Старшыня СК не выключае, што абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» будзе больш
2020.06.11 12:19
Сяргей Ціханоўскі. Фота: «Белсат»
Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч пракаментаваў расследаванне «справы Ціханоўскага», фігурантаў якой праваабаронцы прызналі палітвязнямі.
Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Наскевіч распавёў журналістам на падставе падзеяў на пікеце ў Горадні выстаўлена абвінавачванне 10 асобам (раней СК паведамляў толькі пра 9 абвінавачаных).
«Колькі чалавек у канчатковым выніку будзе прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, я пакуль не скажу. Магчыма, іх будзе больш, магчыма, менш. Але расследаванне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе, фігуранты якой у тым ліку прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці ў сапраўдны момант, было каля паўсотні судзімых асобаў, больш за дзясятак неаднаразова судзімых. Як раз практычна ўсе з іх і з’яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы», – цытуе кіраўніка СК БелТА.
Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў.
9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе 9 чалавек знаходзяцца пад вартаю.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі сем фігурантаў «справы Ціханоўскага», якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342. У сумеснай заяве ад 9 чэрвеня беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава і Уладзіміра Навуміка.
Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць увесці новыя санкцыі.