Стаў вядомы прысуд Андрэю Стрыжаку – экс-кіраўніку сістэмы аховы здароўя Гарадзеншчыны


Суд Цэнтральнага раёну Менску 15 лютага пакараў былога начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака 7, 5 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынства.

Стрыжака прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару неаднаразова ў буйным памеры). Паводле абвінавачвання, топ-чыноўнік браў хабары цягам чатырох гадоў – з 2014 па 2018. Падчас суду гаворка ішла пра шэраг карупцыйных эпізодаў, агульная сума хабараў у межах якіх дасягала больш за $ 37 тыс. Пракурор Максім Чупрыс прасіў суд пакараць Стрыжака 7,5 гадамі пазбаўлення волі.

Hавiны
«Усе ўсё разумелі». У судзе над топ-чыноўнікам распавялі пра сістэму «адкатаў» у сферы аховы здароўя
2019.01.10 15:09
  • Суд над Стрыжаком – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў».
  • У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.
  • Акрамя Стрыжака, сярод арыштаваных – дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце.
  • 8 лютага Менскі гарадскі суд пакараў за карупцыйныя злачынствы былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага шасцю гадамі пазбаўлення волі, а былога галоўнага доктара 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка – пяццю.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў