Топ-7 падзеяў 2018-га. Што мы запомнілі ў гэтым годзе?


Рэдакцыя Belsat.eu падвяла субʼектыўныя вынікі 2018 года. Мы сабралі сямёрку самых значных сёлетніх падзеяў, якія часам прыемна, а часам і балюча ўзгадаць.

БНР – гэта вам не ВЛКСМ

Самая яскравай падзеяй, безумоўна, стала святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі і святочны канцэрт у цэнтры Менску 25 сакавіка, які сабраў дзясяткі тысячаў чалавек пад нацыянальнай сімволікай. Вядома, яго суправаджаў хапун тых, хто ішоў не так і не там, само месца святкавання было аточанае, а дроны па-над імі скрадзеныя.

Дый шыльду да 100-годдзя БНР, якую ўлады былі дазволілі, яны ж пасля і не далі павесіць. Але маштаб падзеі быў уражвальны настолькі, што чыноўнікам давялося тэрмінова прыдумляць свой БНР-імітатар, ролю якога выканала нафталінавае 100-годдзе камсамолу.

Пераломны год для біятлону

2018 год можна лічыць пераломным для беларускага біятлону. 25 чэрвеня абвесціла пра завяршэнне сваёй спартовай кар’еры чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету, срэбраная і бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў, уладальніца Вялікага крыштальнага глобуса і пяці Малых, Герой Беларусі Дарʼя Домрачава.

Менш чым за месяц да яе сваю кар’еру завяршыла іншая беларуская біятланістка – залатая і бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў Надзея Скардзіна. Толькі ўзімку ў Паўднёвай Карэі яны разам з Ірынай Крыўко і Дзінарай Алімбекавай заваявалі ў эстафеце золата, а ўлетку ўжо завяршылі свае кар’еры. Без іх беларускаму біятлону будзе вельмі цяжка.

Фото+Видео
Топ-10 событий, которые потрясли Россию в 2018
2018.12.26 15:20

Беларусь стала бліжэйшая свету

Таксама ў 2018 годзе Беларусь стала бліжэйшай да іншых краінаў свету. 24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка ўдвая падоўжыў бязвізавы рэжым, уведзены за паўтара года да таго для грамадзянаў 80 краінаў, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт і адлятаюць праз яго ж. На пачатак снежня такой магчымасцю ўжо скарысталіся каля 180 тыс. чалавек. Таксама сёлета ўступілі ў моц пагадненні пра бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Кітаем ды Гон-Конгам. Апроч таго, беларусам цяпер не трэба ездзіць у іншыя краіны, каб атрымаць візу ў ЗША.

Справа БелТА – ці ўсё-такі cправа TUT.by?

Самай змрочнай падзеяй 2018 года стала «cправа БелТА». У дачыненні галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай заведзеная крымінальная справа – паводле ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу. Гэта дае падставы меркаваць, што «справа БелТА», як яе назвалі спачатку, насамрэч, ёсць «справай TUT.by» з мэтай «нармалізаваць» найбуйнейшы незалежны партал краіны – адпаведна прыкладу расейскай Lenta.ru.

Менскі гарадавы

Самай кур’ёзнай падзеяй, на нашае меркаванне, быў выпадак з гарадавым – дакладней, з яго скульптурай насупраць будынку МУС у Менску. Акцыі грамадскіх актывістаў супраць яе пачаліся неўзабаве пасля яе адкрыцця ў сакавіку 2017 года. Але найбольшы рэзананс сітуацыя вакол помніка атрымала сёлета ў лістападзе, калі на сайце МУС з’явілася відэа, на якім 16-гадовы падлетак просіць прабачэння ў помніка гарадавому за тое, што пляснуў яму па твары.

У адказ менчукі сталі прасіць прабачэнні ва ўсіх помнікаў, павязваць гарадавому шалікі, спрабавалі яго расцалаваць і нават усклалі пахавальны вянок. Вінаватым у з’яўленні відэа палічылі міністэрскага прэс-сакратара Георгія Яўчара, які якраз падчас скандалу страціў сваю пасаду. Але высветлілася, што ідэя належала міністру Анатолю Шуневічу. Для чаго? «А для таго», – аргументаваў сваё рашэнне ён, бо ён жа «адэкватны чалавек», калі вы раптам маглі падумаць супрацьлеглае.

Дармаеды 2.0

У «дармаедскую» базу звестак трапілі каля 500 тыс. чалавек, якім зноў даводзіцца даказваць, што яны не дармаеды. І гэта пры тым, што беспрацоўных у краіне менш за 15 тыс. чалавек.

«Асобам працаздольнага веку, не занятым у эканоміцы», ужо з новага года прыйдзецца аплачваць 100 % тарыфаў на паслугі ЖКГ, ім давядзецца плаціць за медычную дапамогу ды іншыя даброты «крыштальнага сасуда».

Інтэграцыйны манеўр

Завяршаецца 2018 год традыцыйна нафтагазавымі спрэчкамі паміж Менскам і Масквой. Прычына – падатковы манеўр у Расеі, у выніку якога Беларусь бліжэй да 2024 года можа пачаць атрымліваць расейскую нафту за кошт, блізкі да агульнасусветнага. Гэта, сярод іншага, ударыць і па нафтаперапрацоўчых і нафтаэкспартных здольнасцях Беларусі. У Менску палічылі, што такія дзеянні супярэчаць дамовам пра ЕАЭС, пры стварэнні якога дамаўляліся пра агульны нафтавы рынак. Аляксандр Лукашэнка нават заявіў, што і сэнсу ў такім саюзе няма.

Манеўры манеўрамі, а пакуль жа выдаткі беларускім НПЗ кампенсуюць самі беларусы – разам з ростам коштаў на бензін.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў