Больш чым у сотні студэнтаў БНТУ пацверджаны каронавірус. Гэтым разам асяродак захворвання – у 6-м інтэрнаце ўніверсітэту, які асацыюецца з пачаткам эпідэміі. 28 лютага першым пацыентам з каронавірусам у Беларусі стаў студэнт БНТУ з Ірану.
Ад 9 красавіка два інтэрнаты БНТУ закрылі на каранцін, бо ў студэнтаў, якія там пражываюць, выявілі каронавірусную інфекцыю. Маргарыта, студэнтка 4 курсу БНТУ, якая жыве ў 6-тым інтэрнаце, кажа, што дзверы замкнулі даволі раптоўна:
«Я даведалася пра каранцін праз нашую гутарку «Вконтакте». Там напісалі, прычым самі студэнты, што ад сёння нельга выходзіць на вуліцу. Афіцыйных пацверджанняў не было ані ад адміністрацыі ўніверсітэту, ані ад адміністрацыі інтэрната», – прыгадвае яна.
У хуткім часе медыкі пачалі тэставаць усіх студэнтаў, якія жылі ў адным крыле з хворай на Ковід-19 дзяўчынаю з 6-га інтэрнату. Першы тэст шмат у каго быў адмоўны. Другі ж паказаў станоўчы вынік у 38 чалавек. У тым ліку і ў Маргарыты. Дзяўчына прыгадвае, што як толькі яна даведалася пра дыягназ, стаўленне да яе з боку іншых студэнтаў вельмі змянілася.
«Адна дзяўчына адразу папырскала ўсё вакол сябе антысептыкамі. Іншыя пачалі гаркаць на мяне: «Чаму ты тут ходзіш, нас заражаеш?» Я вельмі чакала, пакуль хуткая мяне забярэ ў шпіталь».
Маргарыта мяркуе, што прычына такой успышкі ў 6-ым інтэрнаце БНТУ – архітэктурная. Будынак калідорнага тыпу: студэнты маюць агульную прыбіральню, душ і кухня – на паверх. У такіх умовах не магчыма захоўваць самаізаляцыю. Студэнты ў любым выпадку недзе дакрануцца да паверхні агульнага ўжытку.
Ужо 9-га красавіка ў інтэрнаце ўвялі рэжым самаізаляцыі, але дазволілі выходзіць на 20 хвілін у краму. Апроч гэтага дазвалялася паліць і гуляць у спартовыя гульні на заднім двары. Пры гэтым амаль ніхто не насіў маскі і пальчаткі.
«Тэсты на каронавірус у нас бралі ў актавай залі інтэрната. Сабралі 60 чалавек у закрытым памяшканні, больш за палову з якіх – са станоўчым вынікам. Імавернасць таго, што і іншыя ў гэтым натоўпе маглі заразіцца – вельмі высокая, бо кантакт быў занадта шчыльны», – прыгадвае Маргарыта.
Адзін са студэнтаў БНТУ, які жыве ў 6-ым інтэрнаце і ў якога таксама пацвердзілася каронавірусная інфекцыя, кажа, што рэжым самаізаляцыі ў інтэрнаце выконваўся абы як.
«Усе адпачываюць ды гуляюць як раней, адно што закрытыя ў інтэрнаце. Людзі самі сабе гатуюць, ходзяць у адзін душ і туалет. Дакранаюцца да ручак дзвярэй. Пры якой самаізаляцыі ўвогуле выпускаюць у краму? Вось каб было, як у шпіталі, то ўсе былі б здаровыя», – кажа ён.
Зараз студэнтаў з тых факультэтаў, на якіх якіх выявілі хворых на Ковід-19, перавялі на дыстанцыйнае навучанне. Тыя, хто ў шпіталі, маюць бальнічны.
«У нас праходзяць пары, але мне сказалі, што я магу іх не наведваць. Часам заходжу, слухаю лекцыі. Наконт сесіі нічога пакуль што не казалі, але так ці інакш усім яе трэба будзе здаваць, – распавядае маладзён.
Першых хворых на каронавірус студэнтаў з 6-га інтэрнату адправілі ў Менскі скурна-венералагічны дыспансер. Але 26-га красавіка яшчэ ў прыкладна 80-ці чалавек пацвердзілася каронавірусная інфекцыя. Месцаў на ўсіх у шпіталі не хапае. Таму з 17-га інтэрнату БНТУ вырашылі тэрмінова выселіць студэнтаў, а на іхнае месца засяліць хворых на COVOD-19 студэнтаў.
Сваё рашэнне адміністрацыя БНТУ патлумачыла праз афіцыйнае выданне ўніверсітэту:
«17-ты інтэрнат лічыцца інтэрнатам блокавага тыпу, таму там можна больш эфектыўна рэалізаваць патрабаванні па самаізаляцыі хворых навучэнцаў. Нагадваем студэнтам, якія пражываюць у інтэрнаце, што аніхто не застанецца на вуліцы, і яны могуць звярнуцца ў студэнцкі гарадок для давання месца ў іншых інтэрнатах».
Адміністрацыя ўніверсітэту абвергла інфармацыю, што студэнты, якія не здолеюць выселіцца з інтэрната, застануцца там на самаізаляцыі. Яны заклікаюць сачыць за інфармацыяй, якая публікуецца праз каналы БНТУ.
«Уся інфармацыя, якая ідзе непасрэдна ад кіраўніцтва ўніверсітэту, публікуецца толькі на афіцыйных каналах БНТУ ці са спасылкай на іх. Просім сачыць за ёй і не распаўсюджваць не правераную інфармацыю з неафіцыйных крыніцаў. Такая інфармацыя можа быць хлусліваю». – гаворыцца ў артыкуле.
У іншым артыкуле апісваюць уражанні тых 80-ці студэнтаў з каронавірусам, якіх перасялілі ў 17-ты інтэрнат. Маўляў, умовы на новым месцы добрыя і «гэтак будзе лепей для ўсіх».
Тым не менш, некаторыя студэнты незадаволеныя дзеяннямі адміністрацыі БНТУ. У нядзелю 26 красавіка паўстала петыцыя з заклікам накіраваць рэктара ды адміністрацыю БНТУ ў адстаўку.
«Мы просім прызначыць на гэтую пасаду чалавека, які будзе браць адказнасць за студэнтаў, якія паступілі на навучанне ў БНТУ… Дзеянні рэктара, як кампетэнтнага кіраўніка, мусяць быць у першую чаргу накіраваныя на эфектыўнае рашэнне задачаў, а не на стварэнне праблемаў у даверанай структуры», – гаворыцца ў петыцыі.
Пад зваротам падпісалася больш за 700 чалавек. Стваральнікі накіруюць яго ў Раду Міністраў 29 красавіка. На гэты момант афіцыйнай статыстыкі колькасці інфікаваных у БНТУ няма.
Ксенія Тарасевіч Belsat.eu