«Святыя» канцэрты і парады

У гэтым артыкуле не будзе ніводнага слова пра пандэмію і каронавірус. Я так для сябе вырашыў. Не хачу выкарыстоўваць тых аргументаў і той рыторыкі, што ўжо неаднойчы гучалі. Я хачу сказаць пару словаў пра свята Перамогі і пра ўсе гэтыя імпрэзы, якія будуць ладзіцца заўтра, 9 траўня.

Апошнімі днямі дзяржаўныя медыі стракацелі паведамленнямі пра будучы парад. Вядомыя (і не зусім вядомыя) дзеячы культуры, чыноўнікі, спартоўцы, журналісты, нейкія людзі на вуліцах запэўнівалі нас з блакітных экранаў, што ўсе як адзін збіраюцца ісці на парад 9 траўня. Часам далучалася «цяжкая артылерыя». Міністр замежных справаў Уладзімір Макей, напрыклад, нават заявіў, што «парад і ўсе ўрачыстасці», звязаныя з 75-годдзем Перамогі, – «святая справа для кожнага грамадзяніна Беларусі».

Ветэраны Пётр Вараб’ёў і Павел Ерашэнка прыкрываюць твары ахоўнымі маскамі, калі слухаюць ваенны аркестр, які прыйшоў павіншаваць іх перад днём Перамогі, каля іх кватэр у Менску, 7 траўня 2020 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Міністр, якога ў апазіцыйных колах прынята лічыць дэмакратам і лібералам, здзівіў проста безапеляцыйнаю рыторыкаю! Чаму я павінен лічыць вечаровы канцэрт беларускіх поп-зорак «святою справай»? У мяне, напрыклад, Саня Саладуха ды астатняя шоубіз-кампанія, зусім не асацыююцца з нечым сурʼёзным і тым больш святым. Але тут справа густу.

Hавiны
Горадня: замест параду – аркестр пад вокнамі ветэранаў
2020.05.08 14:47

Вось вайсковы парад – рэч сурʼёзная. Тут не паспрачаешся. Ёсць толькі, напэўна, сумнеў у чыноўнікаў, што далёка не ўсе грамадзяне Беларусі прачулі момант «святасці». Таму і ўключыўся адміністрацыйны рэсурс. Для саміх чыноўнікаў гэта як лакмусавая паперка, як праверка на вашывасць. Не пабаяўся, наведаў усе імпрэзы – чакай карʼернага росту. Ці як мінімум спі спакойна. А вось са звычайнымі грамадзянамі ўсё складаней. Настроі ў грамадстве не самыя пазітыўныя. І нават першакласнік ведае, што цяпер варта пазбягаць натоўпаў людзей. І нават калі не сумнявацца ў словах Аляксандра Лукашэнкі, што нікога «цягнуць на гэтае мерапрыемства» не будуць, то як забяспечыць тыя «тысячы і тысячы людзей»? Тым больш, што і колькасць гэтых «тысячаў» ужо намаляваная ў межах адзінаццаці. Трэба запоўніць трыбуны!

Сілавікі, БРСМ, студэнты, «Белая Русь», кампартыя – ёсць жа рэсурсы, якія змогуць забяспечыць яўку мас! Навошта тады тэлефануюць перахварэлым? Навошта гэтыя смешныя і недарэчныя заявы «апазіцыянера» Гайдукевіча пра нямецкіх дэпутатаў і бізнесоўцаў? Навошта тады гучныя заявы міністра

Hавiны
У Менску на парад запрашаюць перахварэлых на каронавірус
2020.05.06 19:08

Навошта наагул гэтая пампезнасць у абставінах, мякка кажучы, не зусім прымальных? Што мы хочам даказаць усяму свету? Ці, можа, Пуціну нос выцерці? Не забаяліся пацаны! А можа, сапраўды людзям патрэбная нейкая цацка, якая дазволіць забыць пра ўсе праблемы, вярнуцца ў былыя часы? Але ж мы жывём не ў Паўночнай Карэі, дзе парады – гэта амаль штодзённая бытавуха. Не настолькі ў нас мілітарызаванае грамадства, каб падняць народны дух і бадзёрасць плявузганнем жалезных гусеніц па асфальце!

Асабіста я лічу 9 траўня святам. Святам перамогі над нацызмам. Не зважаючы на тое, што сталінізм працягнуў сваё крывавае шэсце па нашых землях, адна пачвара была знішчаная. І асабіста мне не патрэбныя ні міністры, ні парады, ні саладухі, каб памятаць. Пакладу кветкі і сціпла памаўчу над магілкаю дзеда-франтавіка. Яму таксама не падабаліся ўсе гэтыя парады. Дзед рэдка надзяваў усе медалі, бо большасць з іх лічыў цацкамі. Акрамя тых чатырох, якія атрымаў на фронце. Пра вайну распавядаць не любіў, чым уводзіў мяне, тады яшчэ падшпарка, у ступар і расчараванне. Толькі сёння я разумею іранічную дзедаву фразу: «Хто з гэтых ветэранаў нюхаў порах на перадавой?» А ён нюхаў. Усяго тры месяцы за паўтара года. Бо два раненні, дзве кантузіі. Усё больш па шпіталях праляжаў. Гэты пах вайны гэтак і застаўся з ім на ўсё жыццё… І скупыя слёзы, якія я, малы, часам бачыў на ягоным твары 9 траўня, мне значна бліжэйшыя за ўсе вашыя «святыя» канцэрты і парады, таварыш міністр!

Аляксандр Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў