Толькі ў Менску 19 чэрвеня міліцыя затрымала каля сотні чалавек. Некаторыя кажуць, што іх білі


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў новыя дадзеныя наконт масавых затрыманняў падчас акцыяў салідарнасці 19 чэрвеня.

Па стане на 14:25 20 чэрвеня праваабаронцы вядома пра 98 затрыманых толькі ў Менску – гэта ўдзельнікі «жывых ланцугоў», журналісты і проста мінакі. Каля 10 чалавек паведамілі ПЦ «Вясна», што іх пры затрыманні білі.

У РУУС Партызанскага раёну прыкладна ў 15 чалавек забралі мабільныя тэлефоны і не вярнулі, калі людзей пачалі выпускаць. Сказалі, што «згубілі» і аддадуць пазней. Аднаму з затрыманых не вярнулі powerbank и трыпод для тэлефона. У РУУС Першамайскага раёну людзей прымушалі падпісваць пратаколы і пагаджацца з напісаным, інакш «павязуць на Акрэсціна на «суткі». А ў Цэнтральным РУУС міліцыянты вырашылі пайсці яшчэ далей і казалі затрыманым, каб тыя прасілі прабачэння ў судзе за свае дзеянні.

У Бабруйску міліцыя затрымала каля дзясятка чалавек, у тым ліку трох журналістаў. У Гомлі – мінімум 9 (без уліку прэвентыўна затрыманых), у Віцебску – не менш за 7, у Магілёве – мінімум 6, у Наваполацку – 9. У Маладзечна, Воршы, Слуцку, Берасці і Горадні затрыманыя мінімум па аднаму чалавеку.

Такім чынам, паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, увечары 19 чэрвеня па ўсёй Беларусі былі затрыманыя больш за 140 чалавек.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў