Светлагорскі цэлюлозны камбінат разрывае кантракт з кітайскім генпадрадчыкам


Светлагорскі цэлюлозны камбінат мае намер правесці 15 жніўня пазачарговы сход акцыянераў, падчас якога маецца разгледзіць скасаванне кантракту будпадраду з Кітайскай карпарацыяй інжынірынгу САМС. Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце камбінату.

Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску.
Фота: svetlik.net

Завод беленай цэлюлозы, пабудаваны ў межах беларуска-кітайскага праекту, пачаў працаваць у пачатку 2018 года. Але яшчэ да пабудовы заводу мясцовыя жыхары сабралі больш за 10 тысяч подпісаў супраць прадпрыемства. Эксперты звярталі ўвагу на нізкую якасць вытворчага працэсу і экалагічныя негатыўныя наступствы.

І сапраўды, пасля запуску заводу газ збіраўся ў нізінах навакольных вёсак і Светлагорску.

У выніку завод спыніў працу ў кастрычніку летась, тады Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прызнала, што першапачатковы праект не ўлічваў выкідаў у паветра смярдзючага і атрутнага для арганізму газу метылмеркаптану.

Кітайскія спецыялісты пакінулі прадпрыемства, забраўшы з сабою электронныя платы кіравання абсталяваннем.

У траўні сёлета Мініпрыроды даручыла канцэрну «Беллеспаперапрам» і ААТ «Светлагорскі ЦКК» «неадкладна прыняць усе неабходныя захады па няўхільнаму забеспячэнню выканання прыродаахоўнага заканадаўства на аб’екце».

У гэты ж месяц на будынку заводу абваліўся дах.

Планавалася, што завод штогод будзе вырабляць 400 тысяч тон цэлюлозы, бальшыня якой пойдзе на экспарт. Агулам кошт праекту 850 мільёнаў долараў, з іх толькі каля двухсот – інвестыцыі кітайскай кампаніі, рэшта – дзяржаўны крэдыт Беларусі ад кітайскіх банкаў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў