Святлана Алекcіевіч: Мне шкада, што «Чарнобыль» не знялі нашыя


«Я бачу некалькі асобаў, але я не назаву іхных прозвішчаў, бо гэта небяспечна для іх», – так на пытанне пра беларускага Зяленскага адказала пісьменніца і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Што яна думае пра ліквідацыю крыжоў у Курапатах? Як ацэньвае Трампа, Зяленскага і Пашыньяна? Што мяркуе пра серыял «Чарнобыль», сцэнар якога заснаваны на ейных кнігах? Інтэрв’ю ўзяла Аліна Коўшык напярэдадні дня народзінаў літаратаркі, якой 31 траўня споўніўся 71 год.

Спадарыня Святлана, ці вы сочыце за палітычнымі падзеямі? І якая з падзеяў вас здзівіла апошнім часам?

Вядома, Курапаты… Тое, як выцягвалі крыж. Уявіць сабе, што ў хрысціянскай краіне гэта магчыма… Гэта быў гэткі ўнікальны помнік народны. Я шмат езджу па свеце: нічога падобнага я не бачыла. І вось гэта зрабіць… Мне здавалася, што гэта нейкі вельмі дрэнны знак.

А з міжнародных падзеяў? Тое, што адбываецца і ў свеце, і таксама на нас адбіваецца.

Самае вялікае ўзрушэнне – гэта Трамп. Нам заўсёды здавалася, што Амерыка – гэта вельмі моцная, непахісная дэмакратыя, і што такое немагчыма. Але, відаць, гэты камунізм, якім я займалася 40 гадоў… Паўсюдна адбылася нейкая распуста людзей. Камунізм вельмі павольна і небяспечна памірае, і ніхто з нас не ведае, на як доўга гэта і чым можа скончыцца. Гэта небяспечна ўсім, аж да фашызму.

Hавiны
Святлана Алексіевіч: «Мая зямля – Беларусь. Мая родная мова – беларуская»
2019.05.28 19:00

Тое, што мы назіраем у нашых постсавецкіх краінах… Украіна выбрала Зяленскага, у Арменіі перамог Пашыньян… То бок пакрысе наспявае хваля новых лідараў. Ці сапраўды мы даспелі, дажылі да таго, што кіраваць нашымі краінамі пачнуць людзі з абсалютна новым досведам, без досведу страху і таталітарызму, якія сталелі ўжо пасля развалу Савецкага Саюзу?

Я маю надзею, што прыйдзе новае пакаленне, пакаленне маладых палітыкаў, людзі, у якіх ужо не толькі ракеты і падводныя чаўны ў галаве, якія цалкам іначай уяўляюць свет, узаеміны паміж людзьмі і разумеюць, што сапраўды небяспечна сёння для людзей. Бо мы бачым, наколькі відавочна тое, што пачынаецца экалагічная гісторыя, і менавіта прырода будзе галоўным нашым апанентам у гэтым жыцці. Таму шкада толькі, што Беларусь не будзе тою краінаю, мне так здаецца, у якой зʼявіцца свой Зяленскі хутка. Гэтага Зяленскага мы ўсе мусім выгадоўваць, чакаць.

А ці вы бачыце нейкія парасткі? Ці ёсць сярод тых, хто цяпер працуе на незалежную Беларусь, хтосьці, хто мае такія задаткі на нашага Зяленскага?

Я думаю, пра гэта небяспечна сёння казаць, бо нашая ўлада знішчыць гэтага чалавека. Так, я бачу некалькі асобаў, але я не назаву іхных прозвішчаў, бо гэта небяспечна для іх.

На жаль, страх – гэта вельмі істотная эмоцыя, якою кіруюцца беларусы. Яшчэ ў 2014 годзе вы напісалі эсэ «Калектыўны Пуцін». Маўляў, Пуцін жыве ў кожным з нас. Нават калі б ён не выйграў, ён і так ёсць. Ці нешта змянілася за гэтыя гады? У які бок ідзём мы як людзі, як народ?

Ведаеце, мне здаецца… Часам, як ува ўсіх, бываюць хвіліны адчаю… Але мне здаецца, што ўсё ж такі на баку дабра ўсё больш людзей. Іх значна больш, чымся мы сабе ўяўляем. Нам здаецца, што нічога не адбываецца, што гэта нерухомае. Чым далей ідзе час, тым больш у мяне з’яўляецца ўпэўненасць, што адбываецца нейкае назапашванне ў людзей. Яны ездзяць, яны глядзяць: вось табе Пашыньян, вось табе Зяленскі. Гэта не праходзіць бясследна. Гэта такія знакі, што я нават не магу зразумець, бо застаюся зусім далёка ад палітыкі, як гэтага не бачаць тыя, хто ў вялікай палітыцы: той жа Пуцін, той жа Лукашэнка.

Цяпер пытанне з зусім іншага боку… Ці вы паспелі паглядзець серыял «Чарнобыль»?

Не, не паспела. Мне самой цікава, хоць я прыблізна ведаю, што яны выбралі з маіх кніг. Мы гэта абгаворвалі. Але я хачу паглядзець, як гэта выглядае. Мне вельмі радасна, бо ёсць шмат фільмаў, зробленых паводле маіх кніг, паводле Чарнобылю ў прыватнасці, і п’есаў вельмі шмат па ўсім свеце… Але ўпершыню гэткае, мяркуючы з сетак, аднадушнае ўзрушэнне ад фільму. А так гэта праходзіць неяк мімаходзь.

Hавiны
Серыял «Чарнобыль»: разрыў замкнёнай сістэмы
2019.05.27 19:17

Гэты серыял хіба што даў магчымасць вынесці гэта на шырокія масы, зноў узняць гэтую тэму. Я чытала «Чарнобыльскую малітву» яшчэ ў школе, для мяне гэта было абсалютным катарсісам. Памятаю, што плакала, рэальна плакала над гэтаю кнігай, а цяпер гэта маюць магчымасць адчуць людзі, якія, можа, ніколі не мелі магчымасці дакрануцца да гэтай страшнай катастрофы.

Мне вельмі шкада, што гэтага не зрабілі нашыя кінематаграфісты. Я вельмі хацела, каб гэта зрабілі ў Расеі ці ў Беларусі або ва Украіне. І мне было шкада, што ніхто гэтага не зрабіў.

А можа, з іншага боку, яны былі больш аб’ектыўнымі?

Я не ведаю, ці былі яны аб’ектыўнымі… Ці дазваляе нашая культура паглядзець на гэта збоку, з тым досведам культурніцкіх навыкаў, якія ёсць у амерыканскай і англійскай нацыях. Там гэта таксама вельмі важна. Я памятаю свае адчуванні, калі я працавала над гэтаю кнігаю. Гэта было разуменне таго, што гэта зусім новае, няма адказаў, бракуе гэтых знакаў нашай культуры, трэба недзе шукаць, дзесьці дадумвацца да нейкіх рэчаў упершыню. Але, можа быць, добра, што гэта зрабілі іншыя нацыі.

Hавiны
Пажарны з серыялу «Чарнобыль». Ці памятаюць беларусы пра свайго земляка?
2019.05.22 17:56

Мы з вамі сёння шмат размаўлялі пра страх, пра таталітарызм, але кніга, над якою вы працуеце цяпер, пра каханне. Ці варта яе хутка чакаць?

Ведаеце, усе кажуць: «Ах, чаму каханне? Вы ўжо здаліся?» Я не здалася. Што датычыць сацыяльных тэмаў, сацыяльнага праекту, мне здаецца, што я выказала ўсё, што хацела, што разумею, што магу. Мяне сталі больш цікавіць экзістэнцыяльныя рэчы – вось каханне і пра смерць яшчэ адна кніга. На жаль, я падоўгу працую, так што гэта доўгая праца, нават не ведаю, калі яна скончыцца.

31 траўня ў вас дзень народзінаў. Які падарунак быў бы для вас найлепшым?

Ведаеце, нядаўна я ішла па вуліцы. Раптам падыходзіць да мяне нейкая жанчына, абдымае і кажа: «Я вас люблю». І пайшла. А часам я выходжу ў нейкіх справах, вось нядаўна была ў «Новай Еўропе» – у нас ёсць такая крама… Адна жанчына падышла, мужчына, і ўсе кажуць: «Мы вас чытаем, мы вас любім». Гэта найлепшыя падарункі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «Прасвет» 31.05.2019

 

Стужка навінаў