Топ-7 дасягненняў Лукашэнкі са словаў удзельнікаў пікету ў Горадні


Паказальны пікет для збору подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны прадэманстравалі ў Горадні функцыянеры з «Белай Русі», БРСМ і дзяржаўных прафсаюзаў. Наведаў імпрэзу старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Пікет дзеля збору подпісаў вырашылі зладзіць на пешаходнай вуліцы Савецкай ля ўнівермагу акурат у час, калі людзі вяртаюцца з працы, – паміж 17-й ды 19-й гадзінамі. Ля прыступак універмагу паўстала некалькі намётаў з чырвона-зялёнымі сцягамі, сімволікай СПБ ды партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі. Побач БРСМ усталяваў калонкі з музыкай ды змайстраваў імправізаваную пляцоўку для міні-гольфу.

З інспекцыяй пікет наведаў і Міхаіл Орда, старшыня ФПБ. «Бачым, што людзі ідуць, вельмі вялікая актыўнасць, каб падтрымаць кіраўніка дзяржавы, свайго прэзідэнта!» – заўважыў сп. Орда. Гарадзенскі пікет ён ацаніў вельмі высока, паабяцаў, што будзе яшчэ шмат пікетаў. На пытанне, дзе і калі, адказаў ёміста: «Дзе людзі папросяць, там і паставім: мы ідзем ад просьбаў людзей!», а пасля хуценька сышоў ад журналістаў.

На пікеце старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.
Фота: belsat.eu

Мы вырашылі спытацца ў людзей, якія прыйшлі падпісацца за Лукашэнку, пра дасягненні дзейнага лідара. Атрымалася топ-абойма.

1. «Моладзь добра адзетая»

«Я бачу сваю краіну квітнеючай, моладзь добра адзетая, дарослыя цудоўна сябе адчуваюць, – кажа ветэранка вайны Валянціна Баранава, на адзенні жанчыны шмат медалёў. – Я з імі сустракаюся падчас адпачынку, у клубах: бачу вясёлыя добрыя вочы. Я ніколі не чула, каб нехта быў супраць таго ладу, які ў нас ёсць. Я згодная з Лукашэнкам! Ён кажа, маўляў, давайце сябраваць нават з тымі, з кім няма згоды ў нейкіх пытаннях. Лепш дрэнны мір, чым добрая вайна!»

2. «Стабільныя заробкі»

Падыходзім да чатырох жанчын, якія стаяць у чарзе, каб пакінуць подпіс. Пасля пытання – паўза. Але адна з чатырох усё ж адказвае: «Стабільныя заробкі, плоцяць дзень у дзень. Стабільнае працоўнае месца. Горад квітнее, тут казаць не трэба – варта проста паглядзець!»

Андрэй Ярашэвіч, гарадскі кіраўнік прафсаюзаў. Горадня, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

Астатнія нічога не дадаюць, але кажуць, што згодныя.

3. «Мір і спакой»

Жанчына гадоў сарака кажа, што «Мір і спакой – галоўнае дасягненне». Але ёсць і пажаданні: «Трэба бліжэй быць да моладзі ў плане тэхналогіяў, усё ж новае стагоддзе. Не па-старому жыць, але ў нагу з часам. Каб была праца для моладзі ды заробкі павысіць. А зрэшты – усё добра».

Пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзейнага кіраўніка краіны. Горадня, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

Аказалася, што жанчына працуе настаўніцай, таму ёсць і нараканні: «У нас у педагогаў заробак вельмі нізкі, не дастаткова, нават блізка!»

4. «Ён нам усё дае, дадае пенсію»

Вось яшчэ тры жанчыны, якія, на жаль, не гатовыя адказаць на пытанне пра дасягненні. Кажуць: «Трэба падумаць» і «Без каментароў!» Аднак, на пытанне, ці пойдзеце галасаваць за дзейнага кіраўніка, адказваюць, што так. Жанчына пенсійнага веку, сыходзячы, кажа: «Ён нам усё дае, дадае пенсію, дае магчымасць працаваць! Толькі за яго!»

5. «Я атрымаў кватэру»

Падыходзім да пары сярэдняга веку. Жанчына адказваць не хоча, а муж пагаджаецца: «Я атрымаў кватэру, згодна з загадам прэзідэнта. Нумар загаду не памятаю… Каб не ён, не атрымаў бы. Я дыябетык, пасля інфаркту. Параіў бы яшчэ для гэтых людзей, хворых, каб прадукты дыетычныя танней троху зрабілі».

Пікет па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзейнага кіраўніка краіны. Горадня, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

Мужчына кажа, што працуе бухгалтарам.

6. «Падтрыманне прафкаму, БРСМ, «Белай Русі»

А вось зусім малады хлопец у масцы і з пашпартам у руках. Кажа, што з дасягненняў нешта адно вылучыць складана, але дадае: «Мірнае неба над галавою, дапамога моладзі. Канкрэтна? Падтрыманне арганізацыяў – прафкам, БРСМ, Белая Русь – усіх. Чаго чакаць? Канкрэтных чаканняў няма – я проста абіраю дзейнага прэзідэнта», – мяркуе хлопец.

7. «Прыватны сектар заасфальтаваны»

Галіна, якая працуе ў страхавой фірме «Стравіта», пачынае здалёк: «Я прыйшла яго падтрымаць у гэты цяжкі момант, яму цяжка як ніколі. Я трошку на Youtube пагляджу: падымаецца ціск, мне дрэнна ад гэтых бунтароў, якія хочуць раскол зрабіць у краіне… Заробкі насамрэч невялікія, але жыць можна. Што мне можа не падабацца? Калі і муж, і жонка, два заробкі – можна. Адзін – цяжка. Усе пуцёўкі ў турах раскупленыя, усе машыны ў салонах – раскупленыя.

Мэбля ў «Пінскдрэве» раскупленая. І ўсё дрэнна?..»

Фота belsat.eu

Жанчына дадае, што ў курсе сітуацыі з затрыманым блогерам Ціханоўскім:

«Я веруючы чалавек, калі выступаў Ціханоўскі, то малілася каля касцёлу, каб вайны не было. А там усё і здарылася! Ну, чаму не адказаць жанчыне? Адкажы! Я, дарэчы, таксама яму гэтыя пытанні хацела задаць: што вы нам абяцаеце? У нас соль ды бульба. Няма нафты і алмазаў, нічога. Як падняцца?»

Ёсць у спадарыні Галіны і адказ наконт дасягненняў Лукашэнкі:

«Я жыву ў прыватным сектары, і ўвесь прыватны сектар заасфальтаваны. Ці гэта не дасягненне? Калі я прыязджаю ў Польшчу, там адразу за мяжой дарога такая, што яміна на яміне падскоквае. Муж калі едзе ў Расею – тое самае. А ў нас – прыватны сектар асфальтаваны! Лазня класная, адпачываць добра, у парку хораша, чыста. Торцік, марозіва, з унучкай шпацырую. Хапае-хапае!»

Фота belsat.eu

P.S.

Падыходзім яшчэ да адной жанчына гадоў трыццаці пяці. Тая затуляе твар: «Нават не пытайцеся ў мяне, я наагул не ведаю, што тут раблю!» Падказваем: жанчына стаіць, каб аддаць подпіс за дзейнага кіраўніка. Цяжка паспрачацца, таму жанчына дадае: «Я гатовая падпісацца за ўсіх, каб было справядліва».

АК, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў