Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Няронскага прызналі палітвязнямі


Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў блогераў Сяргея Пятрухіна і Уладзіміра Няронскага палітвязнямі. Іх пераследуюць у межах «справы Ціханоўскага».

Паводле праваабаронцаў, Няронскага і Пятрухіна вінавацяць паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Акрамя гэтага, у дачыненні Няронскага распачалі крымінальную справу за абразу ў ягоным роліку на ютуб-канале прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – старшыні Слуцкага райвыканкаму.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што фігурантамі крымінальнай справы паводле арт. 342 КК сталі таксама блогеры Ігар Лосік (ТГ-канал «Беларусь головного мозга») і Уладзімір Цыгановіч (YouTube-канал MozgON). Але пакуль невядома, якія падзеі сталі падставаю для распачынання справы.

Праваабаронцы «Вясны» патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх блогераў, затрыманых па крымінальных справах, і таксама спынення рэпрэсіяў ад уладаў Беларусі і спынення палітыкі запалохвання грамадзянаў у перыяд правядзення выбарчай кампаніі.

Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. Пазней Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ васьмі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 КК. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі восем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча, Андрэя Новікава і Уладзіміра Навуміка. Цяпер да іх дадаліся Уладзімір Няронскі і Сяргей Пятрухін. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў