«Сын некалькі дзён ночыў у лесе, тушыў пажар». Як у Альманах змагаліся з агнём


Афіцыйна агучваецца, што пажары каля Альманаў ліквідаваныя. Але леснікі ў размове кажуць, што насамрэч агонь не да канца ўтаймаваны. Да гэтага часу на балотах гараць тарфянікі. Але агулам у Альманах жыхары ўздыхнулі з палёгкай у прамым сэнсе гэтага слова. Праз моцны дым з-за пажараў у вёсцы сапраўды складана было дыхаць.

Альманы. Фота «Белсат»

Жыхарка Альманаў Вольга Канстанцінаўна кажа, што немагчыма было адчыніць вокны, паколькі моцны пах гарэлага проста запаўняў дом.

«Асабліва відавочна было раніцай. Вёску закутаў дым нібы туман. А калі пройдзешся па вуліцы, то вопратка праз момант смярдзела дымам», – распавяла «Белсату» жыхарка Альманаў.

Моцныя пажары закранулі многіх жыхароў Альманаў. Гэтак, адзін з мужчынаў, што выходзіў з крамы, распавёў, што прымаў удзел у тушэнні агню. Ягоны сын некалькі дзён ночыў у лесе, паколькі сілаў для таго, каб утаймаваць моцны агонь, не хапала.

Жыхары Альманаў уздыхнулі з палёгкай. Фота «Белсат»

Іншы жыхар вёскі распавёў, што яшчэ нават у суботу, 27 красавіка, бачыў, як над лесам ляталі верталёты МНС.

«Тры верталёты сёння праляцелі ў бок украінскай мяжы. Цяпер пажар ужо там тушаць. А так агонь сапраўды падыходзіў да самай вёскі. Я ўчора бачыў лесніка, дык ён кажа, што пажар распачаўся ва Украіне, а ўжо адтуль прыйшоў праз мяжу і да нас», – распавёў мужчына.

І сапраўды, афіцыйная версія прычынаў пажару – агонь на лясы і балоты перакінуўся праз мяжу з Украіны.

Рашэннем Столінскага райвыканкаму ўведзена цалкам абмежаванне на наведванне лясоў. Акрамя таго, літаральна на кожным паўднёвым выездзе з вёскі дзяжурства нясуць памежнікі. На цывільным аўто службовыя асобы спраўджваюць дакументы і вырашаюць, ці можна пусціць пэўную асобу ў лес.

Праз гэты мост памежнікі нікога не прапускаюць. Фота «Белсат»

Журналістаў «Белсату» памежнікі на выедзе з вёскі таксама просяць паказаць пашпарт, выслухваюць просьбу на наведванне лесу і тэлефануюць свайму кіраўніцтву. Пакуль вырашаецца, ці даць нам дазвол на тое, каб пабачыць наступствы пажараў, чуем, як адзін памежнік кажа другому.

«Тут да ўкраінскай мяжы літаральна 7-8 кіламетраў. Пажар быў на левым боку ад вёскі. Добра тут агонь лютаваў. Але цяпер стала спакойна».

З размовы з памежнікам высвятляецца, што на гэтым участку, паблізу Альманаў, ужо праведзена дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы. Праўда, пакуль няма слупоў, але адзнакі цалкам нанесеныя.

Праз некаторы час памежніку патэлефанавала ягонае кіраўніцтва. Адказ для нас несуцяшальны: «Забаронена».

Пажарная машына накіроўваецца ў лес каля Альманаў. Фота «Белсат»

Супрацоўнік памежнай службы тлумачыць, што звязана гэта перадусім з забаронай наведвання лесу. Паколькі візіт і так будзе заўважаны леснікамі, якія глядзяць цяпер пільна за ляснымі масівамі. У любым выпадку, нават калі б і быў дазвол, супрацоўнік памежнай службы мусіў бы нас суправаджаць.

Фота «Белсат»

На развітанне памежнік нагадвае, што самавольнае наведванне лесу пацягне за сабою адміністрацыйную адказнасць і раіць паразмаўляць з мясцовымі жыхарамі.

Фота «Белсат»

«Гарэў у асноўным палігон. Але плошча пажараў была вялізная, каля 200 гектараў. Ледзьве ўдалося патушыць. Добра, што дапамагала авіяцыя – верталёты. Зверху як скінуць ваду, дык яно і прыбівала адразу ж», – распавёў «Белсату» жыхар Альманаў Мікалай.

Засушлівае надвор’е спрыяе пажарам. Гэтак, калі ўдалося ўтаймаваць стыхію каля Альманаў, новыя агнішчы не даюць адпачыць выратавальнікам. Цяпер пажарныя брыгады і леснікі змагаюцца з агнём на тэрыторыі сельскай гаспадаркі «Палессе», што знаходзіцца каля Альшанаў. Агонь знішчае лес і балоты таксама на самой мяжы з Украінай.

СК belsat.eu

Стужка навінаў