«Такія дэбілы – горш за іншапланетнікаў будуць…»

Гісторыя з мацюкамі ад педагогаў са Шчучына на адрас жартаўніка-вучня ўжо паспела зрабіцца легендай, легенда – міфам, а міф – мемам. «Кончаная, б…, морда», – самае цэнзурнае, што здолела знайсці ва ўласным слоўнікавым запасе сацыяльны педагог, а суворы і спакойны дырэктар рэзюмуе: «Лічы, што ты на бацьку руку падняў!»

Калі коратка: у сеціве вандруе мем пра «Зону 51» у ЗША, дзе нібыта ладзяць эксперыменты над іншапланетнікамі ды захоўваюць збітыя НЛА. У выніку ўзнікла ініцыятыва штурмаваць базу, якую падтрымалі ў «Facebook» мільёны чалавек. Далей сцёб з базай і штурмам пачаў жыць уласным жыццём на ўсіх кантынентах, у тым ліку – у Беларусі.

У Шчучыне першакурснік сельскагаспадарчага ліцэю стварыў жартоўную петыцыю пра «штурм» alma mater, і тут – пачалося… Дырэктар і сацыяльны педагог усчалі лямант і выклікалі хлопца на сур’ёзную размову. А той – запісаў абсалютна шызафрэнічную гутарку, выклаў у сеціва і – нармальна гайпануў. Кажуць, пасля публікацыі аўдыё на канале Nexta ў райцэнтр прыляцелі 100 500 праверак, і педагогаў ужо знялі з пасадаў.

Што ж насамрэч адбылося? Хто ў гэтай гісторыі «страчанае пакаленне», а хто – «казачны д…б» (карыстаючыся лексікай сацыяльнага педагога)?

Дзмітрый Маркевіч уручае дыпломы навучэнцам.
Фота: gspl-schuchin.schools.by

«Они же по-другому не понимают!»

Тое, што ў нас на дзяржаўным узроўні ўмела карыстаюцца ўсімі опцыямі «великого и могучего» – ні для каго не таямніца. У высокіх кабінетах, у міліцэйскіх пастарунках, у войску, ва ўніверсітэтах – нецэнзурная лаянка гучыць паўсюль. «Они же по-другому не понимают!» – упэўнена скажа ўчастковы пра дэбашыраў-алкаголікаў, сяржант пра маладых прызыўнікоў, чыноўнік сярэдняга ўзроўню пра падначаленых. Пры гэтым яны сарамліва змаўчаць, што і самі яны «па-іншаму не разумеюць», бо начальства размаўляе з імі абсалютна гэтак сама.

Начальнік можа аблаяць падначаленага – але ніколі наадварот. Сістэма працуе толькі вертыкальна, зверху ўніз. Што атрымліваецца? Начальнік лае намеснікаў, тыя ніжэйшых, тыя яшчэ ніжэйшых, ну а апошнія… наўпрост прыносяць увесь гэты бруд дадому. А там ужо атрымліваюць жонка, дзеці, у горшым выпадку – кот. Гэтак працуе дзяржаўны механізм падпарадкавання. І таму не варта дзівіцца жудасным сямейным канфліктам, масаваму жаночаму алкагалізму, збеглым з дамоў дзецям – інакш у такой сістэме быць не можа.

«Хто тут яшчэ не ў БРСМ?»

Другі момант, які, вядома, прыцягвае ўвагу ў гэтай гісторыі: «на бацьку руку падняў». Максімальна красамоўная фраза дырэктара. То бок, усё дзяржаўнае – «бацькава»: і ліцэй, і сацыяльны педагог з дырэктарам, і сам вучань. Памятаю, у нашай школе, калі я вучыўся класе ў пятым, нехта даўмеўся заляпіць гумкай вочы на партрэце бяззменнага лідара, які стаяў у кожным кабінеце. Быў страшэнны скандал, нават дырэктарка прыбегла з крыкамі: «Вы ж бульбу ясце!» – мабыць, гэта апеляцыя да патрыятычных пачуццяў.

Чаму ж, калі нехта ламаў крэсла ці рваў падручнік, нічога падобнага не адбывалася? Бо ў разуменні педагогаў, якія дараслі да дырэктараў ці намеснікаў альбо пайшлі паводле лініі БРСМ, усе моманты, звязаныя з асобай лідара, ператварыліся ў нешта сакральнае. Калі не вызнаеш гэтага культу – не можаш расці далей ці наагул страціш працу. Калі не ўдзельнічаеш у яго рытуалах, кшталту выбараў, усё разваліцца. Ворагі культу – твае ворагі.

Шчучынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Фота http://wikimapia.org

Часам культ закранае і звычайных настаўнікаў. У далёкім 2004-м, падчас Памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне, нашая класная кіраўніца (дарэчы, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры) сабрала ўсіх на класную гадзіну. Размова была пра тое, што на Майдане ўсе стаяць за грошы, нам такога ніколі не трэба, і наогул: «Хто тут яшчэ не ў БРСМ?» Цікава, што дзяўчынка, якая заахвочвала тады ўсіх запісвацца і была нейкай там важатай, пасля паспяхова з’ехала ў ЗША, а класная, імаверна, дагэтуль на той жа працы.

НЯстрачанае пакаленне

Чаму ж шалёныя гісторыі са «спічамі» выкладчыкаў наконт БРСМ, падпіскі на газеты, якіх ніхто ніколі не ўбачыць, ды іншае мы заўважаем толькі сёння? Чаму раней гэта не агучвалася, не ўсплывала ў сацыяльных сетках і не набірала тысяч праглядаў? Дзеці цяпер іншыя. Лепшыя ці горшыя – не ведаю. Але дакладна іншыя. Акрамя звычкі любую дробязь здымаць або запісваць на айфон, яны яшчэ і ведаюць свае правы. Ведаюць, што свет шырокі і не мае межаў: не паступяць тут – паступяць у Польшчы або Чэхіі. А можа, пасля апошняга званка назаўжды развітаюцца з Беларуссю – без скрухі ды рэфлексіяў.

Hавiны
«Займаць актыўную пазіцыю, каб мець гонар пачуць прэзідэнта». Што актывісты БРСМу распавядаюць школьнікам (аўдыё)
2018.11.23 13:02

І я б не называў сучаснае пакаленне «страчаным». Па-першае – ранавата казаць, па-другое – нашмат больш на гэтую ролю пасуюць тыя, хто ўжо адбыўся як дарослыя людзі, займеў пасады і спрабуе дыктаваць правілы, якія надыктоўваюць яму зверху. Тыя, хто гатовы яшчэ дзесяцігоддзямі фальсіфікаваць выбары і вымагаць у дзяцей грошы на газету «Юный спасатель». Тыя, хто забраўшы будучыню ў саміх сябе, спрабуе забраць і ў іншых. Ну і тут цяжка не пагадзіцца са шчучынскім сацыяльным педагогам: «Такія дэбілы – горш за іншапланетнікаў будуць».

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў