Свабодны тэатр шукаў прыязныя для ЛГБТ бары на Зыбіцкай. І знайшоў пяць


Студэнты тэатральнай студыі Fortinbras пры Свабодным тэатры спраўдзілі вядомую барную вуліцу Зыбіцкую на талерантнасць да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Акторы проста пыталіся, ці можна прыляпіць на дзверы налепку «Прыязныя да ЛГБТ». У большасці месцаў менеджары і бармены адказалі, што гэтае пытанне павінен вырашыць дырэктар.

Удзельнікі эксперыменту спраўдзілі 20 установаў. Згоду яны атрымалі толькі ў пяці месцах, у чатырох – пачулі катэгарычнае «не». Гэтак, у спартовым бары «4–4–2» ім адмовілі, бо «фанаты – гэта такія мужыкі мужыкамі».

Яшчэ ў 11 месцах тэатралам казалі, што гэтае пытанне павіннае вырашаць кіраўніцтва.

ЛГБТ-рэйтынг вуліцы Зыбіцкай ад студыі Fortinbras

З гэтай вясны Свабодны тэатр ладзіць акцыі, прысвечаныя адной з самых табуяваных тэмаў у нашай краіне. Вышэйшае кіраўніцтва, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, неаднаразова непаважліва выказваліся пра прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

У траўні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч назваў іх паводзіны неўласцівымі і ненатуральнымі, а лад жыцця – «непрымальным».

Гэта ўжо пятая па ліку акцыя тэатру за апошнія паўгода.

Папярэдняя прайшла на мінулым тыдні: у адным з менскіх гандлёвых цэнтраў «ЛГБТ-міліцыя» затрымлівала пакупнікоў «за неадпаведны настрой».

ДД

Стужка навінаў