Старшыню Карэліцкага райвыканкаму злавілі п'яным за стырном?


У мінулую суботу працаўнікі ДАІ затрымалі за стырном аўта ў нецвярозым стане Віктара Шайбака – старшыню Карэліцкага райвыканкаму. Інфармацыю пра гэта падае «Блог Гродно», а таксама пацвярджаюць некалькі не звязаных паміж сабою крыніцаў «Белсату».

Як падае «Блог Гродно», Віктар Шайбак ужо пакінуў сваю пасаду. Крыніцы «Белсату» цвердзяць, што пасля затрымання медычная экспертыза паказала ступень апʼянення 1,6 праміле.

Начальнік Карэліцкага РАУС, палкоўнік міліцыі Аляксей Гаўрош, крайні злева. Старшыня Карэліцкага райвыканкаму Віктар Шайбак, крайні справа. Фота polymia.by

Цягам двух содняў карэспандэнты «Белсату» не змаглі знайсці на працоўным месцы Віктара Шайбака. Учора ў прыймальні сцвярджалі, што ён «на раёне» (то бок абʼязджае мясцовыя гаспадаркі), а сёння – што яго проста няма на месцы. Прычыны адсутнасці чыноўніка ў прыймальні райвыканкаму тлумачыць адмовіліся. Таксама адмовіліся каментаваць інфармацыю наконт затрымання Шайбака працаўнікамі ДАІ.

Увечары 22 лістапада звесткі Шайбака зніклі з сайту Карэліцкага райвыканкаму.

Віктару Шайбаку 54 гады. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і Акадэмію пры прэзідэнту. У пачатку 2000-х узначаліў «Карэліцкую сельгастэхніку», потым заняў пасаду намесніка старшыні райвыканкаму. Апошнія 12 гадоў узначальвае Карэліцкі раёны выканаўчы камітэт.

  • Сёлета ў жніўні тэлеграм-канал «NEXTA» паведаміў, што старшыню Слонімскага раённага выканаўчага камітэту Генадзя Хоміча і ягоную жонку затрымлівалі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, а сам чыноўнік цяпер можа страціць сваю пасаду. Пасля гэтага Хоміч падаў у суд на Сцяпана Святлова, які вядзе тэлеграм-канал «NEXTA». Чыноўнік абвінаваціў блогера ў распаўсюдзе недакладных звестак і патрабаваў кампенсацыі «маральнай шкоды». Хоміч сцвярджаў, што ні ён, ні ягоная жонка ніколі не кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане. Ён таксама падаў пазовы супраць СМІ, якія перадрукавалі інфармацыю NEXTA: «Беларускі партызан», парталы 21.by і bobruisk.ru (Вячэрні Бабруйск).
  • Суд Менскага раёну 12 лістапада прызнаў інфармацыю пра затрыманне Хоміча неадпаведнай рэчаіснасці і прыняў рашэнне спагнаць з блогера NEXTA 3 тысячы рублёў маральнай кампенсацыі.
Абноўлена
«Фактычна сваймі дзеяннямі NEXTA абразіў Рэспубліку Беларусь». Блогера пакаралі вялікім штрафам
2019.11.12 12:09

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў