Супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем сабрана ўжо 20 000 подпісаў

У мінулыя выходныя подпісы збіраліся на пікетах у дзевяці кропках Берасця.

Цэмент і бетон дрэнна цвярдзеюць на марозе і для працы з імі пры нізкіх тэмпературах неабходныя дарагія дадаткі.

«Наша мэта сабраць 35 000 подпісаў, калі мы гэта зробім, то згодна з заканадаўствам, улады павінны будуць спыніць будаўніцтва, каб абмеркаваць закрыццё або перанос заводу ў іншае месца», – распавёў Belsat.eu адзін з актывістаў кампаніі супраць будаўніцтва заводу.

Збор подпісаў каля гіпермаркету. Людзі прыносяць запоўненыя падпісныя лісты.

Некаторыя ўдзельнікі кампаніі супраць будаўніцтва заводу, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, трапілі пад ціск з боку ўлады. Паводле аднаго са зборшчыкаў подпісаў, кіраўніцтва дзяржаўнай арганізацыі, дзе ён працуе, пагражае не працягнуць з ім кантракт.

Да пікетаў, дзе збіраюць подпісы супраць будаўніцтва заводу, выстройваюцца чэргі.

«Гэта толькі пачатак, – кажа адзін з удзельнікаў кампаніі. – Калі нас не пачуюць, мы пяройдзем да больш актыўных дзеянняў».

На гэтым тыдні ў інтэрнэце запрацаваў сайт stopzavod.by, які абʼядноўвае тых, хто выступае супраць будаўніцтва заводу. Таксама актывісты працуюць з адвакатамі і не выключаюць, што барацьба супраць будаўніцтва можа перамясціцца ў судовыя кабінеты.

15 студзеня прайшла сустрэча чыноўнікаў і бізнесменаў з людзьмі, якія выступаюць супраць будоўлі. Яна зацягнулася на чатыры гадзіны, але чыноўнікі так і не змаглі даць уцямныя адказы на пытанні людзей. Пасля сустрэчы завод пачалі будаваць у паскораных тэмпах.

Каманда Belsat.eu пабывала на будоўлі і пераканалася, што, нягледзячы на мінусавую тэмпературу, працы вядуцца актыўна і вялікай колькасцю рабочых. Імаверна, што гаспадар праекту, Віктар Лемяшэўскі стараецца пабудаваць завод як мага хутчэй.

Налепка супраць будаўніцтва заводу на машыне жыхара рэгіёну.

У бліжэйшыя выходныя ў Берасці зноў пройдуць пікеты па зборы подпісаў, а ў населеных пунктах, якія суседнічаюць з будоўляй, адбудуцца сходы грамадзянаў.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Hавiны