«Сузорʼе ідыётаў». Расейскі сябар Лукашэнкі пракаментаваў інфармацыю пра крымінальны пераслед


Расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў прыбыў у Крэмль для ўдзелу ў сустрэчы Уладзіміра Пуціна з прадстаўнікамі буйнога бізнесу і пракаментаваў інфармацыю пра тое, што ён трапіў пад крымінальны пераслед. Пра гэта паведамляе РБК.

«Няма ніякага пераследу. Хто гэта прыдумаў. Мяне не выклікаў ніхто. Які крымінальны пераслед. Чаго хвалявацца, я прыйшоў, як усе », – сказаў ён. Адказваючы на ​​пытанне аб наяўнасці інфармацыі па абвінавачванні ў кантрабандзе, ён сказаў: «Адкуль я ведаю, сузорʼе ідыётаў».

У сярэдзіне снежня ў некалькіх кампаніях, звязаных з Гуцэрыевым, прайшлі следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы, распачатай па артыкуле аб кантрабандзе стратэгічна важных тавараў і рэсурсаў (арт. 226.1 КК РФ). Расейскія СМІ паведамлялі пра ператрусы ў маскоўскіх офісах кампаніяў, што звязаныя з «Групай Сафмар» і належаць сям’і Гуцэрыева. «Следчыя распачалі крымінальную справу па факце кантрабанды нафты ў Еўропу адной з кампаніяў сына Гуцэрыева. Справа заведзеная паводле заявы федэральнай мытнай службы. Ператрусы ладзіліся ў тым ліку і ў доме Гуцэрыева», – паведамлялі «Ведомости» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах. У сваю чаргу «Сафмар» адзначалі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Паводле Forbes, сямʼя Міхаіла Гуцэрыева – гэта найбагацейшы клан у сучаснай Расеі. Гуцэрыеў – бадай, адзіны расейскі алігарх, з якім Лукашэнка не толькі падтрымлівае цёплыя, сяброўскія стасункі, але і зусім не хавае гэтага. «Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае», – летась заявіла Forbes кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Паводле СМІ, сяброўства Гуцэрыева з Лукашэнкай пачалося з 2000 года, калі бізнесовец стаў прэзідэнтам кампаніі «Слаўнафта».

ВІДЭА
Лукашэнка павіншаваў алігарха Гуцэрыева з юбілеем. Топ-7 фактаў пра расейскага сябра кіраўніка Беларусі
2018.03.09 13:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў