Супраць футбаліста-ганялы завялі справу. Але не за парушэнне ПДР


Футбаліст-ліхач побач з аўтам ягонай маці. Фота з «Інстаграму» Іллі Лухвіча

Пасля таго, як стала вядома пра шматлікія парушэнні правілаў дарожнага руху Іллём Лухвічам (ён хваліўся імі ў «Інстаграме»), футбаліста затрымала міліцыя. Следчы камітэт падае, што Лухвіча і студэнтку адной з менскіх ВНУ падазраюць у махлярстве.

Цэнтральны раённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле часткі 2-й артыкулу 209 Крымінальнага кодэксу ў дачыненні Іллі Лухвіча і 18-гадовай студэнткі аднаго з ВНУ.

Іх затрымалі па падазрэнні ў махлярстве.

«Згодна з матэрыяламі, якія паступілі ў орган папярэдняга расследавання, махлярства звязанае з продажам мабільных тэлефонаў», – заяўляюць у Следчым камітэце.

Следчыя ўсталёўваюць абставіны справы супольна са сталічнай міліцыяй.

22–23 студзеня ў медыях з’явіліся матэрыялы пра менчука на «Infinity», які рэгулярна парушае правілы дарожнага руху – і хваліцца гэтым у «Інстаграме». Кіроўцам аказаўся футбаліст клубу «Прамень» Ілля Лухвіч, сын галоўнага трэнера ФК «Менск» Аляксандра Лухвіча.

Раніцай серады маладога футбаліста-ганялу затрымала міліцыя.

У размове з «Белсатам» Аляксандр Лухвіч паведаміў, што сыну больш машыну не дадуць: бацькі набылі яму талончыкі на праезд.

  • Іллю Лухвічу – 19 гадоў. Пачаў займацца футболам ў дзяцінстве ў структуры ФК «Менск». У 2016-м ён дэбютаваў як нападнік у моладзевым складзе клубу. У мінулым сезоне Ілля граў у «Чысці» з Першай лігі. Не забіўшы аніводнага мяча ў 11 гульнях, ён патрапіў у рэзервовы склад «Промня».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў