«Пазабіваць усіх за суверэнітэт – не мая пазіцыя». Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка праводзіць сустрэчу з журналістамі і грамадскасцю пад назвай «Вялікая размова з прэзідэнтам». У такім фармаце прэс-канферэнцыя адбываецца ўжо ў другі раз.

На падзею ў менскі выставачны цэнтр «Белэкспа» запрошаныя больш за 200 асобаў: грамадскія дзеячы, палітолагі, эканамісты журналісты некаторых недзяржаўных і замежных СМІ. Паколькі наш тэлеканал ужо не першы год атрымлівае адмову ў акрэдытацыі МЗС, карэспандэнт «Белсату» не можа прысутнічаць на «Вялікай размове».

17. 58 Лукашэнку паказалі відэаролік з пытаннямі ад дзяцей. На развітанне ён сказаў прысутным: «Я адносна, канешне, ваш слуга». Прамова цягнулася 7 гадзінаў 30 хвілінаў.

17.45 Марыянна Шчоткіна запытала, што б Лукашэнка пажадаў жанчынам.

«Паболей дзяцей. Гэта была б карысць і для жанчын, і для нас, мужыкоў. Нараджайце пабольш дзяцей, ну вам жа проста: двое вашыя, трэці мой, жалезабетонна»

17.40 Пытаецца журналістка каналу «112 Украіна» Аліна Блахіна: Ці будзе развівацца Менскі працэс або ён сябе вычарпаў?

«Калі трэба наш больш актыўны ўдзел – вы скажыце. Скажыце, што трэба, а мы будзем рабіць. Каб мяне не абвінавацілі, што я ірвуся міратворцам туды.

Пакуль амерыканцы не падключацца да фармату – плёну не будзе. Якую ролю яны там адыгрываюць вам лепш бачна. Я вельмі баюся, каб гэта не было агрэсіўнай роляй…», – кажа ён. Заклікае ЗША далучыцца да нармандскага фармату перамоваў па Данбасе.

«Пуціну непатрэбная эскалацыя», мяркуе Лукашэнка, але адказнасць за першы крок ускладае на Парашэнку, бо «вайна ідзе ва Украіне».

17.25 Час культуры: Лукашэнка прыйшоў да высновы, што Беларусь на Еўрабачанні «наўрад ці пераможа». Пасля доўга прамаўляе рэжысер «Беларусьфільма» Аляксандр Яфрэмаў і атрымлівае пахвалу ад кіраўніка краіны.

«Перадала жонка твой фільм пра танкіста – добры фільм, патрыятычны», – мімаходзь згадвае ён.

17.00 Лукашэнка прамаўляе ўжо больш за 6 гадзін. Ці пераадолее ён рэкорд мінулай прэс-канферэнцыі 2017-га года, якая цягнулася 7 гадзін 20 хвілін?

16.50 Лукашэнка: У Венесуэле «ёсць праблемы», але Мадура правёў сумленныя выбары.

«Амерыканцы нахрапам улезлі ў Венесуэлу»,- лічыць ён.

16. 45 Чый Крым? У адказ на пытане журналіста расейскай Камсамольскай праўды, ці не прыйшоў час Лукашэнку прызнаць Крым расейскім:

«У першы ж год я быў на інаўгурацыі Парашэнкі, жарышча была, мяне акружылі ўкраінскія і іншыя журналісты і пачалі пытацца мяне, чый Крым? А я ў запытаў: колькі ўкраінцаў загінула, абараняючы Крым? Ніводнага. А колькі прагучала выстралаў? Маўчанне. Ніводнага», – кажа Лукашэнка.

«Калі гэта вашае – памірайце, ваюйце за гэты кавалак зямлі», – дадаў ён.

Разам з тым, спасылаецца на 90-я гады, калі афіцыйна прызнаў Крым украінскім. Цяпер, маўляў, не хоча быць марыянеткай, бо нават дзякуй не скажуць на заўтра.

«Вы б з Данбасу вярнуліся іншым чалавекам, Аляксей», – звяртаецца да журналіста Лукашэнка.

16.35 Лукашэнка – пра адносіны «нашых апазіцыйных СМІ, тыпу Свабоды, Еўрарадыё, не кажучы ўжо пра Яраслава Раманчука і пра нейкіх блогераў і праа таксама пра «Советскую Белоруссию»:

«Вам бы лепей пысы пабіць без мяне, а пасля прыйсці да мяне, пацягаць адзін аднаго»

16.20 Ці была размова ў Сочы пра ўдзел беларускага кантыгенту ў канфлікце ў Сірыі? Вось што кажа Лукашэнка карэспандэнту БТ Адрэю Крывашэееву:

«Нам там рабіць няма чаго: амерыканцы выводзяць свае войскі, хрысціяне не вельмі пагружаныя ў гэта, Іран разбіраецца, ігілаўцаў не засталося. У мяне была магчымасць, гэтым займацца, але я катэгарычна гэта адрэзаў, бо, паводле Канстытуцыі, мы не маем права дасылаць узброеныя сілы за мяжу».

Пра ўдзел сотняў беларускіх грамадзянаў у іншай вайне – на Данбасе – ён нават не ўзгадвае.

Hавiны
Колькі беларусаў прайшлі праз вайну на Данбасе? Расследаванне «Белсату»
2018.02.27 08:05

16.15 Пра траўмы ў хакеі: «Калі я гуляю ў камандзе – ніхто не глядзіць, што я прэзідэнт. Калі вы ўважліва прыгледзіцеся, у мяне адно вока адрозніваецца ад іншага.

Мне шылі чатыры разы твар – чатыры разы шайба трапляла. І клюшкай у апошні раз рассеклі твар, што ў бальніцу адвезлі і швы накладалі»

16.00 «У большасці постсавецкіх краінаў ужо змяняліся кіраўнікі, недзе ад бацькі сыну, недзе «самым жвавым» з атачэння, недзе перадалі паўнамоцтвы парламенту… Які шлях транзіту ўлады аптымальны?», – пытаецца кіраўнік менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко, пры гэтым называе Лукашэнку чалавекам «з палітычным досведам і тонкай інтуіцыяй».

«Абяцаю, што на той свет мяне не панясуць з прэзідэнцкага крэсла. Не перажывайце за меншага сына, бо часам чытаю дзікія думкі ў СМІ… Дзеля сваіх дзяцей я не буду ўтрымліваць уладу і перадаваць яе ў спадчыну»,- рэагуе ён.

«Не збіраюся працягваць свае палітычнае жыццё за кошт выкрутасаў», – кажа Лукашэнка, але настойвае, што будзе зноў высоўваць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта, – «Не хачу ажыццяўляць гэты транзіт ад сябе да сябе».

Жданко таксама запытаўся, ці чакаюцца змены ў Канстытуцыю. Яе давядзецца змяняць і узмацняць выканаўчую і заканадаўчую галіны ўлады, кажа Лукашэнка. Што датычыць тэрмінаў, то, паводле Лукашэнкі, гэта «не пяць гадоў, значна меней».

«Канстытуцыя не будзе прымацца нахрапам, клянуся», – кажа ён.

Пытаецца, дзе жывуць дзеці Жданко, той кажа, што сыны ў Беларусі, а дачка ў Польшчы. Лукашэнка запрасіў яе ў Беларусь – працаваць над новай Канстытуцыяй.

15.55 Карэспандэнтка рэгіянальнага парталу mlyn.by Кацярына Ялісеева моцна хвалюецца. Калі ёй далі слова, распавядае гісторыю пра сельскіх хлопцаў з вёскі на Случчыне, якія хочуць займацца ў спартовай залі. Хлопцы самі стварылі трэнажорку з падручных матэрыялаў, але іхную пляцоўку зачынілі ў мэтах бяспекі. Ялісеева просіць Лукашэнку звярнуць увагу на патрэбы хлопцаў, бо адзін з іх «хоча стаць вайскоўцам» у будучыні. У залі дэманструюць відэаролік

«Мне хочацца, каб мае цела было добрае, бо раней я наагул быў тэлепузік», – кажа падлетак а відэа. Лукашэнка абяцае заняцца гэтай справай і дапамагчы.

15.50 Выказваецца галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч, ён дзякуе Лукашэнку, што чытае артыкулы ў ягонай газеце і ставіць свае рэзалюцыі. Загадкавая цытата ад Сярэдзіча:

«Аўтара адной нашай публікацыі, якога вы шукаеце, ужо няма ў жывых»

15.45 Вадзім Гігін вяртаецца да дыскусіі пра ідэалогію, нацыянальную ідэю і таго, што такое «моцная і квітнеючая Беларусь».

Гігін: У ідэалагічнай вертыкалі за невялікія грошы і без прывілеяў працуюць святыя людзі, але няма амбітнасці.

«Трэба самім фармаваць парадак дня і прапаноўваць народу, а не чакаць, пакуль пра гэта запытае «Еўрапейскае радыё».

Гігін заклікае аб’ядноўвацца вакол Еўфрасінні Полацкай і Сімеона Тураўскага (што канкрэтна маецца на ўвазе, якія захады – не ўдакладняе). Пытання ніякага ён не задаў, проста агучыў думкі.

«Яшчэ раз вы мне рэзанулі па-сэрцы», – адказвае Лукашэнка. Скардзіцца, што ідэалагічнае праца пастаўленая ў Беларусі «па-савецкі, па-кандоваму».

«Ідэалогі – гэта штучны тавар, масавай вытворчасці няма», – кажа ён.

15.25 Лукашэнка – Трусаву, у працяг тэмы: «Нешта ты з гэта мовай падсунуўся…». Усіх суразмоўцаў называе выключна на «ты».

Абавязак перакладаць расейскамоўныя законы на беларускую Лукашэнка ўсклаў на нацыянальны ўніверсітэт Гілевіча. Беларускую мову пры гэтым назваў «фішкай апазіцыі».

15.15 Пра мову: Ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў папрасіў дубляваць усе законы на беларускай мове, увесці беларускую мову ў судах, а Лукашэнку – часцей прамаўляць па-беларуску.

Лукашэнка яму адказаў на расейскай, але адзначыў: «Мне прыемна, што нашыя браты-расейцы гэта чуюць»

Лукашэнка: «Пуцін падзякаваў мне за статус расейскай мовы, а я яму кажу: гэта і мая мова […] Можа я кепскі ў гэтым плане прэзідэнт, але расейская – мая родная мова»

15.10 Дэпутатка Алена Анісім кажа пра нацыянальны ўніверсітэт Ніла Гілевіча. Лукашэнка пахваліў яе за ініцыятыўнасць, паставіў у прыклад Раманчуку.

Анісім цікавяць сацыяльныя ільготы для жыхароў рэгіёнаў, якія працавалі ў рэальным сектары эканомікі, а цяпер ледзь зводзяць кацы з канцамі.

«Пытанне вечнае. Магла б запытаць у парламенце, не, абавязкова ёй трэба было сапсаваць народу настрой. Але абсалютна мае рацыю. Усе жывуць па-рознаму»

15.00 Пра сяброў:

«У мяне ва ўладзе няма сяброў. Тыя, хто быў, два-тры чалавекі, адсядзелі ў турме і сёння займаюцца сваймі справамі, сем’і даглядаюць. Бо занадта вольна сябе паводзілі»,- заявіў Лукашэнка і дадаў:

«Выбачайце, разышоўся на злобу дня».

І чарговая загадкавая гісторыя ад Лукашэнкі:

«Паміж МУС, СК і пракуратурай «цёркі» пачаліся, а пацярпеў звычайны маёр міліцыі».

Кажа, да яго прыйшоў сын (ягоны памочнік Віктар Лукашэнка) і звярнуў увагу на сітуацыю. Цяпер усе фігуранты гісторыі баяцца згубіць свае пасады. Мы раней пра гэтую гісторыю не чулі.

14.50 На думку Лукашэнкі, свабода, што для бізнесу, што ўвогуле для грамадства ў заходніх краінах выглядае наступным чынам:

«Слезацечны газ, вадамёты зімой, не дубінкі, а кулі гумавыя. Вось вам дэмакратыя!». Гэта ён пра пратэсты жоўтых камізэлек у Францыі

14.45 Лукашэнка ў адказ на словы Раманчука пра неабходнасць пашыраць прыватызацыю:

«Трэба Яраслава накіраваць у стратны калгас, каб ён зазямліўся»

І яшчэ пра свабоду бізнесу:

«Прагарэў – ідзі застрэлься або пятлю на шыю накідвай»

14.35 Лукашэнка – Раманчуку: «Кашмарым толькі з адной прычыны: падаткі сплаці і спі спакойна. Калі ты не сплаціў падаткі – кашмарыць буду. Ты захапляешся Амерыкай? Я хачу, каб было, як у Амерыцы. Сапраўдны бізнесовец баіцца не сплаціць падатак, ён увогуле не будзе звязвацца з дзяржавай!»

14.25 «Жыў, здароў, Яраслаў?», – пытаецца Лукашэнка ў эканаміста Яраслава Раманчука. Апошняга цікавіць пашырэнне эканамічнай свабоды, «калі перастануць кашмарыць бізнес?»

«Я ўжо не ведаю, яка тут свабода патрэбная, каб працаваць-зарабляць»

Таксама Лукашэнка распавёў, што асабіста амніставаў нейкага прадпрымальніка, які не плаціў падаткі, маўляў, сілавікі да рашэнняў арыштоўваць бізнесоўцаў не маюць ніякага дачынення.

Раманчук і Лукашэнка вядуць размову ў тоне дыскусіі, пярэчаць адзін аднаму.

14.10 Пра расейскія крэдыты:

«Мы на каленях поўзаць не будзем. Тым больш, што неяк наладжваюцца стасункі з заходнімі краінамі»

Ды не трэба нам танны газ!

14.05 Прэс-канферэнцыя аднавілася. Лукашэнка ў чарговы раз каментуе расейска-беларускія дачыненні, адказваючы на пытанне расейскага журналіста. Пра апошнія перамовы з Пуціным у Сочы: «Нас больш бачылі на схілах гор…»

«Манеўр, газ, крэдыты – мы нават не закраналі гэта ў першы дзень нашых перамоваў. Манеўр мы ўвогуле не абмяркоўвалі!»

Пра падатковы манеўр: «Не трэба, калі для Расеі гэта складана. Мы перабольшваем ціск розных манеўраў у Расеі на эканоміку Беларусі ў гэтай частцы».

«Мы як-небудзь гэта перажывем або перажуем»

13.50 Арганізатары Дня Волі абяцаюць сёння ўвечары пракаментаваць забарону Лукашэнкі на святкаванне на стадыёне Дынама.

13.43 Давыдзька абвесціў перапынак у 10 хвілін. Лукашэнка запытаў, ці хочуць людзі зрабіць перапынак у размове. Усе маўчалі. Тады ён запрапанаваў Генадзю Давыдзьку вырашыць, «ці будзем рабіць перапынак». Той адказаў: «Будзем!»

13.25 Пытанне ад карэспандэнта «Інтэрфакс-Украіна»: «Выбары ва Украіне выклікаюць у вашай душы надзею або трывогу?»

«Глыбока ў працэс я не пагружаўся. Але я не хачу, каб нашу УкрАіну хтосьці выкарыстоўваў як разменную манету».

Пра выбары ва Украіне:

«Новым прэзідэнтам будзе Парашэнка. Ён выйдзе ў другі тур, можа, з Зяленскім, пажадана з Зяленскім […] Пятро Аляксеевіч гэтую пасаду захавае»

Паводле ягоных словаў, перадвыбарчая кампанія ва Украіне цяпер нагадвае яму кампанію сярэдзіны 90-х, калі яго самога абралі прэзідэнтам.

13.00 Пра супрацу з Кітаем, адказваючы на пытанне кітайскай журналісткі, Лукашэнка адзначыў, што аб’ёмы інвэстыцый у вытворчасць і спартыўную інфраструктуру растуць высокімі тэмпамі, а ракетны комплекс «Паланэз» з’явіўся дзякуючы кітайскай падтрымцы, а не расейскай.

12.50 Пра бал у Палацы Незалежнасці і танцы:

«Так, жанчыны, здымайце свае штаны дзелавыя, апранайце даўгія сукенкі і будзеце на балі танчыць. Качанава кажа: «Госпадзі, я ніколі гэтыя сукенкі не насіла!» Ну, кажу, зараз будзеш з Румасам танчыць. Ну яны і пачалі трэніравацца з Румасам. Потым я думаю, чаму з Румасам? Качанава сімпатычная, худзенькая, у адрозненне ад многіх нашых жанчын-чыноўніц, хай з вайскоўцам, а Румас – з сімпатычнай дзяўчынкай», – Лукашэнка адхіліўся ад тэмы.

12.40 Праўладнага палітолага Дзерманта непакоіць недастатковая скіраванасць дзяржаўнай ідэалогіі ў бок Расеі: «Магчыма, варта часам быць больш рускімі, чым самі рускія», – кажа ён.

Лукашэнка ў адказ наракае на адсутнасць нацыянальнай ідэі:

«Мы дагэтуль не змаглі дакладна сфармуляваць нацыянальную ідэю. Мне давядзецца зацвярджаць, прымаць яе…»

12. 35 Пра Курапаты і рэстарацыю Паедзем-паядзім:

Адзначае, што яму не падабаюцца «дэманстрацыі з крыжамі».

«Чаму вы па-зверску да прадпрымальнікаў ставіцеся? Гэта амаль паўкіламетры ад гэтых Курапатаў! Пасядзелі вы з Сярэдзічам на гэтай лаве, зайшлі ў рэстарацыю, памянулі людзей, выпілі чарку…»

«Рэстарацыя будзе працаваць, падставаў закрываць яе няма, людзям жа трэба перакусіць, гэта нармальна», – лічыць Лукашэнка.

«У Беларусі ніякага сталінізму не будзе, нават пры дыктатуры Лукашэнкі. Але гэта не значыць, што пад сталінізм трэба заганяць ўсё. Там, дапусцім, забівалі людзей пры Сталіне. А вы ўпэўнены, што там фашысты не расстрэльвалі людзей? Не ўпэўненыя. Дык давайце будзем аб’ектыўныя. Ах, Клінтан прыляцеў, пасядзеў на лаўцы, а лаўку як святыню пакінула наша апазіцыя. Хтосьці разбурыў яе. Я сказаў: неадкладна аднавіце, а то скажуць што гэта ўлада зрабіла. Не мае ўлада да гэтага ніякага дачынення!»

12. 30 Лукашэнка пра святкаванне Дня Волі-2019 на стадыёне «Дынама»: «Гэтага не будзе».

«Навошта вы лезеце на стадыён «Дынама»? Гэта асабістая знявага для мяне, вы ведаеце, колькі я працы ўклаў у рэканструкцыю, збіраючы па драбніцах грошы, націснуўшы на прадпрымальнікаў, бюджэты выдзяляючы. Пабудавалі да Еўрапейскіх гульняў, каб паказаць усім Беларусь, а вы ўжо ірвяцеся на гэты стадыён?»

«Не марнуйце нервы, не ідзіце на канфрантацыю, бо ў сілу гэтага пачнуцца нейкія рухі». Замест таго Лукашэнка запрапанаваў апазіцыянерам ісці на Бангалор.

«Давайце збірайцеся на Бангалоры!»,- прапанаваў ён.

12.20 ЗміцерЛукашук запэўніў Лукашэнку ў адказ на закіды пра заходнюю прапаганду, што «Еўрарадыё» «ніякай празаходнясці не нясе» і запрасіў яго ў эфір паразважаць пра нацыянальную ідэю.

12.15 Пра шлях да суверэнітэту і апазіцыянераў 90-х:

«Пазабіваць усіх за суверэнітэт – не мая пазіцыя».

«Тыя, хто там па Варшавам боўтаецца, не ведаю, чаго там сядзіць у Варшаве і ў Амерыцы. Прыехаў бы і сядзеў на радзіме. Але яны хацелі зрабіць гэта за адзін год, а гэта была б вялікая кроў, асабліва ў тыя гады!»

Звяртаючыся да Лукашука:

«Вось вы ў Польшчы зарэгістраваныя. Чаму да гэтага часу ў Польшчы сустракаюцца мапы, дзе польская мяжа праходзіць пад Менскам. Рытарычнае пытанне. Не павінна быць аднабока. Так, напэўна, ёсць праблемы з Усходам. Але яшчэ больш праблемаў з Захадам. Расея не ўстанаўлівае ракеты за Масквой, каб іх нацэліць на Беларусь. А навошта Польшчы гэта?»

Пра падатковы манеўр: «Чаму мы павінны кідаць камяні ў расейцаў? Яны добра да нас ставяцца, хаця недзе і хочуць нас эканамічна прыціснуць, а можа, праўда, заклапочаныя гэтым падатковым манеўрам».

«Перажывем мы гэтыя 400 мільёнаў сёлета, а можа і меней… Скончым мадэрнізацыю нашых зводаў і купім нафту з боку!»

12.05 На пытанне карэспандэнта «Еўрарадыё» Змітра Лукашука, якія сілы прадстаўляюць небяспеку для суверэнітэту краіны, Лукашэнка кажа: «Не ўсё добра ў царстве». Паабяцаў больш аналізаваць кантэнт радыё.

«Я б хацеў, каб у парламенце быў такі дэпутат, які, як Валянцін Голубеў памяркоўна б выступаў, або Алег Трусаў… Гэта былі канструктыўныя апазіцыянеры. Нам не хапае канструктыву»

Пытаецца, дзе знаходзіцца офіс «Еўрарадыё» і адкуль яно вяшчае : з Менску ці з Польшчы. Звяртаючыся да Лукашука:

«Ты мне адказвай на пытанне, якое я задаў!»

11.58 Пра расейскія выданні, якія крытыкуюць Лукашэнку: «Мы, канешне, разумеем нетрадыцыйную арыентацыю гэтых газет».

«Калі мы створым такія сайты і пачнем дзяўбаць вас? Ды я не чытаю гэта і не раю. А я чытаю, бо людзі чытаюць, асабліва ў Расеі. Мы дамовіліся аб тым, што нам не варта ісці гэтым шляхам і брудам паліваць адзін аднаго. Ён [Пуцін] мае рацыю ў тым, што Расея вялізная і розная. Ён мне часта пра гэта кажа, калі я пачынаю яго папракаць»

Пра Белсат: «Што ў нас там есць, нейкі Белсат? Польшча транслюе нейкія каналы?»

11.55 Пра будучыя выбары і магчымасць іх датэрміновага правядзення:

«Я вам клянуся: нават калі сітуацыя будзе складанейшая – я не буду маніпуляваць і прапіхваць сябе ва ўладу. Я ўлады ўжо наеўся»

«Я абяцаю, што не буду выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, каб падняць свой рэйтынг, усё будзе сумленна»

Разам з тым заўважае: «Калі я буду бачыць, што хтосьці з палітыкаў робіць стаўку на руйнаванне краіны – я адкажу, даруйце шчырасць»

11.50 Пра павышэнне дабрабыту: «Людзям трэба пачынаць варушыцца». Прадпрымальнікам, паводле яго, «далі поўную свабоду» і цяпер «больш нельга прыняць якіх-небудзь рашэнняў».

Парада ад Лукашэнкі: «Устань да люстэрка і паглядзі на сябе».

Паўтарае ўласны жарт пра «распранацца і працаваць», бо Беларусь, на ягоную думку – транзітная краіна, можна заўжды прапанаваць камусьці свае паслугі «Памый машыну, зрабі каву, абслужы каго-небудзь».

«За 50% вашага дабрабыту адказваю я, за астатняе – вы самі. Давайце вось такі сацыяльны кантракт заключым», – сказаў ён.

11.40 Прадстаўнік БелТА распавядае, якія пытанні ім даслалі звычайныя беларусы. Паводле яго, людзей непакоіць сітуацыя на рынку працы, заробкі, пенсіі, усё, што звязана з узроўнем дабрабыту. Асабліва востра гэта непакоіць жыхароў маленькіх населеных пунктаў.

11.30 Пытанне задае Сямён Уралаў, адзін з аўтараў прарасейскага маргінальнага рэсурсу «Сонар 2050», які пазіцыянуе сябе як «экспертная супольнасць». Уралава непакоіць медыябеспека і адзіная будучыня пакаленняў X і Z у Расеі і Беларусі.

«Калі вы пажывеце тыдзень у Менску, вы не адчуеце, што вы выехалі з Расеі. Усе каналы асноўныя вашыя каналы, і прапагандысцкія, і так званыя незалежныя, і прыватныяі дзяржаўныя ў нас транслююцца»,- адзначае Лукашэнка ў адказ.

«Вы прастрэльваеце Беларусь сваймі СМІ да Берліна, а якія СМІ вы ведаеце, якія прастрэльваюць вас ад Масквы да Уладзівастока?»

Зноў пра дачыненні з Расеяй: «Мы блізкія, я б нават рызыкнуў сказаць, што мы браты».

11.22. «Сёння на тэрыторыі Беларусі існуюць дзве расейскія базы. Колькі вы (расейцы – заўв. belsat.eu) нам за гэта плаціце? Нуль. Што мяне радуе – там, напэўна, тры чалавекі расейцаў. Астатнія – беларусы», – заявіў ён.

Лукашэнка паабяцаў, што і надалей з Расеі і капейкі не возьме за размяшчэнне базы. «Таму што гэта агульная наша бяспека», – адзначыў ён.

«Мы з Расеяй асуджаныя жыць разам», – заявіў Лукашэнка.

11.13.

«Навошта Расея тарпедуе пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі?» – задаў пытанне Лукашэнка. Паводле яго, уся справа ў тым, што ў РФ існуюць «групы інтарэсаў», якім нявыгадна прысутнасць беларускай прадукцыі на рынку. У якасці прыкладу ён прывёў экс-міністра сельскай гаспадаркі РФ Аляксандра Ткачова: «Гэта ж адзін з найбуйнейшых сельскагаспадарчых баронаў!.. Няўжо ён прапусціць наш цукар, калі нядаўна 7 або 10 цукровых заводаў скупіў?»

«Трэба ўраду РФ спыніць лабіяваць гэтыя кланы, алігархічныя групы», – падкрэсліў ён.

10.50 Вось топавыя цытаты з праграмнага адказу Лукашэнкі пра Расею.

«Дзякуй богу, у Расеі пачалі хвалявацца!»

«Мы не прэтэндуем на багацці Расеі, нам бы свае не згубіць»

«Калі сёння вынесці на рэферэндум пытанне пра аб’яднанне з Расеяй, 98 адсоткаў прагаласуюць супраць. Не таму, што грамадства настроена супраць Расеі, а таму, што вырасла новае пакаленне»

10.45 Прэс-сакратарка Эйсмант кажа,што падчас прамовы Лукашэнкі «актыўна падаваў сігналы» карэспандэнт «Радыё Масква». «Масква есць Масква, куды ад яе падзенешся», – адрэагаваў Лукашэнка. Яму і далі права задаць першае пытанне.

Карэспандэнт запытаў Лукашэнку пра дачыненні з Расеяй, пра перспектывы Саюзнай дзяржавы.

10.40 Пра гонку ўзбраенняў:

«Польшча да 2026 году затраціць на абарону 50 мільярдаў долараў. І ўсе маўчаць. Але каб заўтра прайшла навіна, што Расея высунула дадатковы полк на захад ад Масквы, быў бы сусветны гвалт. Дык давайце выпрацоўваць адзіныя крытэрыі падыходу да такіх падзеяў».

10.30 Размова пачалася. Перш за ўсё, Лукашэнка выказаўся пра ролю СМІ. Паводле яго, «фэйкавыя навіны імгненна распаўсюджваюцца» і «захопліваюць думкі». Лукашэнка заклікаў СМІ, «якія пазыцыянуюць сябе як незалежныя, адчуваць мяжу дапушчальнага».

«Роля стрымліваючага фактара або супрацьвагі тут адведзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія яшчэ захоўваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі, паважаюць сваю аўдыторыю, імкнуцца ў сваей працы да максімальнай дакладнасці і аб’ектыўнасці. Такіх, праўда, засталося мала, але яны есць»

Ён дадаў, што «мір і парадак у краіне не каштуюць прафесійных амбіцыяў», а да крытыкі за 27 гадоў улада «выпрацавала імунітэт».

«Асабліва мяне здзіўляе, калі ідзе наўпроставая хлусня. Вы проста пагарджаеце свой народ. Паслухайце, у нас адукаваны разумны народ, адукаваныя разумныя людзі. Рызыкну сказаць, выбачайце за нясціпласць, няма больш у цэлым такога народа на планеце – адукаванага, разумнага, ну, і хітрага, канешне, сыходзячы з нашай гісторыі»

«Калі хтосьці ўчора сто грамаў выпіў і праспаў гэтую навіну – у нас дастаткова кіраўнікоў і таго авангарду, інтэлігенцыі, якія хутка яму ўсё патлумачаць».

***

Сёлета не акрэдытаваны на «Вялікую размову» і карэспандэнт галоўнага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Як паведаміла ў Facebook галоўны рэдактар Ірына Леўшына, прадстаўнік агенцтва зможа працаваць толькі ў прэс-цэнтры «Белэкспа».

«Доступу непасрэдна ў зал мы не атрымалі. Прэс-службу Лукашэнкі не задаволіла заяўленая намі кандыдатура, а нас не задавальняе, калі нам дыктуюць, каго куды накіроўваць», – сказала Леўшына.

Нагадаем, у 2018 годзе журналісты БелаПАН былі фігурантамі крымінальнай «справы БелТА», Таццяна Каравянкова і Ірына Леўшына правялі некалькі дзён у ізалятары. Пазней справу ў дачыненні да іх перакваліфікавалі ў адміністратыўную, змусіўшы журналістаў «кампенсаваць шкоду» грашыма.

Трансляцыя гутаркі будзе весціся ў эфіры «Беларусь-1» і «Беларусь-24», а таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. Да таго ж, аудыётрансляцыю можна паслухаць на хвалях Беларускага радыё. Напярэдадні ў БелТА заявілі, што збіраюць пытанні ад грамадзянаў і паабяцалі агучыць падчас размовы з Лукашэнкам «найбольш цікавыя і важныя» з дасланых.

Тым часам «Наша Ніва» піша, што журналістам забаранілі праносіць на канферэнцыю ноўтбукі, раней такога абмежавання не было. А вось такім чынам выглядае схема рассадкі ў залі:

Паводле словаў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, сённяшняя размова дапаможа кіраўніку краіны ў падрыхтоўцы традыцыйнага звароту да народу і парламенту, які адбудзецца ў сярэдзіне вясны.

Мінулым разам аналагічная «Вялікая размова» прайшла 3 лютага 2017 года ў «Белэкспа», дзе былі прысутныя прадстаўнікі 37 медыяў, усяго колькасць запрошаных перавышала 100 чалавек. Нягледзячы на працягласць (7 гадзін 20 хвілін!), магчымасць задаць пытанне Лукашэнку атрымалі толькі нешматлікія з іх.

Hавiны
«Простым людзям глядзець выступ не варта». Пра што будзе казаць Лукашэнка ў пятніцу?
2019.02.27 15:17

КА,belsat.eu

Стужка навінаў