Стары конь баразны не псуе. Рэцэнзія на «Мідўэй»

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Ролянд Эмэрых стварыў грандыёзную панараму баёў у Ціхім акіяне ў часе Другой сусветнай. Што такое Мідўэй? Гэта бітва 1942 года паміж японцамі і амерыканцамі ля аднайменнай выспы, якая змяніла расклады ў Ціхім акіяне. Амерыканцы ўтаймавалі агрэсію Японскай імперыі.

Кадр з фільму. Фота: Lionsgate

Ролянд Эмэрых – нямецкі рэжысёр са Штутгарта, якому пашанцавала ў Галівудзе. Ён праславіўся эпічнымі фантастычнымі пастаноўкамі ад «Зорнай брамы», дзе героі падарожнічалі па сусвеце, да канца свету «2012» або прыбыцця іншапланетнікаў на Зямлю ў «Дні незалежнасці».

Рэжысёр Ролянд Эмэрых. Фота: Rex Shatterstock

Ён заўсёды захапляўся стварэннем панарамных планаў, ад якіх захоплівала дух. Ролянд пакідаў героям сваіх фільмаў маленькія нішы, дзе акторы не паказвалі свае здольнасці ва ўвесь размах, а сціпла працавалі на стварэнне эпічнага палатна. Эмэрых быў ідэальнай фігурай, каб прывабна і праўдападобна стварыць нібы святочную паштоўку і ўшанаваць памяць як амерыканскіх, так і японскіх ветэранаў.

Адмоўная рэцэнзія

Усім прапагандыстам «рускага свету» гэты фільм як костка папярок горла. Эмэрыху ўдалося паказаць грандыёзную карціну ваенных боек. У паветры і на моры. З моманту нападу японцаў на Пэрл-Гарбар да, уласна, Мідўэя. Ролянд не малюе адзін з бакоў недаразвітымі дурнямі, а іншы – геніямі ды героямі. Ні адзін расейскі фільм дагэтуль не прапаноўваў нічога падобнага. Ні ў плане карцінкі, ні ў плане павагі да ўсіх удзельнікаў баёў. І ці здольны – гэта вялікае пытанне. Выпадковы глядач нават можа падумаць, што лёс Другой Сусветнай быў вырашаны менавіта ў Ціхім акіяне, а не на Курскай дузе.

Нік Джонас у фільме. Фота: Lionsgate

Згадаю шарэнгі падобных фільмаў. «Ратаванне жаўнера Раяна» – яно глыбей, там відовішча ўдала спалучаецца з гісторыяй аднаго чалавека. «Дзюнкерк» мне спадабаўся менш – там асабістыя гісторыі салдат дамінуюць і шкодзяць шыраце агляду. «Пэрл-Гарбар»? Я чамусьці сумаваў. Там Майкл Бэй не мог вызначыцца, што ён здымае. Відовішча? Або гісторыю сяброў? Так, ёсць дзясяткі выдатных ваенных фільмаў 60-70-ых, але яны фізічна не маглі прапанаваць ніякіх падобных панарам. Якія б падкрэслівалі размах падзеі і спалучалі гэта з крутасцю камп’ютарнай цацкі.

Бойка ў фільме. Фота: Lionsgate

З іншага боку, аматары енчыць лёгка абвінавацяць «Мідўэй» у залішнім пафасе (а ён цалкам сабе ўмераны), у распальванні амерыканскага патрыятызму (а як без яго? Любы патрыятызм у кіно распаліць надзвычай складана, ды так, каб не стала агідна), у «плоскай плакатнасці» (на самай справе гэта відовішчнасць).

На прэм’еры. Фота: Getty Images

Станоўчая рэцэнзія

Яна выцякае з адмоўнай. Гэта – фільм ілюстрацыя. З шыкоўнымі даляглядамі і карцінкай. Не горш, чым у кампʼютарных цацках. І нават з героем, які выклікае спачуванне. Рэальны ветэран Дзік Бэст (прыстойная праца актора Эда Скрэйна) з шэрагам знакамітых удзельнікаў – ад Ўудзі Хэрэлсана і Люка Эванса да Аарона Экхарта і Ніка Джонаса. Кожны з іх не робіць надворʼя ў асобнасці, але разам яны сінхранізаваныя і забяспечваюць перамогу. Як у баі. Пры гэтым «Мідўэй» ня захлынаецца ў геройстве персанажаў. Большасці не шанцуе, яны мруць нібы мухі. Тэхніка не дасканалая, яна не заўсёды ратуе. Салодкіх паваротаў сюжэту не прыдумана. Калі цела згарэла, то вось яно, вугаль. Сямейны і меладраматычны складнік роўна на сваім месцы. Учора было каханне, а сёння – пахаванне.

Кадр з фільму. Фота: Lionsgate

Прысуд

Гэта рэдкі выпадак сапраўднага мужчынскага кіно, якое, магчыма, занадта маляўнічае, каб назваць яго жудасным. Гэта рэдкі выпадак, калі паняцце патрыятызм выклікае павагу, а не сорам. Гэта ўзор для прапагандыстаў, як варта здымаць фільмы на ваенныя тэмы, каб яны ўражвалі мэтавую аўдыторыю. Грунтоўна, годна, прыгожа. Мая ацэнка 7 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў