Топ-5 «залатых» закупак: на што дзяржава выдаткоўвае мільёны долараў?

Belsat.eu прыгледзеўся да сайту дзяржзакупак і даведаўся, на што беларускія ўлады гатовыя сёння выдаткоўваць з бюджэту вялізарныя сумы, якія часам перавышаюць мільён долараў.

1. Нанатэхналогіі за 5 979 121 BYN (2 784 353$)

ААТ «КБТЭМ-ОМО» з Менску займаецца навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі і вытворчасцю спецыяльнага оптыка-механічнага і кантрольна-вымяральнага абсталявання. У снежні 2018-га прадпрыемства набыла ўстаноўку для электронна-промневай літаграфіі за амаль тры мільёны, выдаткаваныя дзяржавай.

Тэндар на пастаўку і ўстаноўку дарагога абсталявання японскай вытворчасці выйграла кампанія з Сінгапуру, якая назваецца SUARA SEPI SDN. BHD. Устаноўка для электронна-промневай літаграфіі – гэта прылада, якая выкарыстоўваецца ў нанаінжэнеры і мікраэлектроніцы. Кажучы простымі словамі, яна ўяўляе з сябе набор высокадакладных мікраскопаў для стварэння аптычных структур для элементаў абароны ад падробак (напрыклад, вадзяных знакаў і галаграмаў).

2. Меліярацыя для Віцебскай вобласці – 3 400 000 BYN (1 583 324$)

Дзяржаўнае аб’яднанне «Белвадгас» праводзіць аўкцыён на «Тэхнічны дагляд на меліярацыйных і водагаспадарчых сістэмаў у раёнах Віцебскай вобласці». У дакументах, размешчаных на сайце, пазначана, што, сярод іншага, у комплекс мерапрыемстваў уваходзіць меліярацыя водных угоддзяў.

Яе збіраюцца праводзіць на адным аб’екце ў кожным з 21 раёнаў вобласці. Дамова (цяпер знаходзіцца на этапе падпісання) разлічаная на аказанне гэтых паслугаў да канца снежня бягучага году.

3. Шчэпа паліўная для Полацкай ЖКГ за 2 280 000 BYN (1 303 914$)

КУП «Жыллёва-камунальная гаспадарка Полацку» заключыла дамову на пастаўку драўлянай шчэпы, якая будзе выкарыстоўвацца як паліва для кацельных на суму. Са шматлікіх абвестак вытворцаў шчэпы вынікае, што яе прыкладны рынкавы кошт варʼіруецца ў дыяпазоне 15-30 рублёў за кубічны метр. Аднак дакументы аўкцыёну, размешчаныя Полацкай ЖКГ, сведчаць: там набылі шчэпу па 38 рублёў/м³.

Паводле перапісу насельніцтва ад 2016 года, насельніцтва Полацкага раёну складае 108 389 чалавек.

4. Светладыёдны экран для Палацу Рэспублікі – 2 380 000 BYN (1,108,316$)

Палац Рэспублікі ад 13 лютага 2019 года праводзіць тэндар на пастаўку светладыёднага экрана плошчай 400 квадратных метраў. Экран сапраўды вялікі – такі можна выкарыстоўваць для грандыёзных шоу. Таксама вядома, што Палац Рэспублікі здае некаторае абсталяванне ў арэнду. На дадзены момант закупка знаходзіцца ў статусе падачы прапановаў ад патэнцыйных зацікаўленых пастаўшчыкоў. Рынкавы кошт такога экрану адрозніваецца ў залежнасці ад кампаніі-дыстрыб’ютара тавара.

Прэс-канферэнцыя кіраўніка краіны ў Палацы Рэспублікі. Фота ITAR-TASS/ Alexei Filippov

Гэтак, мы высветлілі, што ТАА «ІвэнтЭкспаГруп» прапануе арэнду вялікіх светладыёдных экранаў за 250 рублёў/кв.м. Гэта значыць, што за 400 кв. м гіпатэтычна Палац Рэспублікі мог бы аддаць не больш за 100 тысяч рублёў.

5. Рыба для войска – 1 556 476.76 BYN (724 825$)

Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны набывае звыш 177 тонаў свежамарожанага мінтая, больш за 106 тонаў скумбрыі і каля 72 тонаў аргентыны. Улічваючы, што колькасць беларускага войска – 65 тысяч жаўнераў, атрымліваецца па амаль тры кілаграмы мінтая, прыкладна паўтара і адзін кілаграм іншай рыбы адпаведна на аднаго чалавека. Адметна, што перыяд пастаўкі, паводле дакументаў – з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года. Пры гэтым норма ўжывання рыбы для дарослага чалавека, рэкамендаваная беларускім Мінаховы здароўя, складае ад 16 да 24 кілаграмаў на год.

Цяпер аўкцыён знаходзіцца на стадыі разгляду прапановаў ад пастаўшчыкоў.

Беларускае войска: як вярнуцца адтуль жывым?

КА, belsat.eu

Hавiны