Суд над жыхаром Дрыбіна за сумны смайл у «Аднакласніках» перанеслі

Дрыбінскі суд адправіў на дапрацоўку ў міліцыю адміністратыўную справу супраць Андрэя Юркова, якога вінавацяць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КоАП). Пра гэта паведамляе «Магілёўская Вясна».

Сёлета ў верасні Юркоў паставіў у «Аднакласніках» рэакцыю «Сумую» на пост, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова праз алгарытмы сацсеткі.

Смайл заўважылі ў магілёўскай міліцыі. Старэйшы інспектар УУС Магілёўскага аблвыканкаму Пугачоў склаў рапарт, у якім адзначыў, што Юркоў распаўсюдзіў «нацысцкую сімволіку», а намеснік начальніка УУС Рыжанкоў перанакіраваў рапарт у Дрыбінскі РАУС.

Там на Юркова склалі пратакол па іншым артыкуле – замест распаўсюду нацысцкай сімволікі, міліцыянт прыпісаў мужчыне распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11 КоАП).

Справу накіравалі ў суд і нават прызначылі паседжанне на 13 снежня. Аднак неўзабаве матэрыялы вярнуліся ў РАУС.

Аказалася, што ў пратаколе аб правапарушэнні не пазначана, што інкрымінаваны Андрэю Юркову артыкул прадугледжвае адміністратыўную адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акрамя таго, не згадваюцца сродкі, з дапамогай якіх Юркоў нібыта распаўсюдзіў іх.

КА belsat.eu

Hавiны