Паплечнікі Статкевіча падалі дакументы ў ЦВК


Старшыня «Народнай Грамады» Мікола Статкевіч 14 траўня а 18-й гадзіне прыйшоў да будынку ЦВК разам са сваймі паплечнікамі, а таксама паплечнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага, каб падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп «кандыдатаў пратэсту».

На плошчы Незалежнасці сабраліся каля сотні чалавек, некаторыя прыехалі з іншых гарадоў. Большасць прысутных – у масках.

Мікола Статкевіч заявіў журналістам, што ён з паплечнікамі збіраецца праводзіць сваю перадвыбарчую кампанію ў 20 гарадах Беларусі.

Фота: Ірына Арахоўская/Белсат

«Мы будзем ставіць інфармацыйныя пікеты ў цэнтры гарадоў, а па нядзелях а 12-й гадзіне на гэтых пікетах будуць збірацца людзі, каб выказаць усё, што думаюць пра сітуацыю ў краіне», – сказаў ён.

Такі план на наступны месяц, пакуль цягнецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Паводле Статкевіча, галоўная мэта – сабраць людзей на вуліцах, каб выказаць свой пратэст супраць дзейнай улады.

Сам Статкевіч таксама падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, аднак падкрэсліў, што не мае намеру збіраць подпісы, а выкарыстае выбарчую кампанію для легальных вулічных сходаў.

Пераважная большасць прысутных сёння ля ЦВК заяўляюць, што «хочуць перамен» і сыходу Лукашэнкі ў адстаўку.

Удзельніца акцыі ля ЦВК. Фота Ірына Арахоўская/Белсат

Сярод удзельнікаў сённяшняй акцыі – чалавек, які сцвярджае, што ён былы міліцыянт і быў незаконна звольнены з праваахоўных органаў і пазбаўлены жылля. Мужчына назваўся Юрыем Белым, старэйшым лейтэнантам Ленінскага РАУС. Ён выказаў падтрымку Сяргею Ціханоўскаму і запатрабаваў яго вызвалення.

Паводле Статкевіча, ужо 25 кандыдатаў пратэсту падалі дакументы ў ЦВК, але ён прагназуе, што большасць можа сутыкнуцца з нерэгістрацыяй пад рознымі нагодамі.

Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат
Фота: Ірына Арахоўская/Белсат

Прыкладна праз гадзіну людзі пачалі разыходзіцца. Інцыдэнтаў і затрыманняў не было. Міліцыя ў цывільным вяла аператыўную здымку.

***

За апошнія тры дні паплечнікі Статкевіча масава падавалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп. Па стане на вечар 14 траўня ўсяго зарэгістраваныя больш за 30 асобаў. 15 траўня – апошні тэрмін падачы дакументаў.

Раней Статкевіч абвяшчаў, што збіраецца высунуць 30 кандыдатур на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах. На гэтым тыдні тры чалавекі з ягонай каманды ўжо занеслі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю сваіх групаў. Сёння а 18:00 гэта збіраліся зрабіць астатнія.

Акрамя таго, Статкевіч вырашыў аб’яднаць намаганні з Сяргеем Ціханоўскім. Блогер цяпер знаходзіцца ў ізалятары, але да ЦВК прыйдуць ягоныя прыхільнікі.

«Белсат» вядзе жывую трансляцыю на YouTube і ў сацыяльных сетках. Далучайцеся да прагляду!

Hавiны
30 кандыдатаў на прэзідэнцтва і масавыя пратэсты: Статкевіч агучыў план на выбарчую кампанію
2020.02.16 16:51

КА belsat.eu

Стужка навінаў