Суд падоўжыў арышт «беларускаму шпіёну» Юрыю Палітыку


Чарнігаўскі раённы суд пастанавіў працягнуць да сярэдзіны чэрвеня арышт беларусу, якога абвінавачваюць у шпіянажы. Юрый Палітыка застанецца ў СІЗА.

Паводле Радыё Свабода, разгляд хадайніцтва пракуратуры аб падаўжэнні тэрміну арышту быў адзіным пытаннем, якое сёння разглядаў суд. Паседжанне працягвалася 45 хвілін і праходзіла пры адсутнасці адвакатаў Юрыя Палітыкі. Наступнае паседжанне суда ў справе грамадзяніна Беларусі адбудзецца 24 красавіка а 15-й.

Нагадаем, Юрыя Палітыку затрымалі ў момант праходжання пашпартнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыі памежнага пункта «Новыя Ярылавічы» 16 чэрвеня 2017 года. З пункту гледжання ўкраінскіх праваахоўнікаў, беларус у інтарэсах трэцяга боку збіраў на тэрыторыі Украіны звесткі аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. Атрыманую інфармацыю ён зашыфраваў і захоўваў на карце памяці свайго мабільнага тэлефона.

Папярэдні разгляд справы Юрыя Палітыкі распачаўся 12 лютага, але за гэты час суд амаль не прасунуўся наперад. Паседжанне раз за разам адкладаюць – або з прычыны адсутнасці перакладчыка, або з прычыны адсутнасці адвакатаў.

Belsat.eu пісаў пра дэталі «шпіёнскай» справы – падрабязна чытайце тут.

Раней некаторыя ўкраінскія эксперты выказвалі меркаванне, што працэс над Палітыкай можа быць люстэркавай рэакцыяй на суд над Паўлам Шаройкам у Менску. Журналіста Украінскага нацыянальнага радыё Шаройку затрымалі ў Менску ў кастрычніку і абвінавацілі ў шпіянажы. На пачатку красавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што Менск і Кіеў нібыта дамовіліся пра абмен. Пазней амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў