Сцэнар для трагіфарсу. Што адбываецца за кулісамі беларуска-расейскіх перамоваў

Як там каля муроў Берасцейскай крэпасці сказаў славуты «Айфончык»? «Расея гатовая і далей прасоўвацца шляхам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытнай службы, суду, Падліковай палаты. У тым парадку, які прадугледжвае дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 году». І гэта – адзіны сцэнар, на якім настойвае дзяржава, якую дадзены суб’ект прадстаўляе ў дадзены момант.

Праўда, у адрозненне ад нашага субʼекту, якому неабходна дэманстраваць пагалоўны поспех цягам бліжэйшага году – ну, выбары ж на носе, так? Праўда? – са здымкамі фільму паводле гэтага сцэнару яна можа і пачакаць. Дзявятнаццаць гадоў чакала – ну, яшчэ трохі пачакае, пакуль падвыпіўшы з радасці віцэ-прэмʼер не скажа свайму шэфу:

– Клиент созрел. Можно прогуляться.

І тады яны выведуць кліента пад белыя ручкі проста на паветра, дзе ён, магчыма, і працверазее.

А потым размова працягнецца са словаў:

– Федя! Дичь!

Год таму нейкая з крамлёўскіх вежаў (а там у кожнай «вежы», калі яе не знесла канчаткова, ёсць мазгі з дыстанцыйным кіраваннем) замовіла некалькім групам маладых і амбіцыйных асобаў напісанне запісак на тэму: «Што рабіць з чамаданам без ручкі, які завецца Саюзнай дзяржаваю?» Зводзіць усё гэта разам даручылі нібыта адмыслоўцам з Вышэйшай школы эканомікі. Не, не Суздальцаву. Справа апынулася занадта сур’ёзнай, і дакладваць па запісцы трэбы было непасрэдна «першай асобе», а Андрэй Іванавіч заўсёды быў занадта гарачы і занадта зацікаўлены ў разбурэнні беларускага Карфагену, каб на падставе яго высноваў прымаць рэкамендацыі.

Групы гэтыя – дакладней, іхныя прадстаўнікі, – сустракаліся з самымі рознымі асобамі, у тым ліку і з Беларусі. І бралі ў іх інтэрвʼю (не для медыяў, для сябе, як вы разумееце) не менш за дзве-тры гадзіны. Калі маладзён, які сустракаўся са мною па просьбе аднаго майго старога маскоўскага сябра, назваў мне – ужо па маёй просьбе – некалькі прозвішчаў, з кім вяліся гутаркі, я ўразіўся. Упершыню цягам шмат гадоў дыяпазон быў настолькі шырокі, што ў яго змясціліся і прыхільнікі паглынання Беларусі, і катэгарычныя праціўнікі гэткага працэсу аж да ўваходжання Беларусі ў склад NATO і Еўразвязу. Як пісаў адзін з савецкіх лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, «Всерьез собрались Рваные щупать советскую власть».

У Берасце Мядзведзеў заявіў: Расея гатовая і далей прасоўвацца шляхам будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Медыі словы расейскага прэм’ера інтэрпрэтавалі як «ультыматум Масквы». Фота Alexander Astafyev

З таго, што мне распавёў маладзён, вынікала: пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Расеі, даведка ляжа на стол спачатку прадстаўніку канкрэтнай «вежы», потым – «першай асобе». Потым зацвердзяць рэкамендацыі. А якая ўжо з магчымых лініяў пераважыць, вырашаць не аўтарам даведкі. І – так, суразмоўцам ніхто выніковы тэкст паказваць не збіраўся. Ні вашаму пакорліваму слузе, ні прыхільнікам паглынання.

Вярнуўшыся ў Менск, я дазваніўся да аднаго з нешматлікіх вядомых мне асобаў, з кім, падавалася, можна было размаўляць. Усё бо было зразумела. Зацвердзіць – пасля Крыму – маглі толькі адзін сцэнар, з той ці іншай верагоднасцю жорсткасці. Вядома, па тэлефоне я не сказаў пра прычыну сустрэчы, пра якую прасіў. Мне паабяцалі перазваніць – і не перазванілі. Верагодна, палічылі: паколькі ён патэлефанаваў, то мы яму патрэбныя, а не ён нам.

Дэбілы, б… дзь.

Хоць быў зразумелы і тэрмін пачатку рэалізацыі магчымых рэкамендацыяў. Палітыка, нават двухбаковая, – справа сезонная. Вось прыйдзе пара беларусам, што засталіся без вежы, прасіць грошай на пракорм, – тады, маўляў, і пагаворым.

Тады, у кастрычніку 2017-га, да пачатку «здымкаў» заставаўся прыкладна год. Яго можна было выкарыстаць з рознай ступенню эфектыўнасці. Афіцыйны Менск не выкарыстаў. Застаецца спадзявацца на тое, што нашаму Сямёну Сямёнавічу Гарбункову, як і казачнаму Івану-дурню, пашанцуе. У рэшце, як сказаў у свой час мне мой прыяцель, польскі журналіст Вацлаў Радзівіновіч:

– За вашага «бацьку» чэрці моляцца.

Але малебны чарцей – справа такая. Сёння моляцца за цябе, заўтра – супраць. Сцэнар нашага трагіфарсу быў напісаны ў 1999 годзе. Вось, цяпер пачаліся здымкі. І адразу быў абвешчаны перапынак на абед. Колькі ён працягнецца – год? Да выбараў у Беларусі?

Грошай, роўным расейскім «нафтавым», нам ніхто не дасць. А выгуляць без іх, на голым энтузіязме сілавікоў і ўрадоўцаў, цяжка. І на барацьбе з карупцыяй ужо не пераможаш.

Сумна жыць на гэтым свеце, панове. Запасайцеся папкорнам… Сцэнар, падобна, зацверджаны..

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў