«Трэба рыхтаваць будучых байцоў». Як прайшоў «Несмяротны полк» у Менску


На Дзень Перамогі ў Менску на акцыю «Несмяротны полк» сабраліся больш за 500 чалавек. Яны неслі плакаты з фотаздымкамі сваякоў, загінулых у вайне, а таксама партрэты Леніна, Сталіна, чырвоныя сцягі ды георгіеўскія стужкі. Карэспандэнтка Belsat.eu пагутарыла з удзельнікамі і перадае атмасферу падзеі.

Сёлета гарадскія ўлады не санкцыянавалі шэсця па цэнтры Менску, якое пачаткова планавалі правесці актывісты «Несмяротнага палка». Аднак ім дазволілі сабрацца а 10-ай гадзіне на пікет-мітынг каля дому Першага з’езду РСДРП на плошчы Перамогі. Летась 9 траўня Менгарвыканкам спачатку шэсце забараніў, але ў апошні момант усё ж даў дазвол: тады калоны «Несмяротнага палка» прайшлі ад плошчы Якуба Коласа да манументу Перамогі. Адмову задаволіць заяўку сёлета адразу заўважылі ў Крамлі:

«Не заўсёды зразумела, пра чые рашэнні ідзе гаворка і што прывяло да такіх рашэнняў», – сказаў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Удзельніца акцыі «Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота «Белсат»

Людзі пачалі збірацца каля дому РСДРП за гадзіну да пачатку. Праходзім праз металадэтэктар, паказваем торбы міліцыянтам у цывільным і апынаемся пасярод натоўпу колеру хакі з чырвонымі плямамі расцяжак. «Наше дело правое – победа будет за нами» – напісана на адной з іх. Жанчына з кучай георгіевак працягвае мінакам стужкі. «Не, з вашым тэлеканалам я справы мець не хачу», – адварочваецца яна, калі называемся. Аказалася, гэта Валянціна Сцяпанава, экс-дырэктарка кінафестывалю «Лістапад». На пытанне, адкуль у яе такія аптовыя запасы георгіеўскіх стужак, адказвае, што іх «недзе набыў сябар».

Валянціна Сцяпанава, экс-дырэктарка кінафестывалю «Лістапад». Фота «Белсат»

Колькасць удзельнікаў «Несмяротнага палка», апранутых у савецкую форму, кідаецца ў вочы. Прычым збольшага ў гімнасцёрках і пілотках шпацыравалі маці з малымі дзеткамі. Адная з іх распавяла, што для свайго 2-гадовага сына ўзяла на пракат вайсковую форму найменшага памеру. Побач круціцца падлетак. Ён урачыста нацягвае на патыліцу пілотку з прышытым шэўронам-трыкалорам.

«Гэта мы набылі ў Маскве на мінулым парадзе!» – з гонарам тлумачыць ягоная маці, трымаючы два чорна-белыя фотаздымкі.

З першага напужанымі вачыма глядзіць 20-гадовы артылерыст, загінулы ў першы год вайны, з другога – немалады стомлены мужчына на імя Самуіл Лазаравіч. Запытваем у жанчыны, ці лічыць яна неабходным ладзіць падобныя вулічныя маршы, але прысвечаныя памяці ахвяраў рэпрэсіяў. «Маю сям’ю рэпрэсіі не закранулі. Так што не трэба правакацыйнымі пытаннямі раз’ядноўваць народ!» – раздражняецца тая.

«Несмяротны полк». Фота «Белсат»
Дзеці на акцыі «Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота «Белсат»

Наагул тэма злачынстваў савецкай улады выклікае ва ўдзельнікаў «Несмяротнага палка» нервовую рэакцыю. Заўважаем румянага дзядзьку з партрэтам Сталіна. Цікавімся, чаму менавіта Сталін, а не дзед або бацька. «А я нават не ведаю, ці ваявалі мае родныя і дзе ваявалі, таму і прынёс гэты партрэт. А каго мне яшчэ браць?». Ягоная спадарожніца тыцкае журналістку ў плячо: «Дзевушка, скажыце, чаго вы прычапіліся да Сталіна са сваймі рэпрэсіямі? Сёння невінаватыя людзі не сядзяць ці што? А калі чалавек здраднік радзімы – дык ён павінен быў сесці. Два мільёны – не два мільёны, праверыць нельга!».

«Несмяротны полк». Фота «Белсат»

Непадалёк праходзяць хлопец і дзяўчына ў форме працаўнікоў НКВД. Маладзёны прыехалі на акцыю з Масквы. «Я адміністратар суполак «Героі НКВД» і «Вясёлы чэкіст», прысвечаных менавіта тым чэкістам, якія змагаліся і загінулі ў вайну. Ім было года па 24, як нам цяпер! Апрануўшы гэтую форму, я хацела падкрэсліць свае стаўленне да іх», – кажа Паліна Клычова, якая лічыць сябе камуністкаю і «расейскай апазіцыянеркай». Ейны паплечнік Аляксандр – хлопец са светлымі вусікамі і кабурой на скураным рамяні – дадае: «Не, мы рэпрэсіяў не апраўдваем: калі следчыя фабрыкавалі справы – гэта проста агідна».

Паліна Клычова і Аляксандр. Фота «Белсат»

Лунае над «Несмяротным палком» і партрэт Леніна (які памёр за 15 гадоў да пачатку вайны). «Калі б не было Леніна – то і Сталіна не было б, і Перамогі таксама. А так ён руку да гэтага прыклаў. Эканоміка была нармальная, а не капіталістычная, як цяпер. Прадалі ўсю краіну, а самі ў галечы ды лайне», – наш суразмоўца да белых касцяшак сціскае дрэўка плакату. Ззаду на яго шыпяць сябры: «Думай, што і каму кажаш, дурны».

«Несмяротны полк». Фота «Белсат»

Тым часам «Несмяротны полк» пад кіраўніцтвам былога дэпутата-камуніста (і заяўніка акцыі) Валерыя Драко рушыць да стэлы. Дэманстранты з георгіеўкамі змешваюцца з удзельнікамі афіцыйнай імпрэзы «Беларусь памятае», на якую сабраліся ў асноўным бюджэтнікі, чальцы праўладнай «Белай Русі» і БРСМу. З трыбуны пачынае прамаўляць Лукашэнка ў атачэнні сваіх сыноў, але, падаецца, натоўп слухае не ўважліва, усе больш занятыя сабой: ладзяць фотасесію з дзецьмі ў форме чырвонаармейцаў. Маленькія пухнатыя хлопчыкі віснуць на бацьку. Мужчына кажа:

«У нас у сям’і заўжды як лічылася: не служыў у войску – не мужык. Мы сыноў да гэтага з маленства прывучваем. Трэба рыхтаваць будучых байцоў, у свеце цяпер неспакойна».

Лукашэнка з сынамі ўскладае кветкі на Плошчы Перамогі. Менск. 9 траўня 2019 г. Фота – Natalia Fedosenko/TASS
Удзельнікі акцыі «Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота «Белсат»

Прарасейскі актывіст Сяргей Ланавенка таксама прыйшоў сёння з сынам. У Сяргея на лацкане курткі – значак са сцягам ДНР. Ён для нечага паведаміў нам, што неўзабаве збіраецца «завезці чарговы груз у Першамайскі раён Данецку». Ланавенка сцвярджае, што возіць гуманітарную дапамогу «дзецям Данбасу» як мінімум раз на год. Паводле словаў актывіста, ён робіць гэта ўласнымі сіламі, не каардынуецца з ніякімі фондамі, знаёмыя баевікі яму нібыта не дапамагаюць.

Сяргей Ланавенка. Фота «Белсат»
Чальцы менскага філіялу прапуцінскага клубу «Начныя ваўкі» на акцыі. Фота «Белсат»

У натоўпе кучна трымаецца невялікая групка байкераў з менскага філіялу прапуцінскага клубу «Начныя ваўкі». Ад каментароў яны катэгарычна адмаўляюцца, не хочуць нават распавесці гісторыю дзядоў, чые партрэты прынеслі. «Прыходзьце да нас на нефармальную размову», – выдыхаючы пах алкаголю ў твар журналістцы, усміхаецца іхны кіраўнік Аляксей Вакульчык.

За вялікімі банерам з надпісам «Несмяротны полк» стаяць дзве жанчыны са сцяжкамі-трыкалорамі. На пытанне, навошта прынеслі менавіта іх, адказваюць:

«Ну, кшталту сяброўства народаў… Але, па шчырасці, для нас гэта справа асабістая, ужо амаль усе сваякі ў Расею з’ехалі жыць. Разумееце, Расея – гэта наш лёс».

Удзельнікі акцыі «Бессмяротны полк» у Менску. 9 траўня 2019 г. Фота «Белсат»

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў