Сёння ў Менску адбудзецца канцэрт-постскрыптум памяці Аляксандра Кулінковіча


25 кастрычніка ў клубе «Prime Hall» адбудзецца вялікі канцэрт, прысвечаны памяці Аляксандра Кулінковіча – музыкі, паэта, заснавальніка і лідара культавага беларускага гурта «Neuro Dubel».

4 жніўня Аляксандр Кулінковіч сышоў з жыцця.

«Вось і ўсё. Два месяцы падрыхтоўкі. Дзясяткі гадзінаў рэпетыцый. Амаль 40 гітоў розных часоў. Пад два дзясяткі вакалістаў – сяброў і калегаў Аляксандра Кулінковіча. Дзюбялям праз гадзіну на пачатак саўндчэку. Магчыма, апошняга. Святло, шоў, аншлаг – усё, як мелася быць у Сашы пры жыцці. Але, упэўненыя, ён сёння будзе з намі і парадуецца гэтаму» – напісалі на фэйсбук-старонцы гурта «Нейра Дзюбель».

Канцэрт-постскрыптум ладзяць сябры і калегі Кулінковіча. У праграме больш за трыццаць песень «Neuro Dubel». У канцэрце возьмуць удзел Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Юрый Стыльскі, Ігар Варашкевіч, Уладзімір Пугач, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Аляксандр Саладуха, Алесь Мышкевіч, Алесь Лютыч, Зоя Схончык, Ангус Тарнада, «Lesley Knife», Дзяніс Тарасенка, «Велосипедистов».

Грошы ад продажу квіткоў (кошт Br 35) пойдуць на ўсталяванне помніка Аляксандру Кулінковічу, выданне зборніка ягонай публіцыстыкі і альбому з фотаздымкамі гурта.

Квіткі можна набыць на сайце Kvitki.by, у касе і на сайце Prime Hall. Канцэрт пачнецца роўна а 19-й, каб паспець выканаць усю вялізную праграму.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў