Танкі COVID'у не баяцца? Лукашэнка і піяр падчас чумы

Ёсць у вайскоўцаў такая прыказка: танкі бруду не баяцца. Беларускі афіцыйны лідэр, вялікі прыхільнік мілітары-стылю, мабыць, слушна вырашыў, што і каронавірусу танкі не павінны баяцца. Так, але як жа людзі? А людзі ў аўтарытарных рэжымах заўсёды на другім плане – парады, пяцігодкі і іншая паказуха для правадыроў важнейшыя.

Мерапрыемствы да 75-годдзя Перамогі ў Беларусі адмяняцца ў сувязі з каронавірусам не будуць. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 27 сакавіка з работнікамі «Белгіпсу» пад Менскам. Карацей, прэзідэнт гне сваю лінію, працягвае браваду: нам не страшны шэры воўк.

Менск у чадзе і грукаце

У гэтыя дні ўжо на ўсю моц ідзе падрыхтоўка да ваеннага парада 9 траўня. У сувязі з гэтым у сталіцы на месяц абмяжоўваецца рух транспарту. З году ў год з прычыны мілітарызаваных ігрышчаў менчукі пакутуюць ад аўтамабільных затораў, шуму і пылу, цяжкая вайсковая тэхніка драпае асфальт. У 2017 годзе танк знёс асвятляльную мачту на галоўным праспекце, цудам абышлося без ахвяр.

ВІДЭА
Міністэрства абароны апраўдваецца за выпадак з танкам, які ўрэзаўся ў слуп
2017.06.26 14:31

Незадаволеная частка грамадскасці не раз складала петыцыі супраць танкаў у горадзе, аднак – нуль па фазе. Дакладней, рэакцыя была, але спецыфічная. Прэс-сакратар Мінабароны ў лепшых традыцыях дэмагогіі назваў праціўнікаў парадаў ідэйнымі нашчадкамі нацыстаў і калабарантаў.

Не здзіўлюся, калі і зараз дзяржпрапаганда стане налепліваць цэтлікі тым, хто абурыцца ідэяй праводзіць масавыя мерапрыемствы ў гонар Дня Перамогі ва ўмовах пандэміі. Тыпу: не паважаеце подзвіг продкаў.

Мой дзед Іосіф, кулямётчык Чырвонай Арміі, загінуў у баі ў 1944-м. І я ім ганаруся. Але загінуўшых продкаў, прабачце за шчырасць, ужо не падымеш. А вось хто прыйдзе паглядзець парад (у гэтым натоўпе звычайна шмат як раз пажылых, а значыць прадстаўнікоў групы рызыкі) апынуцца ў ідэальных умовах для масавага заражэння.

Як кампраміс – парад можна правесці без масоўкі. Але лепш за ўсё, думаю, было б адмяніць наогул, а сэканомленыя грошы (дарэчы, суму Мінабароны ўтойвае як страшную ваенную таямніцу) пусціць на барацьбу з пандэміяй.

Ідэалогія вышэйшая за бяспеку?

Лукашэнка дэманстратыўна заняў асаблівую пазіцыю ў дачыненні да цяперашняй пандэміі. Высмейвае сусветны, як ён выказваецца, псіхоз і паніку з гэтай нагоды. Раіць для прафілактыкі выпіваць трохі гарэлкі, парыцца ў лазні і працаваць на трактары: «Трактар вылечыць ўсіх».

ВІДЭА
Лукашэнка распавёў «праўду» пра каронавірус
2020.03.27 16:18

Падаплёка такой лініі зразумелая: экстраардынарныя захады (татальны каранцін і інш.) пагражаюць падкасіць эканамічныя паказчыкі, якія ў Беларусі і так не выдатныя (адбілася, у прыватнасці, нафтавая вайна з Расеяй). А тут насоўваюцца прэзідэнцкія выбары, калі падзенне эканомікі правадыру будзе зусім недарэчы.

Пакуль, паводле афіцыйных звестак, смерцяў ад COVID-19 у Беларусі няма. Але Лукашэнка моцна рызыкуе. Калі распаўсюджванне інфекцыі, не прывядзі Гасподзь, вырвецца з-пад кантролю, сістэма аховы здароўя захлынецца ад патоку хворых, людзі пачнуць паміраць і стане відавочна, што час для рашучага процідзеяння вірусу быў згублены, то народ, мякка кажучы, не ацэніць гэткі кранальны клопат аб валавых паказчыках.

Фота: Vladimir Gerdo / TASS / Forum

Аднак калі эканамічную заклапочанасць афіцыйнага лідэра яшчэ можна неяк зразумець, то імкненне любой цаной правесці парадныя мерапрыемствы, гэта значыць паставіць ідэалагічныя штампы, піяр вышэй меркаванняў рэальнай бяспекі людзей – гэта ўжо, па-мойму, ні ў якія вароты не лезе.

Сёння Лукашэнка абмовіўся з нагоды святкавання 75-годдзя Перамогі ў Маскве:

«Але я не ведаю, зыходзячы з таго, што ў іх адбываецца і гэты псіхоз іх ахапіў, ці будуць яны праводзіць гэтыя мерапрыемствы».

То бок, калі Уладзімір Пуцін надумае-ткі згарнуць ўрачыстасці ў сувязі з каронавірусам (а галасаванне па Канстытуцыі ён ужо адсунуў), беларускае кіраўніцтва мае шанец прадэманстраваць асаблівую прыхільнасць рытуалу. Будзе яшчэ адзін феномен, у дадатак да беларускага футбольнага чэмпіянату – адзінага на планеце, не адмененага праз COVID-19.

Беларуская дзяржпрапаганда яшчэ і кпіць з натаўцаў, якія згарнулі праз пандэмію свае маштабныя манеўры «Абаронца Еўропы-2020». Маўляў, слабакамі апынуліся заходнія ваякі, не пара нашым. Хоць публіка разумнейшая выдатна разумее, што гэта проста «два мира – два Шапиро» і ў развітых дэмакратыях чалавечае жыццё цэніцца нашмат больш, чым у краіне з традыцыямі саўка.

Чарнобыль нічому не навучыў?

Асабіста мне ўся гэтая паказуха з будучым парадам навявае асацыяцыі з дэманстрацыямі 1 мая 1986 года, праз лічаныя дні пасля выбуху Чарнобыльскага рэактара. Тады камуністычныя правадыры вывелі на вуліцы Менску і іншых гарадоў калоны людзей пад радыеактыўны попел. Таксама хацелі паказаць, што нічога страшнага не здарылася і не трэба сеяць паніку.

Хто падлічыць, колькі лішніх бэр хапанулі тады пад бравурныя лозунгі савецкія працоўныя (а многія з нагоды добрага надвор’я і дзетак з сабой узялі), колькі жыццяў ў выніку забрала тая цяга да фальшывай параднасці?

Але ў постчарнобыльскай Беларусі ўжо сваю АЭС дабудоўваюць насуперак пратэстам эколагаў, устрывожанай часткі грамадскасці. Пры тым што незразумела куды потым падзець лішнюю электрычнасць. І ў гэтым плане Беларусь стала закладніцай валюнтарысцкага рашэння аднаго чалавека.

Будучы парад у духу «танкі COVID’А не баяцца» – з той жа серыі. Аўтарытарная саманадзейнасць разам з савецкімі ідэалагічнымі стэрэатыпамі працягваюць весці рэй.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы «Меркаванні»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў