«Татальная несвабода» і пошук формулы поспеху. Чаго не стае сучаснай моладзі?


У менскім «Press Club Belarus» 4 снежня прэзентавалі сацыялагічнае даследаванне пра выклікі, якія паўстаюць сёння перад моладдзю ў чатырох краінах постсавецкай прасторы – Расеі, Беларусі, Украіне і Арменіі. Падчас дыскусіі, якую мадэравала Жанна Нямцова, абмеркавалі прымусовае размеркаванне студэнтаў, удзел у пратэстах, працоўныя перспектывы і нават закранулі тэму інтэграцыі.

«Выйсці з сістэмы»

У сваім даследаванні папулярны расейскі сацыёлаг – прафесар Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук Рыгор Юдзін – шукае адказ на пытанне, як сістэма няроўнасці ўплывае на шанцы ды стратэгіі моладзі. З ліпеня да кастрычніка гэтага года Юдзін запісаў больш за 50 інтэрв’ю і апытаў дзве фокус-групы ў чатырох краінах. У Беларусі даследнік сабраў меркаванні студэнтаў менскіх і магілёўскіх установаў адукацыі ды параўнаў іх з адказамі расейскіх маладзёнаў.

Расейская моладзь упэўненая, што жыве ў несправядлівай сацыяльнай сістэме, падзеленай на класы, якія адмяжоўваюцца адзін ад аднаго маральнымі крытэрамі. У якасці ідэалу справядлівасці ўспрымаюцца краіны Паўночнай Еўропы, дзе дзяржава клапоціцца пра ўсіх чальцоў грамадства. З пазітыўных момантаў: маладзёны ў Расеі сталі лепш разбірацца ў палітычных працэсах і не баяцца крытыкаваць уладаў.

Беларускую моладзь, паводле Юдзіна, сацыяльная справядлівасць непакоіць менш. У цэнтры ўвагі тут – «празмерна жорсткая палітычная сістэма, якая абмяжоўвае магчымасці» і прымушае шукаць перспектывы за мяжой. У міграцыі беларусы ў першую чаргу арыентуюцца на Польшчу. То бок яны, хутчэй, хочуць «выйсці з сістэмы», якая іх не задавальняе, а не змяніць яе.

Амаль усе беларускія рэспандэнты адзначалі, што як галоўную пагрозу ўспрымаюць прымусовае размеркаванне пасля ўніверсітэту і нядаўняе скарачэнне адтэрміновак ад службы ў войску.

Hавiны
Балонская сістэма, размеркаванне і замежны досвед: як рэфармаваць беларускую сістэму адукацыі?
2019.03.29 13:51

«Размеркаванне – гэта форма гвалту»

Дыскусію, пабудаваную вакол высноваў даследавання Юдзіна, вялі выкладчык Сяргей Альшэўскі, дырэктар агенцтва «Твае заўтра» Віталь Каратыш, экс-кандыдаты ў дэпутаты Алана Гебрэмарыям з Рады Асацыяцыі беларускіх студэнтаў і Стась Шашок з «Моладзевага блоку». Журналістка і сузаснавальніца «Фонду Барыса Нямцова» Жанна Нямцова, якая ўпершыню ў жыцці наведала Менск, выступіла ў якасці мадэратара.

Фота Press Club Belarus/Facebook

Як прыклад сацыяльнай няроўнасці ў нашай краіне Альшэўскі прывёў мінулагоднюю статыстыку Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (БІСД), паводле якой 80% грамадзян сродкаў хапае толькі на забеспячэнне штодзённых першасных патрэбаў, 15% здольныя адкладваць грошы час ад часу і толькі 5% могуць сабе дазволіць рабіць гэта рэгулярна. А звесткі за 2019 год сведчаць, што траціна насельніцтва жыве за рысай беднаты.

«У Расеі яскрава адчуваецца разрыў паміж маленькім адсоткам багатых людзей і вельмі вялікім – бедных. Гэты разрыў успрымаецца адначасова як аб’ектыўны, бо нічога немагчыма з ім зрабіць і як неверагодная несправядлівасць. Ці праўда, што ў Беларусі не зусім гэтак?», – пацікавілася Нямцова.

На думку Аланы Гебрэмарыям, у Беларусі разрыў найбольш выразна адчуваецца ў магчымасцях для жыхароў Менску і рэгіёнаў. Сёлета колькасць абітурыентаў з сельскай мясцовасці ў ВНУ істотна панізілася. Сяргей Альшэўскі звязвае гэта з нізкай плацежаздольнасцю ў малых гарадах і вёсках: усё меней бацькоў могуць заплаціць за навучанне дзіцяці.

Алана Гебрэмарыям. Фота Press Club Belarus/Facebook

Для тых, хто паступіў на бюджэт, праблемай нумар адзін робіцца размеркаванне ў рэгіёны.

«Мне падаецца, размеркаванне – форма гвалту, але як ні дзіўна я шмат чуў ад моладзі: «Ой, выдатна, я маю гарантаванае працоўнае месца!». Магчыма, настолькі добра працуюць прапагандысты, што гэта пачалі лічыць нормай? Ёсць шмат іншых спосабаў развіваць рэгіёны, не толькі за кошт размеркавання туды моладзі. Напрыклад, зрабіць вялікія каэфіцэнты да заробкаў, каб людзі з рознымі кампетэнцыямі ехалі ў сельскаю мясцовасць добра зарабіць», – мяркуе Віталь Каратыш.

У чым формула поспеху?

Жанна Нямцова запытала ў аўдыторыі, якую формулу поспеху бачыць для сябе беларуская моладзь?

Жанна Нямцова. Фота Press Club Belarus/Facebook

«Гэта праца ў сферы з нізкімі выдаткамі на працу, напрыклад, інфармацыйныя тэхналогіі і, галоўнае, замежны бюджэт. У Беларусі «увайсці ў айці» значыць быць паспяховым», – сказаў адзін са слухачоў.

«Калі паглядзець дадзеныя Белстату, каля 10 сфер дзейнасці могуць прапанаваць заробак ад 500 долараў, «залатую мару» беларуса. Не толькі айці – той жа Салігорск і здабыча калію, нафтаперапрацоўка», – запярэчыў Стась Шашок.

«Формула поспеху – гэта калі ты маеш рынак і попыт, каб рэалізаваць свае веды. Часта 70% тваіх ведаў і патэнцыялу ляжаць на палічцы, бо яны незапатрабаваныя ў Беларусі. Калі вельмі хочацца застацца ў краіне, пажадана стварыць стартап і супрацоўнічаць з замежнымі партнёрамі», – дадала дзяўчына ў зале.

«З транспарантамі гатовыя стаяць адзінкі»

Паводле слоў Жанны Нямцовай, у Расеі моладзь адчувае неабходнасць у пераменах.

«За апошнія гады моладзь вельмі палітызавалася, не ў апошнюю чаргу дзякуючы працы Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Гэта таксама звязана з летнімі пратэстамі : вялізарныя колькасць чалавек даведалася, як іх душылі. Людзі пачалі разумець, што іхныя асабістыя жыццёвыя стратэгіі залежаць не толькі ад таго, наколькі добра яны вучацца, але і ад палітычнай сістэмы ў краіне», – сказала Жанна Нямцова.

Жанна Нямцова размаўляе з наведнікам дыскусіі. Фота belsat.eu

Алана Гебрэмарыям распавяла, што ў Беларусі немагчыма сказаць у адсотках, якая частка моладзі хоча перамен, бо незалежнай статыстыкі няма.

«Па маіх адчуваннях пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі, у маладых людзей ёсць запыт на перамены і яны гатовыя ўключацца, але пакуль актыўна ўключацца баяцца. Да нас прыходзілі паглядзець на пікеты, пісалі, звярталіся, але стаяць з транспарантамі гатовыя адзінкі. Не хапае нейкага кроку наперад праз страх, ідэалагізацыю на ўсіх ступеняў адукацыі, бюракратыю. Нават актыўную моладзь адштурхоўвае адсутнасць рэальных рычагоў уплыву на ўлады», – адзначыла яна.

«Але дзякуючы развіццю інтэрнэту, больш моладзі атрымлівае інфармацыю пра грамадзянскія кампаніі і менш падпадае пад уплыў хваляў страху, якіх сыходзяць ад адміністрацый універаў. Ну, і Навальнага беларуская моладзь таксама глядзіць, канешне!», – сказаў Шашок.

Жанна Нямцова пацікавілася, чаму ў Беларусі няма свайго Навальнага?

«Не дараслі яшчэ», – пажартаваў актывіст.

ВІДЭА
Жанна Нямцова: Расея з Беларусі імпартуе аўтарытарызм
2019.10.25 11:58

«Інтэграцыя – трэнд на паглынанне»

На пытанне Нямцовай, наколькі масава эмігруе беларуская моладзь, Алана Гебрэмарыям адказала:

«35 тысяч беларусаў сёння навучаюцца за мяжой, гэта сур’ёзная лічба. І не зразумела, што трэба рабіць, каб змяніць сітуацыю. Магчыма, рэфармаваць сістэму размеркавання, як таго патрабуе ад нас Балонскі працэс, можа, рэфармаваць тэрміновую службу ў войску».

Паводле Стаса Шашка, самае распаўсюджанае тлумачэнне, чаму моладзь з’язджае – «татальная несвабода».

Hавiны
«У парламенце бачу сябе стопудова». Стас Шашок пра выбары, «Legalize» і фэйкавыя акаўнты МУС
2019.11.21 10:56

Напрыканцы Жанна Нямцова пацікавілася стаўленнем аўдыторыі да паглыблення інтэграцыі з Расеяй. Яна папрасіла падняць рукі тых, хто бачыць у ёй плюсы. Руку не падняў ніхто.

«Я думаю, інтэграцыя будзе ўсебаковым паглынаннем і мы рызыкуем стаць рэгіёнам. Яе могуць падаваць пад рознымі соусамі, але трэнд будзе на паглынанне. Пры цэнтралізацыі ўлады не змогуць прымацца рашэнні, адаптаваныя пад Беларусь, пад мясцовыя патрэбы», – выказаў меркаванне хлопец з залы.

«Для мяне ўсё прасцей: калі я ідэнтыфікую сябе як беларуска, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, і я не хачу ідэнтыфікаваць сябе як грамадзянка іншай краіны, то я мушу мець сваю тэрыторыю», – дадала ягоная суседка.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў