Трамп увёў санкцыі супраць металургічнай прамысловасці Ірана


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп увёў новыя санкцыі супраць Ірана праз некалькі гадзін пасля таго, як прэзідэнт Ірана заявіў аб адмове выконваць некаторыя элементы шматбаковага пагаднення па ядравай праграме Тэгерану.

Пра гэта паведамляе golos-ameriki.ru.

Ва ўказе Трампа гаворыцца аб увядзенні санкцыяў у дачыненні да экспарту іранскіх металаў – сталі, алюмінію, медзі і жалеза. Металургічная прамысловасць Ірана складае другі важны артыкул даходаў пасля нафты, якая таксама апынулася пад санкцыямі.

«Мы паспяхова вядзем самую магутную кампанію аказання максімальнага ціску, якая калі-небудзь была і якую сённяшнія дзеянні яшчэ больш умацуюць. Тэгеран можа чакаць далейшых дзеянняў, калі ён прынцыпова не зменіць свае паводзіны», – заявіў Трамп.

  • Напружанасць у стасунках паміж Іранам і ЗША ў апошні час узмацнілася. У траўні адміністрацыя Трампа накіравала на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. Таксама ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў, і ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі ў спіс тэрарыстычных арганізацыяў.
  • 8 траўня прэзідэнт Ірана Хасан Рухані абвясціў, што ён адмаўляецца выконваць некаторыя палажэнні пагаднення, заключанага ў 2015 годзе з шасцю сусветнымі дзяржавамі па ядравай праграме Тэгерану. Ён папярэдзіў, што зробіць далейшыя дзеянні праз 60 дзён, калі еўрапейскія краіны не дапамогуць Ірану справіцца з наступствамі амерыканскіх санкцыяў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў