прапанаваў скасаваць з Крымінальнага Кодэксу артыкул аб «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці». Тады Цапкала заявіў, што ў беларускіх умовах Стыў Джобс і Стыў Возьняк (заснавальнікі «Apple») не сталі б мільярдэрамі, а за працу ў гаражы без рэгістрацыі былі б арыштаваныя і пакараныя за дзейнасць без падатковага кантролю і рэгістрацыі юрыдычнай асобы.

На гэтую крытыку сістэмы адказаў Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк (надалей займае сваю пасаду).

«Вы ведаеце, як гэты артыкул называлася ў савецкі час? Хто старэйшы – ведаюць. Спекуляцыя – скупка і перапродаж з мэтай нажывы», – нагадаў Канюк. Што тычыцца незаконнага прадпрымальніцтва, гэты артыкул мае два моманты: без рэгістрацыі і з неадпаведным суб’ектам. Як мы можам яе выкінуць? Для чаго гэта Цапкала робіць? Гэта проста піяр-ход айцішніка».

Валер Цапкала і Міхаіл Мясніковіч. Фота: park.by

Крытыкаваў Мінсувязі за рэтраграднась

У 2010 годзе ў сваім «LiveJournal» Цапкала раскрытыкаваў Міністэрства сувязі за «рэтраградныя прапановы тыпу рэгістрацыі паштовых скрыняў». У допісе Цапкала нагадаў, што ў СССР трэба было рэгістраваць ксераксы.

Паводле Цапкалы, у тэлекамунікацыйнай галіне ўлада і бізнес шмат гадоў канфліктавалі «без усялякага намёку на супрацу».

«Цяжка сказаць, чым гэта выклікана. Або адсутнасцю прафесіяналізму (новы міністр, па-мойму, выхадзец з жывёлагадоўчай сферы), або адміністрацыйнай слабасцю», – напісаў 10 гадоў таму Цапкала.

Цапкала – «праект Казулін 2»?

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што Валер Цапкала ў якасці кандыдата – «развод наіўных беларусаў».

«Можа Цапкала не ведае, што выбараў у краіне няма? Можа ён не памятае, што было з хадакамі на “выбары” з ягонага кола, з Марынічам і Казуліным? Можа ён не ведае, як функцыянуе “выбарчая” машына Ярмошынай?» – піша ў сваім Facebook’у Мацкевіч.

У яшчэ адным допісе Мацкевіч называе жаданне Цапкалы ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы «праектам» і сцвярджае, што на прэзідэнцкіх выбарах ён можа граць ролю Аляксандра Казуліна (экс-рэктар БДУ, які балатаваўся ў 2006 годзе), на якога, паводле метадолага, быў кампрамат, і які нібыта пагадзіўся на палітычную адсідку.

Дарэчы, Казуліна пасля выбараў 2006 года пасадзілі на 5,5 гадоў.

ЮВ belsat.eu

Hавiны