Святлана Ганнушкіна: Спецслужбы Беларусі ды Расеі дагэтуль не зразумелі, што яны спецслужбы розных дзяржаваў


Расейская праваабаронца, сустаршыня камітэту «Грамадзянскае садзеянне» Святлана Ганнушкіна ў інтэрвʼю «Белсату» пракаментавала сітуацыю з выдачай чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева Расеі.

Раніцай 8 чэрвеня Мурада Амрыева затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце «Весялоўка». Адтуль яго даставілі ў РАУС у Добрушы. У прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму заявілі «Белсату», што з Добрушу Амрыева ўчора ўвечары забралі расейскія сілавікі.

– Святлана Аляксееўна, як вы ацэньваеце паводзіны расейскіх і беларускіх праваахоўнікаў у справе Мурада Амрыева?

– Па-першае, нельга казаць пра расейскіх праваахоўныя органы як пра нешта адзінае. Амрыева толькі што адбілі ў чачэнскіх паліцэйскіх бранскія паліцэйскія – яны адмовіліся яго выдаваць, бо падставаў для гэтага няма ніякіх. Амрыеў патрэбны чачэнскім сілавікам толькі таму, што праз яго хочуць выманіць з Нямеччыны ягонага брата. Амрыеў затрымліваўся незаконна, яго вызвалілі з-пад варты і ён зʼехаў з Бранску. Але чачэнскія сілавікі вырашылі давесці справу да канца і звярнуліся да Беларусі.

Верагодна, рашэнне ехаць у Беларусь было памылкай з самага пачатку. На жаль, Беларусь выдае ўсіх запар абы-каму. Паводзіны беларускіх праваахоўных органаў абсалютна не адпавядаюць міжнародным нормам. Выдаваць Амрыева, вядома, нельга было, бо да яго няма прэтэнзіяў. Беларускія праваахоўныя органы мусілі высветліць гэтае пытанне. Нельга ж да такой ступені выконваць просьбы сваіх калегаў, нягледзячы на закон.

– На ваш погляд, чаму беларускія міліцыянты так хутка выдалі Амрыева расейскаму боку?

– Цяжка сказаць. Вядома, пачынаеш падазраваць карупцыйны складнік. Хаця, магчыма, тут яго і няма: проста расейскія калегі папрасілі і яны яго аддалі. На жаль, нашыя спецслужбы дагэтуль не зразумелі, што яны спецслужбы розных дзяржаў.

А чаму нашыя паліцэйскія часта падтрымліваюць незаконныя патрабаванні спецслужбаў Узбекістану ці Таджыкістану? Былі выпадкі, калі на тэрыторыі Расеі людзей проста выкрадалі і чалавек, які ўжо атрымаў прытулак у Расеі, знянацку аказваецца ў турме Узбекістану ці Таджыкістану. У нас (і я дакладна гэта ведаю) карупцыйны складнік у такіх справах ёсць. А наконт Беларусі мне сказаць цяжка.

– Ці маюць праваабаронцы інфармацыю, каму ўсё ж перадала беларуская міліцыя Амрыева – ФСБ ці кадыраўцам?

– Дакладнай інфармацыі ў нас няма. Але я думаю, што калі б гэта былі не чачэнцы, то мы б ужо ведалі, дзе ён знаходзіцца.

Мурад Амрыеў

– Шмат казалася пра тое, што Мурада Амрыева пераследуюць праз ягонага брата. А якія маюць прэтэнзіі кадыраўцы да брата Мурада?

– Гэта не мае абсалютна ніякага значэння. Якія б не былі прэтэнзіі, яны ёсць у адносінах да брата, а не да Мурада. Дзейнічаць такімі метадамі абсалютна недапушчальна. Прычым гэта далёка не першы выпадак, калі ціснуць праз сямʼю і выманьваюць сваякоў. У сённяшняй Чачні гэта нормай лічыцца.

– Для жыцця Амрыева ў Чачні існуе рэальная пагроза?

– Безумоўна. У Чачні няма аніякага закону, там няма расейскай Канстытуцыі, няма міжнароднага права. Там ёсць толькі загад Рамзана Кадырава. Калі Рамзан загадаў, то з чалавекам можна рабіць усё што заўгодна. Гэта Кадыраў неаднаразова пацвярджаў на публіцы і з гэтым расейскія ўлады мірацца, купляючы такім чынам ягоную так званую вернасць Расеі – у якую я абсалютна не веру.

Глядзіце таксама:

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў