Святлане Ціханоўскай дагэтуль не кажуць, дзе знаходзіцца ейны муж

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты распавяла belsat.eu, што ёй дагэтуль афіцыйна не паведамілі месцазнаходжанне Сяргея Ціханоўскага, затрыманага ў пятніцу ў Горадні.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што Сяргей Ціханоўскі і яшчэ сямёра паплечнікаў былі этапаваныя з Горадні ў Менск і змешчаныя ў ЦІП на Акрэсціна. Аднак Святлана Ціханоўская кажа, што ёй дакладна нічога не вядома.

«Мне на дадзены момант ніхто з органаў не паведаміў, дзе знаходзіцца мой муж. Я спрабую нейкім чынам пра гэта даведацца. Яшчэ 29 траўня я заявіла ў Першамайскі РАУС аб знікненні чалавека. Дагэтуль мне афіцыйна не далі адказу. Пра Акрэсціна я даведваюся са СМІ. Я сёння туды званіла, але мне адмовіліся прадставіць інфармацыю», – сказала яна.

Міліцыя затрымала сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай

Пра затрыманні чальцоў сваёй ініцыятыўнай групы, якія адбыліся сёння раніцай, Святлана кажа:

«Я знаходжуся проста ў пастаянным шоку ад таго, што адбываецца».

Сама яна цяпер дома, бо хвалюецца за сваіх маленькіх дзяцей, і калі яе затрымаюць – іх няма з кім будзе пакінуць.

Святлана Ціханоўская таксама адзначыла, што пакуль не збіраецца браць удзел у сваіх пікетах.

КА belsat.eu

Hавiны