Суд у Віцебску прызнаў бацюшку з Расеі вінаватым у сутэнёрстве


Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 14 лістапада аб’явіў прысуд па крымінальнай справе «бацюшкі-сутэнёра» – 39-гадовага святара Мікалая Кірэева ​​з храму Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградскай вобласці. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 5 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Прысуд вынес суддзя Дзяніс Аляксеенка. Святар сваю віну не прызнаў. Слуханні па справе «бацюшкі-сутэнёра» праходзілі ў закрытым рэжыме на працягу 3 тыдняў.

Нагадаем, Мікалая Кірэева затрымалі 3 жніўня ў Віцебску. Па дадзеных следства, бацюшка з красавіка па жнівень 2017 гады вёў перапіску ў сетцы Інтэрнэт з двума жыхаркамі Віцебску. Калі ён атрымаў згоду апошніх на занятак прастытуцыяй за грашовае ўзнагароджанне ў горадзе Санкт-Пецярбургу, 3 жнiўня прыбыў у Віцебск з мэтай іх дастаўкі ў Расейскую Федэрацыю. Правёўшы некалькі гутарак з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі і дасягнуўшы дамоўленасці аб іх вывазе, а 19 гадзіне 30 хвілін мужчына быў затрыманы пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск-Санкт-Пецярбург».

Святару было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт.14, ч.2 арт.171 КК Беларусі (замах на арганізацыю заняткаў прастытуцыяй, спалучаны з вывазам асобы за межы дзяржавы). Паводле следства, Кірэеў перапісваўся і з іншымі беларускамі з мэтай прыцягнення іх у прастытуцыю на тэрыторыі РФ. Вербаванне разам з Кірэевым праводзіла 19-гадовая грамадзянка Таджыкістану, якую затрымалі ў Гомлі і ўжо прысудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў