Сусветны банк: рост заробкаў беларусаў эканамічна неабгрунтаваны

Рэальныя заробкі беларусаў з пачатку 2019 года выраслі на 7,6 %, што значна вышэй за рост прадукцыйнасці працы, якая склала толькі 1,5 %. Пра гэта гаворыцца ў эканамічным аглядзе Сусветнага банку, прэзентаваным у Менску 28 лістапада.

«Гэта значыць, што заробкі налічваліся і выплочваліся не таму, што прадпрыемства ды эканоміка працавалі больш эфектыўна, канкурэнтаздольна і арганічна. Больш высокія заробкі выплочваліся з іншых, сацыяльных прычынаў», – адзначыла эканамістка Сусветнага банку Марына Сідарэнка.

Шыльда на будынку прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Менску. Фота – belsat.eu

Эксперты Сусветнага банку канстатуюць, што эканамічны рост Беларусі сёлета запаволіўся праз скарачэнне экспарту на фоне пагаршэння вонкавай канʼюнктуры і нераўнамернай дынамікі ўнутранага попыту. Экспарт у краіны ЕЗ скараціўся на 17,3 %, пры гэтым рост экспарту ў РФ быў невялікім – 3,7 %. Агулам таварны экспарт скараціўся на 3 %.

Са студзеня да верасня 2019 года ВУП вырас толькі на 1 % (за аналагічны перыяд 2018 года было 3,7 %). Асноўны ўнёсак у рост ВУП зрабіў сектар інфармацыі і сувязі – 0,5 % з 1 %. Другую палову адсотка заняла ўся астатняя эканоміка краіны.

«Гэта значыць, што індывідуальна кожная галіна расла менш высокімі тэмпамі. У некаторых галінах прамысловасці нават назіралася стагнацыя», – падкрэсліла Марына Сідарэнка.

Эканаміст Сусветнага банку Марына Сідарэнка. Фота – belsat.eu

Гэта сітуацыя тлумачыцца або неканкурэнтаздольнасцю прадукцыі такіх прадпрыемстваў, або кепскай фінансавай сітуацыяй.

«Такая сітуацыя знайшла сваё адлюстраванне ў росце праблемных крэдытаў у банкаўскім сектары. Мы бачым, што доля праблемных крэдытаў у банкаўскім сектары павялічылася з 3,5 % да 5,5 % на 1 верасня 2019 года. Праз гэта бюджэт быў вымушаны накіроўваць субсідыі прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі. Сродкі на пакрыццё стратаў дасягнулі $ 600 млн», – падкрэсліла прадстаўніца Сусветнага банку.

Злева направа: прэс-сакратар Дзмітрый Бурэнкін, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку Алекс Крэмер, эканамісты Кірыл Гайдук і Марына Сідарэнка. Фота belsat.eu

У Сусветным банку канстатуюць, што праз расейскі падатковы манеўр скараціліся паступленні ў беларускі бюджэт (на 0,2 %), а дзяржаўныя выдаткі наадварот павялічыліся на 3 % (у першую чаргу за кошт росту субсідыяў і заробкаў).

Сярод пазітыўных высноваў банку – зніжэнне тэмпаў гадавой інфляцыі да 5,3 %.

Сусветны банк пагоршыў прагноз для Беларусі праз падатковы манеўр

ІІ belsat.eu

Hавiны