«Сустракаемся, паціскаем рукі, абдымаемся». Лукашэнка распавёў, як паводзіць сябе падчас пандэміі


На тэлеканалах ОНТ, «Беларусь 1» і ў тэлеграм-канале «Пул Первого» былі апублікаваныя фрагменты прамовы Аляксандра Лукашэнкі на прадпрыемстве «Белгіпс», дзе ён распавядае, што ніяк не змяніў свае паводзіны пасля пачатку пандэміі каронавірусу.

«Я жыву тым жа жыццём, што і жыў. І ўчора трэніроўка з хакеістамі: сустракаемся, рукі паціскаем, абдымаемся, калашмацім адзін аднога і г.д» – распавёў Лукашэнка.

«Вы, імаверна, ужо ўсе перахварэлі гэтым каронавірусам, – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да рабочых «Белгіпсу», – Дай Бог, канешне, каб перахварэлі! Калі 60 % перахварэе, выпрацуецца імунітэт і забудзем пра гэты каронавірус. Я не рабіў аналіз на каронавірус. Можа таксама перахварэў».

Як паведамляе тэлеканал «Беларусь 1», каронавірус не ўнёс карэктываў ні ў працоўны графік Лукашэнкі, ні ў ягоны лад жыцця наагул.

«Я нікуды не хаваюся, адмысловых мераў бяспекі нават у рэзідэнцыі… Ну рукі, кажуць, мыюць. Катэгарычна забараніў, хто б не прыходзіў, нейкія лішнія мерапрыемствы… Нічога асаблівага. Абсалютна нармальнае жыццё», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама распавёў, што катэгарычна супраць каранціну ў школах – ён лічыць, што гэта будзе толькі на шкоду ўсім. Коля Лукашэнка працягвае наведваць школу, сцвярджае кіраўнік дзяржавы.

«У мяне можа ёсць магчымасць, каб дзіця было ізалявана, але я яго не ізалюе», – дадаў ён.

Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе людзям абмежаваць свае кантакты. У тым ліку медыкі кажуць, што трэба насіць маску, не цалавацца і не паціскаць рукі.

Hавiны
Медыкі нагадалі пра прафілактыку інфікавання на каронавірус
2020.03.17 18:30

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў