Студэнтаў БНТУ, якія перахварэлі на каронавірус, не пускаюць у інтэрнат


Машына хуткай дапамогі каля спартова-тэхнічнага факультэта БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Студэнты, якія жывуць у 6-ым інтэрнаце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту, нават не могуць забраць сваіх рэчаў. «Белсат» высветліў абставіны.

Са шпіталя – у нікуды

Студэнтка 4 курсу БНТУ Кацярына [імя змененае на ейную просьбу. – Belsat.eu] два тыдні правяла ў шпіталі з COVID-19. Яна жыве ў 6-ым інтэрнаце БНТУ, які зараз стаў адным з агмянёў інфекцыі.

Дзяўчына атрымала станоўчы вынік тэсту на каронавірус 20 красавіка, пасля чаго давялося тэрмінова перабірацца ў шпіталь, дзе яна правяла два тыдні. З сімптомаў мела толькі тэмпературу 37 градусаў.

Кантрольны тэст 4 траўня ўрэшце паказаў адмоўны вынік і дзяўчыну выпісалі са шпіталя – як аказалася, у нікуды, бо ля дзвярэй інтэрната ёй перакрылі дарогу ў пакой.

«Я сказала на прахадной, што толькі што выпісалася са шпіталя. Але мне ў адказ, што ўваходзіць нельга. Маўляў, загадчыца інтэрната забараніла. Мяне не пусцілі нават забраць мае рэчы! А ў мяне там засталося ўсё!» – абураецца студэнтка.

На просьбу Кацярыны паказаць дакументы, дзе было б напісана пра забарону, таксама адмовілі. Але за месца ў інтэрнаце – заплаці, бо яно за табою замацаванае.

Кацярына так і не здолела атрымаць тлумачэнне, чаму яе не пускаюць дадому. Адміністрацыя інтэрнату адправіла яе да дэканату, а дэканат перанакіраваў да санэпідэмстанцыі. Там на дзяўчыну ўзнялі голас, маўляў – звяртайся ў студэнцкі гарадок. Кола замкнулася.

Сабраць рэчы і дакументы Кацярыне дапамагла сяброўка, якая засталася ў інтэрнаце.

«Гэта было не вельмі зручна для яе. Лепш бы я сама забірала сваю бялізну. Інтэрнат на каранціне і студэнтаў выпускаюць толькі на 20 хвілінаў у краму. Мая сяброўка выкарыстала гэты ліміт, каб перадаць мне рэчы».

СТОП! – каранцін

Галоўны корпус БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Кацярына паехала ў родны горад да сваіх бацькоў, бо праца яе больш не трымае. Яе звольнілі з-за таго, што яна ляжала ў шпіталі і цяпер маюць зрабіць выплату апошняга заробку.

З такой сітуацыяй сутыкнулася не толькі Кацярына. Іншыя студэнты БНТУ, якія хварэлі на COVID-19, пацвердзілі Belsat.eu, што іх таксама не пусцілі ў інтэрнат.

«Патлумачылі гэта тым, што нельга заходзіць у зону каранціну. Ну што ж, зараз буду адпачываць, але не ў інтэрнаце», – сказаў суразмоўца Belsat.eu.

Загадчыца інтэрнатам Людміла Сманцэр паведаміла карэспандэнтам Belsat.eu, што студэнтаў могуць упусціць у інтэрнат – але гэтыя пытанні трэба вырашаць праз дырэкцыю Студгарадку.

«У нас жа каранцін. А тыя, хто перахварэў, могуць забраць свае рэчы і пакінуць інтэрнат. Дырэкцыя студгарадку дазваляе, усё ў парадку. Вы няправільна інфармаваныя», – сказала яна.

6-ты інтэрнат БНТУ ад 9 красавіка закрыты на каранцін. Аднак харчы пад дзверы студэнтам ніхто не носіць. Яны маюць выходзіць раз на дзень у краму на 20 хвілінаў.

БНТУ не падае афіцыйнай статыстыкі хворых на каронавірус студэнтаў. Аднак згодна з неафіцыйнымі звесткамі ў 6-ым інтэрнаце каля 300 чалавек маюць так званы станоўчы тэст.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў