Тры памылкі СБУ падчас інсцэнізацыі забойства Бабчанкі

Цытуючы класікаў, няма забойства дасканалых. А ці ёсць бездакорныя аперацыі спецслужбаў? Польскі эксперт са шматгадовым досведам знайшоў прынамсі некалькі памылак у дзеяннях украінскіх спецслужбаў.

Анджэй Мрочэк. Эксперт у справах тэрору і забойстваў. Звязаны з універсітэтам Collegium Civitas і групаю «City Security» у Варшаве. Працаваў у аддзеле барацьбы з крымінальным тэрорам і забойстваў польскай паліцыі ды ў спецслужбах. Суаўтар Прэзідэнцкага стратэгічнага агляду нацыянальнай бяспекі Польшчы.

Гучную інсцэнізацыю забойства расейскага апазіцыйнага журналіста Аркадзя Бабчанкі для «Белсата» прааналізаваў Анджэй Мрочэк – адмыслоўца ў справах тэрору і забойстваў, які раней працаваў у паліцыі і спецслужбах Польшчы.

«Такія аперацыі адбываюцца ўвесь час. Але ўпершыню я бачу аперацыю такога кшталту з гэткім розгаласам», – кажа адмыслоўца.

Паказваем эксперту здымак, які з’явіўся ў вечар інсцэнізаванай смерці Аркадзя Бабчанкі. Ці ўдалося б СБУ ўвесці ў зман былога працаўніка польскіх спецслужбаў?

Анджэй Мрочэк аналізуе здымак «забітага» Аркадзя Бабчанкі

1. Стрэлы

«Такая колькасць стрэлаў у спіну ў гэткіх акалічнасцях стварае вялікую небяспеку для выканальніка. Досвед падказвае, што гэта максімум два стрэлы і ўцёкі злачынцы».

Фота «забітага» Бабчанкі з сацыяльных сетак

2. Кроў

«Калі мы паглядзім на раненні на гэтым здымку, то відаць, што кроў ці ўжытая субстанцыя ўсмоктваецца ўнутр. Быццам на ім надзетае штосьці яшчэ».

3. Пазіцыя

«Таксама пазіцыя цела можа сведчыць, што гэта сімуляванне. Пра гэта кажа ненатуральная пазіцыя рук. У такога тыпу пагрозах падчас стрэлаў рукі былі б у іншай пазіцыі, бо аўтаматычна асоба рэшткамі сілаў спрабавала б перадухіліць падзенне».

Яшчэ адзін сумнеўны момант – хуткасць, з якой фотаздымак «забітага» Бабчанкі і фотаробат забойцы з’явіліся ў сеціве.

Пад’езд, дзе жыве Бабчанка, у ноч «забойства». Фота: REUTERS/Valentyn Ogirenko

Хібы ёсць, але эксперт усцяж высока ацэньвае дзеянні ўкраінскіх спецслужбаў.

Увагу адмыслоўца таксама звяртае факт, што не толькі арганізатар, але і меркаваны выканальнік – грамадзяне Украіны. Паводле інфармацыі СБУ, забіць расейскага журналіста меўся былы ўдзельнік Антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.

«На мой погляд, адмоўны элемент, які тут з’яўляецца (зрэшты, не першы раз), – гэта тое, што грамадзяне Украіны, прынамсі, частка, слаба атаясамліваюць сябе са сваім народам. І за фінансавыя сродкі гатовыя пайсці на супрацу з выведкаю Расеі, – адзначае Анджэй Мрочэк.

Барыс Герман у судзе. Паводле СБУ, расейскія спецслужбы завербавалі грамадзяніна Украіны, каб арганізаваць забойства Бабчанкі. Фота: REUTERS/Volodymyr Hontar

Паводле эксперта, гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, якая ўскладняе і без таго цяжкую працу ўкраінскіх спецслужбаў.

«Fake news» на службе дабра?

Яшчэ адная адмоўная тэндэнцыя – выкарыстанне медыяў спецаперацыі СБУ. Дзеянні ўкраінскіх спецслужбаў раскрытыкавалі галоўныя рэдактары ўплывовых замежных медыярэсурсаў, арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» і Міжнародная федэрацыя журналістаў.

«Я не асуджаю Аркадзя Бабчанкі, ён атрымліваў пагрозы жыццю цягам тыдняў і, магчыма, палічыў гэта адзіным развязаннем у абароне сябе ды сваёй сям’і. Але гэта прынясе катастрафічныя наступствы, бо ўся прафесія будзе насіць гэтае кляймо месяцамі», – ацэньвае Антані Бэлянжэ з Міжнароднай федэрацыі журналістаў.

Аркадзь Бабчанка са сваім жалобным партрэтам. Фота: REUTERS/Valentyn Ogirenko

Што праўда, а што хлусня? Пасля фэйкавага забойства Аркадзя Бабчанкі знайсці мяжу паміж імі будзе яшчэ больш складана.

Украінскія спецслужбы апраўдваюцца маштабам планаванага замаху. Паводле СБУ, расейскія спецслужбы збіраліся зліквідаваць не толькі Бабчанку, але яшчэ прыблізна 30 асобаў на тэрыторыі Украіны.

«Мэта такой ліквідацыі – гэта акцыя запалохвання. Ва Украіне дастаткова людзей, якія жорстка пішуць супраць Расеі. І забойства нават некалькіх з іх прымусіць задумацца, затармазіць іншых», – тлумачыць украінскі кансультант у пытаннях рызыкі і бяспекі Яўген Лаўэр.

Фота: REUTERS/Valentyn Ogirenko

На меркаванне эксперта, выкарыстанне дэзынфармацыі ў барацьбе з расейскімі спецслужбамі цалкам абгрунтаванае. Бо цяжкі час вымагае адпаведных захадаў.

«Мы на вайне, а не ў прэс-туры. Таму мы мусім і паводзіць сябе, як на вайне», – падсумоваў Лаўэр.

На гэтай «вайне» спецаперацыю СБУ з удзелам Аркадзя Бабчанкі эксперты называюць перамогаю. Прынамсі часоваю і частковаю, бо замоўцы ўсцяж на свабодзе. Ейнае выкананне было неідэальным і нанесла ўдар па рэпутацыі медыяў ва ўсім свеце. Адначасова спецаперацыя палепшыла імідж самой Службы Бяспекі і выслала выразны сігнал расейскім спецслужбам, што Украіна здольная даць адпор.

Матэрыял Вольгі Жарнасек выйшаў у эфір у «ПраСвеце» з Сяргеем Пелясою 1 чэрвеня

Hавiны