Тэставанне на антыцелы да каронавірусу: калі і для каго?


Тэст на каронавірус з аналізу крыві. Ілюстратыўны здымак Pixaby

На наступным тыдні ў Беларусь даставяць новую партыю экспрэс-тэстаў. Тады паслугаю зможа скарыстацца кожны, але платна. Пытанне, ці варта?

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік абяцае, што такія тэсты будуць каштаваць каля $ 4,2, то бок амаль Br 10. Каб зрабіць тэст, трэба крапнуць кроў на адмысловую тэст-палоску і пачакаць на вынік. Міністр кажа, што тэставанні на антыцела патрэбныя, каб вызначыць, наколькі грамадства імунізаванае:

«Нельга выключаць верагоднасць другой хвалі захворвання ў восеньска-зімовы перыяд. Таму мы будзем праводзіць даследаванні, каб вызначыць імунную праслойку сярод нашага насельніцтва. У нейкіх рэгіёнах гэта будзем рабіць цэнтралізавана, а дзесьці будзе наладжаная магчымасць прайсці ўсім ахвочым».

9 траўня ўжо прывозілі 100 тысяч кітайскіх экспрэс-тэстаў. 13 траўня прыехала яшчэ 40 тысяч тэстаў, пра што паведаміла намесніца міністра па ахове здароўя Алена Богдан. На гарачай лініі РНПЦ «Белсату» патлумачылі, што даследаванне робіцца 15 хвілін:

«Першыя атрыманыя тэсты перадалі ва ўстановы аховы здароўя, дзе лечацца хворыя на каронавірус. Гэтыя тэсты выяўляюць, ці чалавек у вострай фазе, хварэе, ці ён ужо перахварэў».

Пра інфекцыю ў арганізме сведчаць імунаглабуліны М. Калі чалавек ужо перахварэў, тэст пакажа імунаглабуліны G.

Hавiны
«Трэба спыняць эпідэмію». Што адбываецца ў мястэчку Свір, дзе шмат людзей хварэюць на пнеўманіі
2020.05.14 16:11

Партал TUT.BY паведамляў, што ў Стоўбцах, дзе шмат хворых на COVID-19, зрабіць тэст можна ўжо. Карэспандэнтка «Белсату» патэлефанавала ў Стоўбцаўскую ЦРБ і пацікавілася, ці можна здаць аналіз. Атрымала адмоўны адказ:

«Экспрэс-тэстаў ужо няма. 13 траўня рабілі і тэсты скончыліся. Людзей дастаткова шмат было. Гэта ў нас было ўпершыню і доўжылася літаральна пару дзён. Робіцца тэст 15-20 хвілін, каштуе Br 42,81. Калі яшчэ будуць тэсты, вы зможаце пабачыць на старонцы».

Што з тэстамі на антыцелы ў іншых краінах?

Лабараторныя даследаванні. Ілюстратыўны здымак Pixaby

У Польшчы хуткі тэст даступны для кожнага і каштуе прыкладна $ 35. Тэст можна зрабіць у вызначаных паліклініках.

У Чэхіі ж тэсты каштуюць прыкладна $ 10, іх можна зрабіць у шпіталях.

Чэхія ад 24 да 30 красавіка нават правяла «масавыя» экспрэс-тэставанні насельніцтва, каб даследаваць, ці вялікая частка насельніцтва перахварэла на каронавірус. Навукоўцы тэставалі каля 27 тысячаў асобаў па ўсёй краіне. У выніку толькі ў 107 чалавек знайшлі антыцелы. Міністр аховы здароўя зрабіў выснову, што «ступень імунізацыі чэшскага грамадства вельмі нізкая».

Hавiны
Шпіталі ў Баранавічах: пенсіянеры звальняюцца, медыкі агульнай практыкі інфікаваныя каронавірусам
2020.05.13 16:30

Сапраўды масавае ІФА-тэставанне плануюць запусціць ва Украіне. Яно больш дакладнае за экспрэс-тэставанне, але выніку трэба чакаць 2 гадзіны. ІФА-тэст можна зрабіць толькі ў лабараторных умовах. Пра гэта 23 красавіка паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Віктар Ляшко:

«Думаю, у бліжэйшы час пачнуцца масавыя тэставанні насельніцтва на наяўнасць антыцелаў. Так, мы сёння не маем дакладных навуковых звестак, якія пацвярджаюць, як доўга трывае імунітэт. Пакуль можам меркаваць, што імунітэт тых, хто мае антыцелы, захоўваецца 3 месяцы».

Паводле міністра, сетка ўкраінскіх лабараторыяў гатовая рабіць мільён тэстаў у содні. Цяпер распрацоўваюць украінскія тэсты. Да таго ж некаторыя прыватныя лабараторыі замаўляюць нямецкія і амерыканскія ІФА-тэсты. Экспрэс-тэсты ва Украіне можна набыць нават у аптэках ці праз інтэрнэт. Каштуюць яны $ 13-23. Некаторыя прыватныя клінікі прапаноўваюць зрабіць тэст дома ў пацыента.

Біялагічныя аналізы ў лабараторыі. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра пачатак масавых бясплатных ІФА-тэставанняў у сталіцы. Акцыя распачнецца ад 15 траўня і будзе пашырацца да 200 тысяч тэстаў на дзень. У Расеі ўжо ёсць зарэгістраваныя тэсты на выяўленне антыцелаў адныя з лепшых у свеце.

Нью-Ёрк ужо стаў мегаполісам, дзе масава тэстуюць насельніцтва на антыцелы. У ЗША ІФА- і экспрэс- тэсты на антыцелы прапаноўваюць ажно 200 вытворцаў. Але з іх Упраўленне па кантролю за прадуктамі і лекамі ўхваліла толькі 12. У сярэднім экспрэс-тэсты па ЗША каштуюць $ 25. Іх можна набыць у інтэрнэце, але якасць такіх тэстаў пад сумневам.

Зрабіць ІФА-тэст на антыцелы можа не кожны. Усё залежыць ад таго, дзе жыве чалавек. Не ўсім можна самастойна зрабіць тэст у мясцовым шпіталі. Але свае паслугі за 75-250 долараў прапаноўваюць некаторыя лабараторыі.

Першаю краінай, якая робіць масавае агульнанацыянальнае тэставанне на антыцелы, была Нямеччына. Там паўнавартасная страхавая сістэма, таму пры паказанні лекара ІФА-тэсты на антыцелы аплочваюць страхавыя кампаніі. Тэст можна зрабіць і самастойна, але платна, прыкладна за $ 60. У страхоўку экспрэс-тэставанне не ўключанае. Хуткія тэсты прадаюць у інтэрнэце: выбар невялікі, цана – $ 20.

Тэсты на антыцелы недакладныя

Лекар у лабараторыі.
Фота: 6437190 © Newphotoservice – Dreamstime.com

Загадчыца аддзелу рэпрадукцыі вірусаў Інстытуту мікрабіялогіі і вірусалогіі НАН Украіны Святлана Загародняя распавяла нам, што масавае тэставанне дазваляе выявіць людзей, якія перанеслі інфекцыю бессімптомна:

«Гэта дазволіць пабачыць маштаб распаўсюду вірусу сярод насельніцтва краіны. Калі не памыляюся, то ў Нямеччыне робяць тэсты кожнаму чалавеку. Калі ў Беларусь прывязуць дзясяткі, дзвесце тысяч тэстаў, то гэта цяжка назваць масавым тэставаннем. Магчыма, для аднаго гораду гэтага дастаткова – можна правесці даследаванні. Але ў маштабе краіны – гэта нязначна».

Hавiны
Каля 600 хворых на пнеўманію ляжаць у ЦГБ Берасця
2020.05.16 10:35

Тэставанні робяць, каб выявіць як мага больш людзей, у якіх хвароба працякала ў лёгкай форме. Каб асобны грамадзянін ведаў, ці можа прыбываць у грамадстве без небяспекі заразіць іншых. Хто мае антыцелы, можа стаць донарам плазмы крыві для цяжка хворых на СOVID-19. Метад пералівання першымі пачалі выкарыстоўваць у ЗША з надзеяй, што антыцелы дапамогуць змагацца з хваробаю ў целе са слабым уласным імунітэтам.

«Але тут важна ўлічваць, што экспрэс-тэсты могуць даць недакладны вынік, некаторыя з іх не спрацуюць. Трэба глядзець, наколькі ў іх высокая адчувальнасць і спецыфічнасць», – удакладняе Святлана Загародняя.

Паводле вірусолага, у Беларусі, якая не ўвяла каранцін, найбольш важна выявіць і ізаляваць бессімптомнікаў:

«Таксама ў гэтых людзей неабходна правесці больш спецыфічны аналіз на прысутнасць узбуджальніка, назіраць за такім пацыентам, у якога патэнцыйна пры наяўнасці вірусу могуць развіцца клінічныя сімптомы».

Святлана Загародняя лічыць, што ў Беларусі, дзе людзі ходзяць на працу, тэставанне можна правесці ў арганізацыях і на прадпрыемствах.

«Але таксама важна праводзіць правільную інфармацыйную палітыку. Чалавек можа пабачыць, што ў яго ёсць антыцелы і падумаць, што гэта дрэнна. А гэта наадварот добра, бо ў чалавека выпрацоўваецца імунітэт да гэтага патагену. Але нават калі тэст паказаў антыцелы класу IgM, то каб быць упэўненымі ў наяўнасці каронавірусу, трэба здаць тэст ПЦР».

Цяпер у свеце ёсць тры спосабы выяўлення каронавірусу. ІФА-тэст і экспрэс-тэсты выяўляюць каронавірус дзякуючы інфармацыі пра антыцелы. Сусветная Арганізацыя Здароўя папярэджвае, што эфектыўнасць выяўлення каронавірусу праз тэсты на антыцелы яшчэ не даказаная, а наяўнасць антыцелаў – не абавязкова сведчыць пра моцны імунітэт.

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў